Адкрыццё кнігарні «Галіяфы»: Жукі абудзіліся вясной
Месца для новай крамы беларускіх кніг абранае ўдала – зусім побач метро і праспект Незалежнасці, пры гэтым будынак знаходзіцца не ля самай дарогі, а троху ўтоплены ў невялікі скверык, дзе ў цёплае надвор’е з ганку можна таксама спяваць і чытаць вершы.
Дырэктар «Галіяфаў» Зміцер Вішнёў кажа, што месца для кнігарні не маглі знайсці цэлы год, пакуль аднойчы яму не патэлефанаваў музыка Улад Бубен з навіной, што на вуліцы Валгаградскай здаюцца ў арэнду памяшканні электрамеханічнага завода.
«У нас тут побач цудоўны Ленін, і мы, магчыма, будзем маляваць яго на нашых буклетах, каб патлумачыць нашае распалажэнне”, — гаворыць Вішнёў. – Увогуле думаю, мы тут застанемся надоўга, бо ўклалі шмат сіл, рабілі рамонт, стваралі ўсё практычна з нуля”. Апроч памяшкання кнігарні з вокнамі на ўсю сцяну, выдавецтва мае таксама офісныя пакоі і вялікі склад.
Вядома ж, новую кнігарню будуць увесь час параўноўваць з кнігарняй выдавецтва “логвінаЎ”, якая дагэтуль заставалася галоўнай пляцоўкай для літаратараў. У чым будзе іх адрозненне?
«Я не стаў бы параўноўваць наш праект з нейкай іншай кнігарняй, – пярэчыць гаспадар «Галіяфаў». – Мне здаецца, мы адметныя ўжо як выдавецтва, таму паралель трэба праводзіць не з канкрэтнай кнігарняй, а з культурным асяродкам».
З новаўвядзенняў пісьменнік і мастак Вішнёў называе ўвагу да выяўленчага мастацтва: над стэлажамі ў кнігарні ўжо вісяць карціны, якія будуць прадавацца. Часам экспазіцыю галерэі будуць здымаць на некалькі дзён, каб ладзіць персанальныя выставы мастакоў з прэзентацыяй каталогаў, якія плануецца выдаваць у мастацкай серыі «Галіяфаў».
Магчыма, праз аддаленасць ад цэнтру ды адсутнасць побач кавярні публіка “Галіяфаў” будзе адрознівацца ад багемных наведнікаў кнігарні “логвінаЎ”. На адкрыцці было шмат незнаёмых і зусім маладых твараў, збольшага студэнты, якія бралі аўтографы ў Адама Глобуса і абступалі Альгерда Бахарэвіча, прызнаючыся яму ў прыхільнасці.
Сярод натоўпу мы заўважылі Кацярыну Пікірэню, дырэктарку кнігарні “логвінаЎ”, і распыталі яе, што яна думае пра поспех канкурэнтаў:
«Дужа ўражаная, па шчырасці. Па-першае колькасцю людзей, па-другое, мне вельмі спадабалася месца. Я баялася, што тэндэнцыя будзе працягвацца: мы троху ў дварах знаходзімся, з’ явілася таксама культурніцкая прастора “ЦЭХ”, да якой не ўсе могуць дайсці з першага разу, і вось кнігарня “Галіяфы” адчыняецца ў такім зручным месцы, зусім побач з праспектам”, – кажа Кацярына. Яна дадае, што новая кнігарня – безумоўна, канкурэнт, бо кнігі яны з Логвінавым будуць прадаваць прыкладна аднолькавыя. У той жа час адной такой кнігарні на ўвесь горад было яўна мала. “Мы абмяняліся кнігамі і будзем супрацоўнічаць. Нашая кнігарня і раней прадавала выданні “Галіяфаў”, а цяпер і яны будуць прадаваць кнігі выдавецтва “логвінаЎ”, – міралюбіва кажа Кацярына Пікірэня.
Пакуль асартымент крамы, куды першыя наведнікі змаглі трапіць невялікімі купкамі, адстаяўшы чаргу, не вельмі багаты і складаецца ў асноўным з “галіяфаўскіх” выданняў. Але ў хуткім часе паліцы плануюць папоўніць, у тым ліку і дзіцячай літаратурай, а таксама кнігамі выдавецтва «Русский Гулливер», з якім “Галіяфы” сябруюць. Нацэнка будзе, бо выдавецтва мусіць плаціць арэнду, але кошты на свае выданні абяцаюць самыя нізкія ў горадзе. Для прыкладу, новая кніга Юрыя Станкевіча “Брамнік заўжды самотны” каштуе тут 60 тысяч.
Падчас адкрыцця, якое атрымалася ціхім, бо яго паглынуў натоўп, на ганку выступіў Адам Глобус, які паабяцаў быць частым госцем кнігарні, а Альгерд Бахарэвіч распавёў, што ў хуткім часе «Галіяфы» перавыдадуць ягоны раман «Шабаны». Група Экзарцыстычны Gesamtkunstwerk паказала невялікі перформанс, падчас якога Ілля Сін сядзеў у кнігарні, апрануўшы вялізную галаву-шар, склеены з газет. На «галаву» праецыраваліся выступ тэлевядучага Аверкава і кадры, дзе жук каціць перад сабой шарык. Пасля Сін вываліўся з кнігарні, уваход у якую быў забарыкадаваны сцяной са старых кніг, а іншы ўдзельнік перформанса ў цельніку падхапіў яго на рукі і выкінуў у вялікую сметніцу. Там ён і застаўся ляжаць, на радасць дзецям, якія тут жа пачалі таксама забірацца ў сметніцу і стукаць кулачкамі ў папяровую галаву. Магчыма, перформанс можна разумець, як канстатацыю засмечвання галоваў дробнай і мітуслівай штодзённай інфармацыяй замест чытання літаратуры. Зрэшты ён меў і практычнае значэнне, бо бібліяфілы тут жа накінуліся на разбураную сцену, выкопваючы з-пад завалаў патрапаныя кнігі з 60-х гадоў.
Кнігарня «Галіяфы» надалей плануе ладзіць у сваіх новых сценах прэзентацыі і чытанні, каб ствараць вакол сябе пэўны асяродак і сваё літаратурнае жыццё.
Аляксандра Дорская
Фота: Аляксандр Ждановіч