Адкрыццё кнігарні "Галіяфы" — 14 сакавіка

"Мы будзем рабіць жыццё вакол беларускай кнігі ярчэй і цікавей. Наша мэта – далей пашыраць кола чытачоў беларускамоўнай літаратуры. Мы не проста будзем распаўсюджваць беларускую літататуру, мы будзем дапамагаць у ёй арыентавацца і, безумоўна, працягваць яе выдаваць", – абяцаюць заснавальнікі кнігарні.

 
У сэрцы кнігарні “Галіяфы” – сучасная беларускамоўная проза і паэзія. Тут заўсёды можна будзе набыць па разумных коштах доўгачаканыя беларускія літаратурныя навінкі, а таксама прыгожыя дзіцячыя кнігі, актуальныя беларускія часопісы, гістарычную літаратуру і іншыя ўлюбёныя стравы кніжнага чалавека. Кошты на кнігі выдавецтва “Галіяфы”, а часам і на кнігі іншых выдавецтваў, тут будуць ніжэйшыя, чым па горадзе.

 
Падчас свайго адкрыцця кнігарня “Галіяфы” прэзентуе новыя кнігі Адама ГЛОБУСА “Партрэты” і Юрыя СТАНКЕВІЧА “Брамнік заўжды самотны”. У імпрэзе таксама возьмуць удзел Альгерд БАХАРЭВІЧ, Зміцер ВІШНЁЎ, Вольга ГАПЕЕВА, Зміцер ПЛЯН, Аляксей ХАРУЖКА і іншыя літаратары, а пачнецца ўсё правакацыйным перформансам “Тэатра псіхічнае неўраўнаважнасці” (Ілля СІН, Павал ВАЙНІЦКІ, Яўген РАГОЗІН). Музыка ад Уладзіслава БУБНА – аднаго з першых электронных прадзюсераў Беларусі. Уваход вольны. 

Усім чытачам, якія завітаюць на адкрыццё, у падарунак:
- Ад кнігарні - зніжкавая карта; 
- Ад грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” - адметныя падарункі. 

І гэта толькі пачатак цэлага шэрагу падзей, пляцоўкай для якіх стане кнігарня «Галіяфы» як платформа са значнымі магчымасцямі для прасоўвання не толькі літаратурных твораў і іх аўтараў, але і важных культурніцкіх праектаў і грамадскіх ініцыятываў.

 
Пачынаючы з 15 сакавіка, кнігарня “Галіяфы” працуе штодзённа з 10:00 да 22:00, без выходных.

Адрас: Мінск, вул. Валгаградская, 6 (дзве хвіліны ад метро “Маскоўская”).
+375 (29) 678 68 06
galiafy13@gmail.com

www.galiafy.by