Адукацыйны праект "Карані і вершаліны" стартаваў 2 красавіка

Адукацыйны праект «Карані і вершаліны» дае магчымасць маладым людзям (узростам ад 18 да 31) бясплатна вывучыць французскую, англійскую альбо нямецкую мовы. Неабходныя патрабаванні: валоданне замежнай мовай не ніжэй пачатковага узроўню А2 (разумець простыя і часта ўжывальныя выразы, быць здольным распавесці крыху пра сябе), актыўны ўдзел у грамадскім жыцці краіны, а таксама надзвычайная цікаўнасць да Еўрапейскага Саюза.

Прыём заявак на курсы стартаваў 2 красавіка і завершыцца 15 красавіка. Заняткі пачнуцца ўжо ў ліпені і працягнуцца да верасня 2013 (для нямецкай і французскай моў) і да ліпеня 2014 (для англійскай мовы).

«Сёння ўсе скардзяцца на недахоп часу, але гэтыя 11 тыдняў вартыя таго. Калі б я ў свой час ахвяраў 11 тыдняў свайго жыцця на вывучэнне рускай мовы, сёння я размаўляў бы без перакладчыка», — разважаў на прэзентацыі дырэктар Інстытута імя Гётэ ў Мінску і галоўны натхняльнік праекта Франк Баўман.

Заняткі інтенсіўных курсаў будуць адбывацца 5 разоў на тыдзень па 8 гадзін, дадаткова ў наведвальнікаў курсаў будзе магчымасць атрымаць бясплатную кансультацыю ад выкладчыка індывідуальна. Па заканчэнні курса наведвальнікі мусяць падвысіць валоданне замежнай мовай на два ўзроўні. Таксама заняткі прадугледжваюць дыскусіі на актуальныя тэмы Еўрапейскага Саюза. 

Праграма праекта

Нямецкая мова

  • 24 чэрвеня - 19 ліпеня 2013 г. — суперінтэнсіўныя моўныя курсы ў Інстытуце імя Гётэ ў Менску. Выкладчыкі — супрацоўнікі Інстытута імя Гётэ ў Менску.
  • 4 - 31 жніўня 2013 г. — суперінтэнсіўныя моўныя курсы ў Нямеччыне (Брэмен, Дрэздэн, Швэбіш-Халь). Выкладчыкі — носьбіты мовы, супрацоўнікі Інстытута імя Гётэ ў Нямеччыне. 
  • 31 жніўня - 6 верасня 2013 г. — культурная праграма ў Берліне.

Французская мова

  • 24 чэрвеня - 19 ліпеня 2013 г. — суперінтэнсіўныя моўныя курсы ў Інстытуце імя Гётэ ў Мінску. Выкладчыкі дасылаюцца ад Alliance française у Кішынёве.
  • 18 жніўня - 13 верасня 2013 г.— суперінтэнсіўныя моўныя курсы ў Францыі (Фрэжус). Выкладчыкі — носьбіты мовы.
  • 13 - 18 верасня 2013 г.— культурная праграма ў Страсбургу.

Англійская мова

  • 1 - 26 ліпеня 2013 г.— суперінтэнсіўныя моўныя курсы ў Кракаве. Выкладчыкі прадастаўляюцца польскім адзелам British Council
  • ліпень 2013 г. – ліпень 2014 г.— анлайн-курс англійскай мовы;
  • ліпень 2014 г. — супер-інтэнсіўныя моўныя курсы ў Польшчы (Кракаў/Варшава) і паездка 50 самых актыўных удзельнікаў у Кардзіф (Вялікабрытанія).

Анкеты і падрабязная інфармацыя на сайце Істытута імя Гётэ ў Мінску. 

Для французскай і нямецкай моў адбіраецца 45 маладых людзей з усёй Беларусі, курс цягнецца некалькі тыдняў (3 тыдні ў Мінску + 4 тыдні ў Нямеччыне/Францыі + тыдзень культурнай праграмы ў Берліне/Страсбургу), у 2014 паўторна прымаюцца заяўкі на ўдзел. Для англійскай мовы адбіраецца 120 чалавек, курс доўжыцца год (4 тыдня ў Кракаве, далей анлайн-навучанне). У лістападзе 2014 года адбудзецца заключная сустрэча ўсіх 300 удзельнікаў праекта «Карані і вершаліны» у Вільні.

Ініцыятарам праекту выступіў Інстытут імя Гётэ ў Мінску, а дэлегацыя ЕС у Беларусі актыўна падтрымала праект. Партнёрамі з’яўляюцца Alliance française у Малдове і British Council у Польшчы.

Дэдлайн падачы заявак — 15 красавіка

Generation.by