Аксана Спрынчан: “Цешуся, што ў мяне ёсць сваё Палессе”

Са знакамітай паэткай і пісьменніцай, аўтаркай шэрагу кніг паэзіі і дзіцячай літаратуры Аксанай Спрынчан давялося сустрэцца і пагутарыць падчас яе нядаўняга прыезду ў родны Лунінец.

Даведка: Аксана Спрынчан нарадзілася 23 жніўня 1973 года ў Лунінцы. Скончыла СШ № 28 г. Мінска, філалагічны факультэт БДУ, аспірантуру Інстытута літаратуры імя Я. Купалы НАН Беларусі, навучалася ў Беларускім калегіуме. Працавала вядучым навуковым рэдактарам рэдакцыі літаратуры і мастацтва выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя», з 2006 года – рэдактар у выдавецтве «Мастацкая літаратура», з’яўляецца дырэктарам паэтычнага тэатра «Арт. С». У 2005 годзе прынята ў Саюз беларускіх пісьменнікаў. Разам з мужам Ярашам Малішэўскім выхоўвае 6-гадовую дачку Альжбэту. Калекцыяніруе сувенірных жабак.

Аксана Спрынчан – аўтар кніг паэзіі: «Вершы ад А.» (2004), «ЖываЯ» (2008); SMS-п'есКІ з антрактам-размовай праз тэлефон «Дарога і Шлях» (у сааўтарстве з філосафам Алесем Анціпенкам, (2006), «Беларускай энцыклапедыі пачуццяў» «Хата для Моўчы» (2007), кнігі для дзяцей «Незвычайная энцыклапедыя беларускіх народных інструментаў» (у сааўтарстве з Ярашам Малішэўскім, 2010).

Аксана Спрынчан

– Аксана, на Лунінеччыне Вы чалавек вядомы. А як Вас звязаў лёс з глыбінкай Палесся?

– Адразу адзначу, што я вельмі ўдзячна лёсу, па волі якога мне суджана было нарадзіцца ў Лунінцы. Мая маці, якая жыла ў Мінску, прыняла рашэнне, што нарадзіць дзіця на сваёй малой радзіме будзе лягчэй, і таму вярнулася ў Лунінец.  Дзякуючы гэтаму ў мяне цяпер ёсць горад, у якім я лунаю, у якім заўсёды добра, і, нават, калі я знаходжуся ў Мінску, цешуся, што ў мяне ёсць свая радзіма: сваё Палессе, сваё Белае возера, свая Прыпяць. Шмат часу бавіла ў Лунінцы ў дзіцячыя гады, у час вучобы ў школе заўжды прыязджала сюды на вакацыі. Цяпер прыязджаю радзей, але, пры першай жа магчымасці імкнуся наведаць Лунінец. Гэтым разам прывезла з сабой дачку: вядома, мне захацелася, каб яна пабачыла родны горад сваёй маці.

– Чым захапляе Вас Лунінец сёння?

– Чалавек, які тут нарадзіўся, заўсёды жыве з думкамі пра родны горад. Захапляе ў Лунінцы не толькі новае. Хочацца з’есці марожанае, па якое мы, дзеці, бегалі на вакзал. А ў той час, у маленстве, жывучы на Гагарына, 126, я нават думала,  што мы жывем у вёсцы, бо па гэтае самае марожанае бегалі “ў горад”. Толькі цяпер не робяць такога смачнага марожанага. Мне падаецца, што найсмачнейшае прадавалася тады ў Лунінцы. Яно было ў папяровым стаканчыку з драўлянай палачкай. Гады ідуць, жыццё не стаіць на месцы, і, я думаю, што не толькі мне адной хочацца вярнуцца ў маленства. Відавочна, што горад адбудавалі, з’явіліся каляровыя будынкі. На вуліцах Лунінца шмат кветак. І гэта ўжо не горад майго дзяцінства, у якім амаль нічога не было. Дачка пытаецца:“Мама, а ў Лунінцы таксама ёсць цацкі, як у Мінску?”. Я адказваю, што так, ёсць, але калі я была маленькай дзяўчынкай, то ў Лунінцы была адна крамка, дзе заўсёды неставала цацак. Зараз вось паказваю дачцэ аптэку, куды мы некалі бегалі, каб набыць дэфіцытны гематаген. Гэта была такая радасць, якую цяпер дзецям нават цяжка патлумачыць.

