Алексіевіч стала доктарам Honoris Causa Кіева-Магілянскай акадэміі

На старонцы Кіева-Магілянскай акадэміі ў Фэйсбуку, пішуць з гэтай нагоды, што «Сьвятлана Алексіевіч зьяўляецца ўраджэнкай Украіны. Яна нарадзілася ў горадзе Станіслаў (цяпер Івана-Франкоўск), дзяцінства правяла ва ўкраінскім сяле у Віньніцкай вобласьці. Пасьля яе сям’я пераехала ў Беларусь, дзе Святлана Алексіевіч стала спачатку журналісткай, а потым майстрам мастацка-дакумэнтальнай прозы. У сваіх кнігах Алексіевіч выступае адвакатам звычайнага чалавека, якому ўдаецца захаваць сваю чалавечнасьць пад надзвычай магутным ціскам гісторыка-палітычных абставінаў...

Зь першых дзён „Рэвалюцыі годнасьці“ Сьвятлана Алексіевіч пастаянна выказвала падтрымку ўкраінскаму народу ў яго барацьбе за свабоду і лепшую будучыню. Яна рашуча асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны. Яе голас пачулі мільёны людзей па ўсёй зямной кулі.

На працягу многіх гадоў Алексіевіч падтрымлівае творчыя сувязі з Нацыянальным унівэрсытэтам „Кіева-Магілянская Акадэмія“, у прыватнасьці з Цэнтрам Эўрапейскіх Дасьледаваньняў НаУКМА, Цэнтрам юдаікі і выдавецтвам „Дух і Літара“. У свой час мы ініцыявалі выданьне яе кнігі „Чарнобыльская малітва“ (пераклад Аксаны Забужкі). 2014 года ў выдавецтве „Дух і Літара“ выйшаў украінскі пераклад апошняй кнігі Святланы Алексіевіч „Час сэканд хэнд: канец чырвонага чалавека“ (Пер. З рус. Л. Лысенка). На сайце выдавецтва „Дух і Літара“ рэгулярна публікуюцца матэрыялы аб Сьвятлане Алексіевіч, яе артыкулы і інтэрвію, і да таго падобнае.

Прысудзіўшы Святлане Алексіевіч ганаровую ступень доктара НаУКМА, „Кіева-Магілянская Акадэмія“ выказвае павагу ўкраінскага народа за ўнікальны ўклад Святланы Алексіевіч у сучасную літаратуру і публіцыстыку, і ў той жа час шчыра дзякуе беларускай пісьменьніцы за яе мужную, шчырую, адкрытую грамадзянскую пазыцыю: антытаталітарную, пра-дэмакратычную, а таму пра-ўкраінскую».

На заканчэньне гэтай інфармацыі паведамляецца, што паводле традыцыі, ганаровы доктар Сьвятлана Алексіевіч прачытае адкрытую лекцыю ў НаУКМА, тэма і дата якой будзе абвешчана асобна.

Радыё Свабода