Адкрыццё фотавыставы “Першапачатак” пройдзе ў Варшаве

Праект “Беларускі фальклор” (актуальная назва – “Першапачатак”) стартаваў год таму і прадугледжваў стварэнне візуальнай прэзентацыі сучасных беларускіх літаратараў у выглядзе папулярных персанажаў беларускіх народных міфаў, казак і легенд на фоне традыцыйных айчынных краявідаў. Адначасова праект быў скіраваны на адраджэнне цікавасці грамадства да скарбаў вуснай народной творчасці і нацыянальнай літаратуры, да культуры чытання, беларускай мовы, сакральных традыцый продкаў і спрадвечных каштоўнасцяў, а таксама прымеркаваны да юбілею найстарэйшай творчай арганізацыі Беларусі – Саюза беларускіх пісьменнікаў (80-годдзе).

Усяго ў праекце ўзялі ўдзел 14 сучасных беларускамоўных літаратараў, сярод якіх такія вядомыя мэтры літаратуры, як Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, Уладзімер Арлоў, Леанід Дранько-Майсюк і іншыя, не менш цікавыя і таленавітыя асобы. Дзякуючы творчай фантазіі арганізатараў праекта, нашы пісьменнікі, дзейнасць якіх у той ці іншай ступені спалучаецца з фальклорнай спадчынай, ператварыліся ў наступных персанажаў славянскай міфалогіі: Бай, Дамавік, Лесавік, Зюзя, Жыжаль, Жыцень, Лазнік, Русалка, Лёля, Бордзя, Цёця, Вадзянік, Зюзя, чэрці.

Шчыра запрашаем на выставу і келіх віна.

Выканаўцы:

Ініцыятар і каардынатар праекта – Ірына Хадарэнка. Фотамастак – Валерый Дубоўскі. Стыліст-візажыст – Алёна Раманава. Дызайнер – Ксенія Гуніна. Тэхнічная падтрымка – Павел Надольскі.

Арганізацыйная і інфармацыйная падтрымка – Саюз беларускіх пісьменнікаў і грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі”.

Якія менавіта вобразы ўвасобілі беларускія пісьменнікі і наколькі ўдала гэта атрымалася, можна будзе даведацца, азнаёміўшыся з экспазіцыяй фотавыставы пад назвай “Першапачатак”.

Пры падтрымцы кампаніі "Разам для Беларусі" і "Беларускага дома ў Варшаве".

  

belhouse.org