– Чым яшчэ займаліся ў Лунінцы?

– Пасвілі каровы ў ваколіцах гарадка. У мяне і цяпер ёсць такая мара: пахадзіць за статкам. Але няма дзе, няма знаёмых, да якіх можна было б паехаць, каб папасвіць кароў. Неяк нават спрабавала знайсці лугі і палеткі, дзе мы, малыя, сачылі за статкам, але зараз на гэтых месцах стаяць дамы. Дзе была паша, выраслі вуліцы. Мяркую, што ў Лунінцы цяпер і кароў няма.

З дачкой Альжбэтай

– Як Лунінец паспрыяў Вашаму прыходу ў літаратуру?

– Я заўжды кажу, што нарадзілася ў горадзе, які лунае. Лічу, што  гэта паэтычны, узнёслы горад:

нарадзіласЯ не на моры,

хоць і на поўдні — у Лунінцы.

Таму і лунаю…

У гэтым горадзе натхняе ўсё. Там, дзе твая радзіма, – усё самае лепшае. 

– Вашыя творчыя дасягненні ў апошні час?

– Нядаўна свет пабачыла мая кніга пра гісторыю нашай сям’і “Таташ Яраш, мамана Аксана, дачэта Альжбэта. Поўны эксклюзіў”. І яна не пра тое, што на свеце ёсць сям’я, якая жыве цікава, а пра тое, каб кожнае дзіця зразумела, што яго сям’я цікавая па-свойму і таксама вартая кнігі. Гэта ўжо другая мая кніга для дзяцей. Першая была напісана ў сааўтарстве з мужам Ярашам. У хуткім часе планую завяршыць працу над чацвёртай кнігай для дарослых чытачоў, якая будзе называцца “Борць”. Летась разам з навукоўцамі мы вандравалі па Палессі, наведалі і Лунінец. Тады я прывезла дадому сапраўдную борць. Адсюль і з’явілася такая назва для новай кнігі, а прадмова будзе называцца “Пазначаная пчалою”.

Гісторыя зноў звязаная з Лунінцам. Некалі, як я прыехала на вясновыя вакацыі да бабулі і дзядулі, знайшла, як мне падалося, нежывую пчалу і паклала яе ў кішэню паліто. У цяпле пчала ажыла і ўджаліла мяне за руку. Я вельмі доўга трымала руку ў халоднай вадзе з калодзежу. Рука апухла. Бацькі жартавалі, і, нават выказалі думку, што мне прыгожа было б, калі б я стала тоўсценькай!

На днях павінна выйсці ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” “Вершаваная энцыклапедыя жывёльнага свету”. Я з’яўляюся ўкладальніцай і аўтаркай празаічных тэкстаў пра жывёл, сярод вершаў беларускіх паэтаў ёсць і мае. У кнізе ёсць моманты, звязаныя з Лунінцам, з дзядулінай каровай Розай, якая давала найсмачнейшае малако, і выглядала такой магутнай і велічнай, што я яе параўноўвала з каралевай.

– Сямейны саюз двух творчых людзей: ці не замінаеце адно аднаму?

– У мяне ўжо быў вопыт сямейнага жыцця і з не творчым чалавекам. Як і ў слове жыЦЦё дзве літары “ц”, адна з якіх кажа, што жыццё цяжкае, а другая – што жыццё цікавае, магу сказаць, што жыццё разам – яно заўсёды цяжкае, але з творчым чалавекам яно можа быць яшчэ і цікавым. Мы напісалі разам кнігу. Мой муж музыкант, ён кладзе мае вершы на музыку, і мы разам выступаем. І калі ён выступае без мяне, то мне нашмат цікавей чытаць свае вершы пад гучанне такіх музычных інструментаў, як акарыны, дуды, варганы. Ад гэтага, як мне падаецца, успрыманне паэзіі паляпшаецца, бо, насамрэч, мае вершы не для таго, каб слухаць, мае вершы для таго, каб чытаць. І іх далёка не ўсе могуць зразумець. Зараз чытачы аддаюць перавагу празаічным творам, паэзію чытаць нямногія. Для таго, каб данесці сэнс сваіх твораў слухачам, некаторыя паэты скачуць і крычаць на сцэне. Я ж гэтым не займаюся, мяне больш вабіць музычнае суправаджэнне.

