Аксана Данільчык: Усе табу – у нашай галаве

Аксана Данільчык


Гутарка з паэткай

— Ганна Ахматава прасіла зваць сябе паэтам, слова "поэтесса" ёй не падабалася. А як ты аб сабе кажаш?

— Я так рэдка выступаю, што часцей за ўсё ніяк не называю сябе. Безумоўна, “паэтэса” гучыць больш пафасна, але ў беларускай мове ёсць яшчэ і слова “паэтка”. Думаю, што непрыйманне самога слова звязана з тым, што да жаночага звычайна ставяцца як да другаснага, і гэты пункт гледжання нярэдка падзяляюць і самі жанчыны. Можна спрачацца, але мяне, па вялікім рахунку, такая форма не раздражняе, тут хутчэй, пераважае лінгвістычны аспект, бо, напрыклад, не ўзнікае дыскусій наконт “перакладчык” і “перакладчыца”, бо тут форма жаночага роду ўжываецца вельмі шырока і не мае ніякай іншай канатацыі. Так што пачакаем.

— Ці існуе ў прынцыпе розніца паміж мужчынскай і жаночай паэзіяй, прозай? І у чым яна, калі ёсць?

— У прынцыпе розніцца датычыцца падыходаў і дэталяў, але сапраўдныя творцы маюць выразную індывідуальнасць, і таму ў іх творчасці гэтыя грані сціраюцца, яны як бы па-над полам. Традыцыйна з паняццем “жаночая паэзія і проза” менталітэт абывацеля часцей за ўсё звязвае творы на тэму кахання, прычым кахання з пасіўных пазіцый. Я думаю, што сучасная літаратура, прынамсі еўрапейская, якраз разбурае стэрэатыпы і характарызуецца змяшэннем тэмаў і падыходаў. 

— Твая паэзія — яна жаночая? І які твой верш — самы жаночы? А які самы мужчынскі?

— Мая паэзія, безумоўна, жаночая, месцамі нават вельмі, бо гераіня маіх твораў не проста жанчына, а жанчына канкрэтнага часу і канкрэтнага этнасу, якая на працягу гэтага часу яшчэ і мяняецца. Яна вырашае агульначалавечыя пытанні, у першую чаргу, для сябе і са сваёй пазіцыі. Мой самы “жаночы” верш, напэўна, I am, а самы “мужчынскі” – “Мой генерал...”. 

— А ёсць у жаночай паэзіі, прозы такія тэмы, на якія жанчыны пішуць, а мужчыны — не? І наадварот — ёсць для жанчын-аўтараў тэмы — табу?

— Цяжка сказаць. Калі браць у разлік папулярнае чытво, то часта там увогуле незразумела, хто аўтар. Баюся, што ёсць тэмы, на якія жанчыны і мужчыны пішуць менш з-за недастатковай жыццёвай дасведчанасці. Напрыклад, палітыка. Тут можна гаварыць пра большасць і пра меншасць. Зноў жа, доўгі час жанчыны былі проста адлучаныя ад літаратуры і літаратурнай творчасці, але свет мяняецца.

А  што датычыцца табу, то, па вялікім рахунку, усе табу — у нашай галаве, і часта мы нават не ўсведамляем, што яны ёсць. Але акрамя табу, ёсць і пэўныя мастацка-эстэтычныя і ідэйныя прыярытэты. Мастацтва не павінна быць відавочным, таму здараецца, я не друкую вельмі відавочныя творы, бо паэзія -- не публіцыстыка. Яшчэ я не хачу пісаць антыэстэтычныя і антыэтычныя творы. Мне не хочацца кагосьці шакіраваць, я пішу, каб выказацца, і яшчэ таму, што мне гэта цікава. І я веру, што гэты свет можа і павінен стаць лепшым.
Можна дазволіць сабе элементы гульні, флірта са словам і з чытачом. У вышэйабазначаных межах.

— Атрымаць прызнанне як аўтару паэту і паэтцы аднолькава лёгка? І ці лёгка было табе?

— У маладым узросце колькасць паэтаў і паэтак прыкладна аднолькавая. Пасля жанчыны часцей адмаўляюцца ад творчасці, чым мужчыны, асабліва калі выходзяць замуж. Не ведаю, ці атрымала я ўжо прызнанне, але мае вершы друкаваліся без праблем. І потым, я вельмі спакойна стаўлюся да прызнання. Мне б хацелася, каб мае вершы чыталі, калі мяне ўжо не будзе. Вось гэта сапраўднае прызнанне.

— А чым адрозніваецца беларуская жаночая літаратура? У яе ёсць свая спецыфіка?

— Беларуская нацыя — вельмі маладая, яна вызначаецца наяўнасцю пытанняў нацыянальнай ідэнтычнасці, якія большасць еўрапейскіх літаратур ужо вырашылі. Гэта характэрна і для тэкстаў, напісаных жанчынамі. Ну і ў нас катастрафічная сітуацыя са сферай ужывання мовы. Але гэта пытанне не толькі літаратуры. 

— Хто з беларускіх жанчын-аўтараў для цябе — сімвал беларускай літаратуры?

— Ларыса Геніюш. Больш, чым жанчына, і больш, чым паэт.




Валянціна Барысава, euramost.org

Фота lit-bel.org