Алег Трусаў: Пакуль моладзь будзе размаўляць па-беларуску, наша мова ніколі не загіне

Вечарам 15 сакавіка у мінскай сядзібе Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны адбыўся другі этап агульнанацыянальнай дыктоўкі. Яна пісалася па хрэстаматыйным вершы Максіма Танка "Родная мова". 

"Мы выбралі гэты дзень, — тлумачыць БелаПАН старшыня таварыства Алег Трусаў, — таму што якраз 15 сакавіка 1994 года была прынятая першая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, дзе адзінай дзяржаўнай мовай была абвешчана беларуская. Таму мы ўжо пяты год ушаноўваем гэтую дату і праводзім другі этап агульнацыянальнай дыктоўкі менавіта ў гэты дзень". 

"Мы далі магчымасць напісаць дыктоўку любому, хто хоча, — працягвае Трусаў. — Сёння ў нас людзей няшмат, але гэта ў асноўным моладзь, і вельмі добра, што яна не забываецца пра роднае слова. Пакуль моладзь будзе размаўляць па-беларуску, наша мова ніколі не загіне". 

Трусаў паведаміў, што трэці этап дыктоўкі адбудзецца 23 сакавіка з нагоды 84-й гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі.
Відэа Васіля Сямашкі, БелаПАН.