З мужам Ярашам Малішэўскім

– Якая Вы ў жыцці?

– Як і само жыццё: цяжкая і цікавая. Я люблю ствараць людзям свята. Але паэты створаны для таго, каб несці ў сваёй паэзіі боль, трагедыю нашага свету, таму і вершы мае, відаць, больш драматычныя. Увесь боль я перадаю ім. У жыцці шмат праблем, клопатаў, і мне не хацелася б, каб тым, хто са мною побач, было цяжка, таму я і імкнуся рабіць свята людзям. Нядаўна пісьменнік Павел Ляхновіч з Пінска намаляваў мой партрэт, прывёз яго ў Мінск і пэўны час партрэт стаяў у мяне на працы. Калегі прыходзілі і казалі: “Што ж ён намаляваў? Ты тут нейкая сумная, нават трагічная? Ты ж не такая, ты ж вясёлая!” А тыя, хто мяне лепш ведае, хто чытае мае вершы, адзначалі: “Ды не, Аксана вось такая і ёсць, а мастаку ўдалося злавіць яе глыбокі сум”. Гэта паказала, што мае калегі ўспрымаюць мяне як вясёлую і шчаслівую жанчыну. Я думаю, што гэта нядрэнна.

– Што для вас паэзія?

– Паэзія – гэта самы свабодны від мастацтва. Іншыя віды знаходзяцца далей ад поўнай свабоды. Нездарма ў вязніцах верш маглі надрапаць на мурах і ён заставаўся, там жа маглі пакінуць верш у памяці. Але пакінуць у памяці эпапею пісьменнік фактычна не можа. Над прозай трэба сядзець, а паэзія паўстае перада мною, калі я шпацырую па Лунінцы, еду цягніком, іду на працу. Таму паэзія для мяне – гэта свабода! А яшчэ эліксір ад побыту. Калі чалавек чытае вершы, то гэта сігнал аб тым, што ён не трапіў у палон паўсядзённых клопатаў, застаўся ў быцці.

– Як Вы ацэньваеце сённяшнюю сітуацыю ў літаратурнай Беларусі?

– Беларусь заўсёды была краінай творчай, паэтычнай. Я думаю, што ўсё так і  застанецца. У сённяшняй літаратурнай сітуацыі, дзе багата цікавых твораў, дзе шмат літаратурных формаў і выступаў, не стае хіба толькі чытача. Не стае чытача і праз тое, што ў краіне  не лепшая сітуацыя з роднай мовай. Калі б краіна цалкам была беларускамоўная, я думаю, што праблем з беларускай кнігай проста не існавала б.

– Падзяліцеся Вашымі  марамі і планамі?

– Пісаць! Ствараць! Ездзіць па Беларусі. Мая мара – аб’ехаць усе вёскі нашай краіны! Відаць, яна нерэальная, але, пакуль буду мець магчымасць, буду вандраваць. Беларусь – найпрыгажэйшая краіна, найпрыгажэйшая зямля. Я збіраю сувенірных жаб, а гэта сімвал таго, што трэба шукаць не вонкавую, а ўнутраную прыгажосць. Можа, у Беларусі вонкавая прыгажосць не такая кідкая, як яна бывае на моры ці ў гарах. Гэта вельмі проста, такім цяжка не захапіцца, а вось пабачыць унутраную прыгажосць Беларусі, Палесся, кожнага фальварка ці мястэчка больш складана. Але мне гэта лёгка, і я гэтым жыву!

– Аксана, шчыры дзякуй за размову.  Святла, поспехаў  і творчых натхненняў! Заўсёды рады бачыць Вас на нашай з Вамі Лунінеччыне!

Вольга Соц, Медыя-Палессе