Адзіны ў свеце фільм пра Геніюш пакажуць у Гродне

Фільм «Няскораная» зняты тэлеканалам «Белсат» да 100-х угодкаў нараджэння вялікай беларускі. У прэм’ерным у нашым годзе паказе возьме ўдзел Міхась Скобла — адзін з аўтарам фільма, паэт, даследчык жыцця Ларысы Геніюш.

Фільм «Няскораная» пра тое, чаму краіна, якой таленавіты чалавек прысвяціў жыццё, дзеля якой тварыў і пакутаваў, сарамліва адсланяецца ад яго? Чаму Ларысе Геніюш не знайшлося месца ў нацыянальнай літаратуры?

Чаму ейны драматычны лёс дагэтуль не дачакаўся гістарычнага даследавання? Чаму сталася немагчымаю рэабілітацыя жанчыны, віна якой — усяго толькі адданая любоў да Айчыны? Чалавек у жорнах эпохі. Чалавек, якога Радзіма не ратавала нідзе і ніколі.

Фільм зняты з выкарыстаннем тэхнікі інсцэнізацыі: маладую Ларысу Геніюш у Зэльве і Празе грае акторка. Стужка багатая рэдкімі здымкамі і дакументамі, пры яе стварэнні выкарыстоўваліся ўнікальныя кадры кінахронікі, якія паказваюць Ларысу Геніюш, і аўдыёзапісы, на якіх паэтка чытае свае вершы.

У фільме розныя людзі дзеляцца ўспамінамі пра таленавітую суайчынніцу. Гэта і Уладзімір Арлоў, Аляксей Пяткевіч, Міхась Чарняўскі, Данута Бічэль, і землякі паэткі, ейны ўнук ды іншыя.

Пасля прагляду фільма адбудзецца прэзентацыя двухтомніка «Ларыса Геніюш», якія пабачылі свет сёлета, а таксама альманаха «Асоба і час».

У прэзентацыі возьмуць удзел вядомыя гарадзенскія творцы.

Пачатак паказу — серада, 24 лістапада, 18.30 па адрасе: Гродна, Будзённага 48а-69. Уваход вольны!

nn.by