Алексіевіч у Нью-Ёрку: Я пішу пра тое, чаму людзі атрымалі свабоду і адмовіліся ад яе

Поўны загаловак амерыканскага выдання кнігі лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі па літаратуры 2015 года: «Secondhand Time: An Oral History of the Fall of the Soviet Union».

Прапануем вам адказ Святланы Алексіевіч на некаторыя пытанні, якія прагучалі на гэтай сустрэчы:

— У назве расійскага арыгіналу — «Время секонд-хенд» — вы выкарысталі запазычанне з англійскай мовы. Чаму вы выбралі гэтую назву і як яна перадае цэнтральную тэму вашай кнігі?

— Ведаеце, гэта ўжо пятая кніга цыкла, які я пісала больш чым 30 гадоў. Гэтыя пяць кнігаў — як быццам гісторыя або энцыклапедыя чырвонай цывілізацыі. Я застала яшчэ людзей, якія бачылі Леніна, Сталіна. І ўсё тое, што прыйшло ў часы Гарбачова і Пуціна. Я паказала, як развівалася гэтая ідэя. Я пісала пра пагрозы, пра тое, што камунізм не памёр. У 1990-х мы былі рамантыкамі, нам здавалася, што ўпаў Берлінскі мур і камунізм пахаваны. Гэта наіўна. Прайшло ўжо больш чым дваццаць гадоў, і мы бачым, як гісторыя зрабіла такі крук. Хто з нас мог уявіць сабе, што вось такія людзі ў Расіі, як філосаф Дугін, якія некалі былі маргіналізаваныя, сёння будуць у цэнтры ўвагі са сваім дыскурсам пра вялікую Расію як прыніжаную краіну, як краіну акружаную ворагамі, як абложаную крэпасць. Дык вось у гэтай апошняй кнізе, «Час сэканд-хэнд», я пастаралася адказаць на пытанне, якое часта чула ў Еўропе: Ну што з вас за людзі — атрымалі свабоду і адмовіліся за яе?