Ала Петрушкевіч: Я люблю…

Гэта першая кніга прозы літаратуразнаўцы, паэткі Алы Петрушкевіч, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў. Пры поўнай залі яна як аўтарка Альжбета Кеда расказала, пра што яе першая кніга прозы:

– Сама назва кнігі гаворыць пра што яна. Што я люблю? Першы раздзел так і называецца: “Люблю Гародню”. Не разумею, як можна жыць у нашым горадзе і не любіць яго. Канечне, я пішу пра людзей Гародні – вельмі цікавых людзей, такіх як Эстэр Камінская, пра паэта, які калісьці жыў у Гародні і ў Гародні быў пахаваны, але магіла ягоная зруйнавана, – пра Лейбу Найдуса. Як я магу не любіць той мовы, якой гаворыць мой край?! Пра ўсё гэта я пішу.

Святар Павел Каспяровіч:

– Я звонку назіраў за светам гарадзенскай літаратуры, за літаратарамі. Яны знаходзяцца неяк па-за межамі нашай царкоўнасці. І мы вырашылі праводзіць гэтыя сустрэчы, таму што Праваслаўная царква не мусіць заставацца ў баку ад культуры, ад інтэлігенцыі. Я думаю, што нам заўжды трэба помніць словы апостала Паўла, што „ў Хрысце няма ні эліна, ні іудзея, але ўсё і ва ўсім – Хрыстос”.

Нас мусіць аб’ядноўваць хрысціянства, нашая культура, любоў да нашай зямлі, да нашай гісторыі, да мовы, да традыцый. Ёсць супярэчнасці, якія нам цяжка пераадолець, але ёсць тое, што нас яднае – мы мусім помніць, што культура Гарадзеншчыны ў нашых руках, што мы ствараем гэтую гісторыю. Калі мы не будзем займацца гісторыяй і культурай, хтосьці іншы гэта будзе рабіць.

На прэзентацыі высока ацанілі вартасць кніжкі прафесар Аляксей Пяткевіч, паэт Анатоль Брусевіч. Асабліва карыснай яна будзе гарадзенцам, бо кніга пра Гарадзеншчыну. 

„Пра тое, што люблю” выйшла ў менскім выдавецтве „Кнігазбор”. Кнігу Альжбеты Кеды можна набыць у кнігарнях Менска, Полацка, Наваполацка і Берасця. У Гародні  ўсе кнігі ўжо прададзеныя.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара