Аксана Спрынчан і Вадзім Жылко выступілі ў Лунінцы

Першая з іх адбылася ў месцы, якое камусьці на першы погляд можа падацца дзіўным, – у раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў. Але справа ў тым, што сярод лунінецкіх людзей з абмежаванымі магчымасцямі шмат таленавітых і ініцыятыўных асобаў, што яскрава было бачна і ў час сустрэчы. Мясцовыя таварыствы інвалідаў і інвалідаў па зроку – пастаянныя ўдзельнікі творчых вечарын і фестываляў, выстаў дэкаратыўна-прыкладнога і народнага мастацтва. А вакальны ансамбль “Палеская крыніца” – лаўрэат і дыпламант шматлікіх конкурсаў і аглядаў. Вось і нядаўна ён вярнуўся з дыпломам з фестывалю, што праходзіў на Гарадзеншчыне.

Самадзейныя артысты сустрэлі гасцей песнямі і вершамі. Дарэчы, “Палеская крыніца” выконвае песні, якія стварыў кампазітар і паэт з вёскі Кажан-Гарадок Андрэй Гурбановіч. Хаця гэты чалавек сталага ўзросту з маладосці пакутуе ад хваробы вачэй, ён здолеў атрымаць музычную адукацыю, стварыў каля 600 песень… Іх спявалі ў гэты дзень і ўвесь ансамбль разам, і салісты Алена Курыловіч, Надзея Кічатава, Надзея Давыдчык, Марыя Гнедзька, Ірына Пятровіч, Алена Шумская ды іншыя. Потым настала чарга для выступу гасцей-літаратараў. Вадзім Жылко распавёў аб новых творчых здабытках і выданнях лунінецкіх і берасцейскіх прыхільнікаў беларускага мастацкага слова. Аксана Спрынчан, ураджэнка Лунінца, пазнаёміла са сваімі кнігамі, чытала творы аб родным краі, і не толькі аб ім. Самадзейным артыстам госці ўручылі падарункі і сувеніры ад “Будзьма”.

ДАЛЕЙ ЧЫТАЙЦЕ НА BUDZMA.BY