“Адлюстраванне, адчуванне, адкрыццё” — У Мінску прэзентаваная кніга паэзіі Валерыя Дубоўскага

“На пачатку маўчання” — першая кніга вершаў Валерыя, якога ведаюць як выдаўца, журналіста, фотамастака. Спадар Дубоўскі прызнаўся, што першыя паэтычныя спробы ў яго былі яшчэ ў школьным узросце. Зноў да творчасці ён звярнуўся зусім нядаўна дзякуючы старэйшаму сябру, народнаму паэту Рыгору Барадуліну, які “падштурхнуў” Валерыя да напісання вершаў.

Валерый Дубоўскі (злева) і Міхась Скобла

Дарэчы, менавіта Рыгор Барадулін стаў аўтарам прадмовы да кнігі “На пачатку маўчання”. Даволі лаканічнай — усяго з пяці сказаў, але вельмі ёмкай, як адзначыў вядучы вечара Міхась Скобла.

Валянціна Барадуліна і Ала Дубоўская 

Рыгор Іванавіч не змог прысутнічаць на прэзентацыі, але вечар наведала Валянціна Міхайлаўна Барадуліна. Жонка паэта прачытала верш, напісаны дзядзькам Рыгорам адмыслова да прэзентацыі і прысвечаны Валерыю Дубоўскаму.

Алена Сідарава

Ала Проліч

Імпрэза адкрылася выступам акцёркі Купалаўскага тэатра Алены Сідаравай, якая прачытала вершы Валерыя, адзначыўшы, што многія з іх паяднаныя агульнай драматургіяй. Не менш пранікнёным было выступленне акцёркі Тэатра-студыі кінаакцёра Алы Проліч

— Валеры Дубоўскі вярнуў нам уяўленне пра тое, як павінны выдавацца кнігі беларускай паэзіі, — сказаў Міхась Скобла і запрасіў выступіць паэтку Аксану Спрынчан.

Аксана Спрынчан 

Аксана пазнаёмілася са спадаром Валерыем падчас падрыхтоўкі календара “Беларускі фальклор”. Гэты ўнікальны фотамастацкі міфалагічны праект прымеркаваны да 80-годдзя Саюза беларускіх пісьменнікаў, што будзе адзначацца ў наступным годзе. 14 літаратараў, сярод якіх Уладзімір Арлоў, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Леанід Дранько-Майсюк, Віктар Жыбуль, Сяржук Сыс выступілі ў вобразах персанажаў беларускай міфалогіі. Аксана Спрынчан стала Бордзяй — ахоўніцай шчасця і дабрабыту ў маладых, якія толькі пабраліся шлюбам.

Здымкі календара вяліся ў розных кутках Беларусі, часта на прыродзе, у экстрэмальных умовах, успамінае Аксана Спрынчан, і Валерый Дубоўскі як фотамастак зрабіў усё магчымае для рэалізацыі гэтага праекта.

Уладзімір Арлоў і Валерый Дубоўскі

Рэдактарам кнігі “На пачатку маўчання” стаў Уладзімір Арлоў, які згадаў 1989—1993 гады, калі Валерый працаваў дырэктарам выдавецтва “Беларусь”, а Уладзімір па суседстве — у “Мастацкай літаратуры”. У той час пабачылі свет кнігі забароненых за савецкім часам аўтараў,  і ў “Беларусі” выдалі, напрыклад, Біблію.

Дарэчы, кожнаму з выступоўцаў Валерый дарыў выданне “Катэхізіса” Сымона Буднага.

Пятро Садоўскі

Пётра Садоўскі па-свойму пераасэнсаваў метафары з вершаў Валерыя, і на іх аснове стварыў пародыю “Не, я не маўчу”.

Злева направа: Валянціна Барадуліна, Ала Дубоўская, Алена Сідарава, Антаніна Хатэнка, Валянціна Лузіна

Пра супрацоўніцтва з Валерыем Дубоўскім у выдавецкай сферы распавяла ганаровы грамадзянін Ашмяншчыны Валянціна Лузіна. Супольныя рэгіянальныя праекты, прысвечаныя захаванню гісторыка-культурнай спадчыны, сталіся магчымымі дзякуючы выдавецтву “Юніпак”, дырэктарам якога з’яўляецца Валерый.

Барыс Пятровіч

Кніга “На пачатку маўчання” — 44-ая ў серыі “Кнігарня пісьменніка”.

— Нашае знаёмства пачалося зусім не з паэзіі, — расказаў празаік, галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў”, Старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч. — Упершыню я дазнаўся пра Валерыя як пра выдаўца і фотамайстра. 1990-я гады сталіся выпрабаваннем для тых, хто мог выказаць прынцыповую пазіцыю, і Валерый як дырэктар “Беларусі” не баяўся быць грамадзянінам. Каляндар “Беларускі фальклор” стаў плёнам сур’ёзнай мастакоўскай і арганізатарскай працы. Дзесьці год таму высветлілася, што Валерый Дубоўскі піша вершы, і мы прапанавалі аўтару выдаць кнігу. Так закончылася маўчанне і пачалося жыццё паэта ў літаратуры.

Алесь Пашкевіч

Першы намеснік Старшыні СБП Алесь Пашкевіч адзначыў:

— Адлюстраванне, адчуванне, адкрыццё — тры асновапалеглых паняцця, якімі варта замест звыклай тэматычнай класіфікацыі апісваць вершы спадара Дубоўскага. Гэта тры філасофскія прыступкі, па якіх аўтар узнімаецца да сваёй кнігі. І канцэптуальна настаўнікамі Валерыя можна назваць Рыгора Барадуліна і Алеся Разанава.

Прэзентацыя завяршылася аўтограф-сесіяй аўтара.

 

Тэкст: ВТ

Фота: Алена Казлова

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"