Аксана Спрынчан і Усевалад Сцебурака завіталі ў Іллю (+ФОТА)

Першая імпрэза адбылася ў Іллянскай сярэдняй школе, дзе ў актавай залі сабралася каля сотні вучняў і настаўнікаў. Госці пачыталі свае вершы, распавялі пра літаратурнае жыццё краіны і пазнаёмілі моладзь з праектам “Пяцісотгоднасць” – прымеркаваным да юбілею беларускага кнігадрукавання, што ладзіцца сёлета культурніцкай кампаніяй “Будзьма беларусамі!” і ГА “СБП”.

Усевалад Сцебурака

Аксана Спрынчан

Ад пісьменніцкай арганізацыі школе былі перададзеныя новыя выданні з серыі “Кнігарня пісьменніка”, а таксама свежыя нумары часопіса “Дзеяслоў” ды альманахі абласных філій СБП.

У школьным музеі

Экспазіцыя школьнага музея

Уладзімір Кажамяка

Са свайго боку школа наладзіла для гасцей экскурсію па школьных музеях, якіх гэтая ўстанова адукацыі мае цэлых два: этнаграфічны і літаратурны. Апошні існуе 25 год і мае званне народнага. Арыентаваны на творчую спадчыну Вілейскага рэгіёна, дзякуючы руплівай працы настаўнікаў і вучняў невялікі школьны музей назапасіў сур’ёзныя фонды і можа па-сапраўднаму зацікавіць усіх неабыякавых да культуры Беларусі.

Уладзімір Кажамяка і Усевалад Сцебурака

Другая сустрэча адбылася ў Іллянскім дзяржаўным аграрным каледжы, дзе літаратары сустрэліся са студэнтамі і выкладчыкамі ўстановы.

Абедзве імпрэзы адбыліся дзякуючы запрашэнню літаратара і мясцовага актывіста Уладзіміра Кажамякі, якому ў святочнай атмасферы імпрэзы было ўручанае пасведчанне сябра ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”.

Дзякуем Аксане Спрынчан за прадастаўленыя фота

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"