“Адна капейка” на Літаратурным радыё

Сляза

Сляза на Валодзькавым воку.

Пакуль яна дабегла да сярэдзіны шчакі, то зрабілася чорнай, як семка ў спелым яблыку.

А за паўгадзіны да слязы…

Неба чыстае, бясхмарнае — чэрвеньскае. Вецер упарты і гарачы, нябачны.

І раптам зрабілася цёмна-цёмна. Заскавыталі сабакі, зазвінелі разбітыя шыбкі, па Кастрычніцкай з грукатам і ляскатам ляцеў і падскокваў пакарабачаны вялізны ліст іржавай бляхі. Жалезіна захрасла ў кустах побач са школай. Вада ў возеры ззяла, як расплаўлены свінец. Ляцелі прасціны, навалкі, кашулі матлялі рукавамі, саскоквалі з балконаў і куляліся ў паветры. Суседка крычала і спрабавала хапаць бялізну, а маеткі і рушнікі разляталіся. І не глядзела жанчына на тое, што яе спадніца надзьмулася і вось-вось вецер падхопіць і яе, беланогую. Падкіне і панясе над гарадком разам з мужавай кашуляй…

А калі раптам стала ціха, то пасыпаўся карычневы пыл. І змянілася ўсё вакол непазнавальна. Не так, як снег змяняе, а па-іншаму. Снег не прыціскае душу да зямлі. А карычневы, у пыл расцярушаны торф, выклікаў немату і тужлівасць.

Іншыя тэксты з кнігі “Адна капейка” ў выкананні аўтара на Літрадыё:

Адна капейка
Будзільнік
Віцька Козыр
Дзевяць-дзесяць
Другое неба
Інтэрнат
Кашуля
На фантане
На Школьнай
Смех
Страла
Ціхая вуліца
Цукерка

Уладзімір Сцяпан

Празаік, паэт, кінасцэнарыст, мастак. Нарадзіўся ў пасёлку Касцюкоўка Гомельскай вобласці. У 1977 годзе скончыў Мінскую мастацкую вучэльню, а ў 1983 Беларускі тэатральна-мастацкі універсітэт па спецыяльнасці “жывапісец”. Працаваў мастаком-афарміцелем, з 1987 па 2003 год – у творчым аб'яднанні "Тэлефільм" Беларускага тэлебачання.

Уладзімір Сцяпан піша прозу, абразкі, грэгерыі і хайку. З’яўляецца адным з аўтараў зборнікаў «Жнівеньскі праспект» (1988), «Тутэйшыя» (1989). Выпусціў кнігі прозы «Вежа», «Сам-насам» (абедзьве 1990). У 2012 выйшла кніга прозы «Адна капейка». У 2008 годзе ў часопісе “Маладосць” друкаваўся прыгодніцкі раман У. Сцяпана ў суаўтарстве з Максімам Клімковічам “Цень анёла”. Сябра СП з 1991 года.

На сёння на сайце Беларускага літаратурнага радыё размешчаныя творы ў аўдыёзапісах больш як пяцідзесяці паэтаў, празаікаў і перакладчыкаў.

Паводле прэс-рэліза 

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"