Акцыя “Дзень гэты, – так пісаў Максім, – Я белым каменем адзначу…” — 22 сакавіка

Максім Багдановіч

Напрыканцы 1913 года ў Вільні пабачыў свет першы і адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў самага маладога класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча “Вянок”. Тое, што гэта была сапраўды падзея ў беларускай літаратуры, стала зразумела з часам, і, адпаведна, стаў цікавым не толькі зборнік, але і розныя нюансы выхаду кніжкі ў свет. Безумоўна, адным з найбольш хвалюючых момантаў для кожнага аўтара з’яўляецца той, калі ён трымае нарэшце сваю першую кніжку ў руках. Сам Максім Багдановіч, на жаль, не паспеў пакінуць успамінаў пра гэты дзень, але даследчыкі творчасці паэта з вялікай ступенню верагоднасці змаглі яго вызначыць.

22 сакавіка 1914 года – менавіта гэтая дата стаіць на трох аўтарскіх асобніках “Вянка”, падпісаных Максімам сваім родным цёткам Марыі, Магдалене і стрыечнай сястры Нюце. Канешне, пра эмоцыі Максіма Багдановіча з гэтай нагоды без дакладных сведчанняў меркаваць складана, але, ведаючы пра асаблівасці выхаду “Вянка” ў свет, можна не сумнявацца, што гэты дзень стаў адным з самых шчаслівых у жыцці маладога паэта.

Паспрабаваць адчуць тое, што адчуваў Максім, і яшчэ раз упэўніцца ў тым, што “Вянок” па праву можа лічыцца нацыянальным брэндам, роўна праз сто гадоў ад згаданай даты, а менавіта 22 сакавіка 2014 года, запрашае Літаратурны музей Максіма Багдановіча.

У гэты дзень музей ладзіць адмысловую акцыю, падчас якой будуць праводзіцца экскурсіі па выстаўцы “Праглядзіце гэты томік…”, а таксама наведвальнік зможа адчуць сябе сучаснікам Максіма Багдановіча, далучыўшыся да інтэрактыўнай дзеі: паспрабаваць напісаць радкі з вершаў паэта сапраўдным музейным прадметам – чарнільнай ручкай.

Разынкай праграмы стане аўтограф-сесія намінантаў гэтага года на прэмію “Дэбют” імя Максіма Багдановіча ў галіне паэзіі: Уладзя Лянкевіча, Кірылы Анохіна, Віялеты Пачкоўскай.

 

Час правядзення экскурсій: кожную гадзіну з 11.00 да 16.00.

Пачатак аўтограф-сесіі: 14.00.

Месца: Літаратурны музей Максіма Багдановіча, вул. М. Багдановіча, 7а.               

тэл. 8 017 334-42-69

Паводле прэс-рэлізу

Прэсавая служба СБП