Але Сямёнавай — 75! Віншуем!

Шаноўная Альбіна Іванаўна! Сардэчна віншуем Вас са святам і жадаем моцнага здароўя, дабрабыту, радасці і гармоніі Вам і Вашым блізкім! Сто лят!

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

Альбіна (Ала) Сямёнава нарадзілася 9 жніўня 1938 года ў Камчацкай вобласці ў сям’і юрыстаў. Бацькі ў 1930-я гады жылі на Камчатцы, затым бацьку перавялі ва Уладзівасток, пазней у Хабараўск. У 1944 г. сям’я вярнулася на радзіму ў Беларусь. Жылі ў Вілейцы ды Наваградку, дзе Альбіна скончыла сярэднюю школу (1955) і паступіла ў БДУ. Пасля заканчэння філалагічнага факультэта БДУ (1960) працавала рэдактарам і старшым рэдактарам выдавецтва «Навука і тэхніка». У 1968—1972 гг. літсупрацоўнік у прэс-бюлетэні «Служба быту Беларусі», у 1972—1986 гг. — рэдактар, старшы рэдактар рэдакцыі крытыкі, літаратуразнаўства і драматургіі выдавецтва «Мастацкая літаратура». З 1986 г. — літсупрацоўнік, з 1987 г. — рэдактар аддзела мастацтва, крытыкі і бібліяграфіі часопіса «Нёман». Сябра СП СССР з 1982 г., потым Саюза беларускіх пісьменнікаў. Узнагароджана медалём. З рэцэнзіямі, літаратурна-крытычнымі артыкуламі і эсэ выступае з 1966 г.

Ала Сямёнава — аўтар кніг літаратурна-крытычных эцюдаў, эсэ, апавяданняў, імпрэсій "Гарачы след таленту", "Слова сапраўднага лад", "Таямніцы пакутны колер" і іншых. 

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"