Алена Масла: “Дзіцячая кніга павінна даваць чытачу адчуванне добразычлівасці свету”

Сёлета спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння беларускага класіка, таму тэмай конкурсу стала дзіцячая літаратура. Прыём твораў у самых разнастайных жанрах і формах — ад прозы, паэзіі, драматургіі да коміксаў — працягваецца да 1 жніўня. З умовамі ўдзелу можна пазнаёміцца тут. Сярод сябраў журы конкурсу — пісьменніца, казачніца, аўтарка некалькіх кніг для дзяцей Алена Масла. Нядаўна Алена Сцяпанаўна правяла лекцыю па дзіцячай літаратуры ў Школе маладога пісьменніка, што дзейнічае пры СБП. А ў сённяшняй размове творца распавядае пра спецыфіку працы над творамі для маленькіх чытачоў, пра праблемы і дасягненні беларускай выдавецкай справы і пра тое, як можна выхаваць у дзяцей любоў да кнігі на роднай мове.

 

— Ці можа стаць дзіцячая кніга бестсэлерам? І ці ёсць у нас аўтары, якія, на вашую думку, маглі б стварыць яго?

Алена Масла: Безумоўна, ёсць. У нас бракуе традыцыі гадаваць дзяцей на сваім – вось гэта праблема. І дзеля прыкладу развагі можна пачаць з таго, што сталася ўжо класікай, як, напрыклад, “Сярэбраная табакерка” Змітрака Бядулі. Нельга сказаць, што кніга занядбаная ўвагай – яна якраз- такі і перавыдаецца, і спектакль па ёй ішоў… Але проста нейкі менталітэт такі ў нас, што лепшае мы шукаем за светам. Не буду спрачацца: перакладная літаратура – гэта цудоўна. Цудоўна ведаць найлепшыя кнігі замежжа. Але хіба можна гадаваць дзіця, улюбёнага ў родную зямлю, без кніг, створаных яе пісьменнікамі? І ёсць у нас аўтары, якіх трэба выдаваць і перавыдаваць! Па-першае, згадаю прадстаўнікоў старэйшага пакалення: Мікола Чарняўскі, Раіса Баравікова, Расціслаў Бензярук, Ніна Галіноўская, Уладзімір Мацвеенка,  Іван Муравейка… А якія цудоўныя творы для дзяцей ёсць у нашых народных пісьменнікаў Рыгора Барадуліна і Ніла Гілевіча! А творы Уладзіміра Караткевіча, адрасаваныя дзецям, Васіля Жуковіча, Віктара Гардзея, Васіля Зуёнка... З аўтараў сярэдняга пакалення, якія цікава пішуць для дзяцей, можна ўзгадаць Наталлю Бучынскую, Пятра Васючэнку, Паўла Ляхновіча, Людмілу Рублеўскую… І маладзейшае пакаленне — Вера Бурлак, Арцём Кавалеўскі, Серж Мінскевіч, Андрэй Хадановіч... Адным словам – чытаць – не перачытаць!

Ну, а каб найлепшыя творы нашых аўтараў станавіліся камерцыйна паспяховымі праектамі, патрэбна, паўтаруся, найпершы і асноўны складнік: цікавасць да свайго. А ў выпадку з кнігай без ведання мовы таго не адбудзецца.

— Чаго не хапае беларускай дзіцячай літаратуры?

А. М.: Найперш не хапае ўвагі з боку грамадства. І гэта агульная для беларускай літаратуры праблема. Літаратура нармальна развіваецца ў адпаведным моўным асяродку, і калі ён вузкі, то з’яўляецца натуральная праблема — чытач малалікі і неабазнаны. Мне даводзіцца шмат сустракацца са школьнікамі, і ў большасці аўдыторыяў узнікае неабходнасць не творы чытаць, а праводзіць ліквідацыю непісьменнасці — то бок тлумачыць простыя беларускія словы. І самае кепскае, што сітуацыя за апошнія гады толькі пагоршылася. Мову дрэнна ведаюць не толькі ў гарадскіх, але ўсё часцей — і ў вясковых школах. Чытаю, да прыкладу, для малодшых класаў адну са сваіх казак, разбіраем лексіку. Колькі намаганняў прыкладаем, каб знайсці дзяўчынак у спаднічках, карункі на адзенні, а яшчэ высветліць, што ж такое апалонік і патэльня! Казка невялікая, амаль усю ўрэшце па слоўцах і разбіраем… А тады спатыкаемся на тым, што ж за звер такі Альжбэтка, якая пабегла ў лазенку! (Імя дзяўчынкі ў голаў не прыходзіць маім слухачам, а гэта значыць, што папярэдні лексічны разбор тэксту не зрабіў для іх зразумелым кантэкст! Што тут зробіш – казаў той, абняць і плакаць…) І ў старэйшых класах веданне мовы не лепшае. Неяк на сустрэчы з 10-класнікамі адной з мінскіх школаў выявілася, што ніхто з цэлага класу не ведае, хто такі “цмок”! Такім чынам можна адкрыта казаць пра наяўнасць моўнага бар’еру паміж творцам і патэнцыйным чытачом.

Другой перашкодай для папулярызацыі беларускай дзіцячай літаратуры з’яўляюца мізэрныя наклады, якімі выдаюцца кніжкі. Дзве, тры тысячы – я ўжо не кажу пра наклады ў трыста, пяцьсот асобнікаў, — для дзіцячай кнігі гэта вельмі мала. Кнігі з такімі накладамі трапляюць далёка не ва ўсе публічныя бібліятэкі, і зусім ужо рэдка – у школьныя. У выніку, цікавыя аўтары і іх творы проста невядомыя шырокай аўдыторыі. З уласнага досведу скажу, што здараецца так – прыходзіш у аўдыторыю, размаўляеш, гаворыш пра кнігі – а для публікі ўсё гэта ўпершыню, бо ніхто ў руках не трымаў тваіх кніжак. Дык чым пісьменнік, якога не чыталі, павінен быць цікавым? 

— У якой краіне, на Ваш погляд, дзіцячая літаратура зараз пачуваецца найлепш і чаму?

А. М.: Я не магу ўзяць на сябе смеласць за ўсе краіны адказаць, але дакладна ведаю адно: беларуская кніга выжывае ў складаных умовах. Пра моўную праблему мы згадвалі. А яшчэ ж і падаткаабкладанне на кнігавыданне, якое даўно ўжо абяцаюць зрабіць ільготным у нашай краіне, ды ніяк не адважацца, не натхняе патэнцыйных выдаўцоў ды звязвае рукі тым, хто ўжо выдае кнігі.

Як прыклад згадаем Швецыю, дзе існуе льготнае падаткаабкладанне, якое дае магчымасць прадпрымальным людзям развіваць кнігавыдавецтва як бізнес. Ды дзеля такога прыкладу і за мора не трэба хадзіць! У суседняй Украіне, Расіі (калі казаць пра постсавецкую прастору) сітуацыя з падаткаабкладаннем на кнігі зусім іншая.

— Што трэба зрабіць, каб выдадзеная дзіцячая кніга ўсё ж дайшла да чытача?

А. М.: Найперш тое, што называецца піярам. Сустрэчы, прэзэнтацыі, так, як, напрыклад, робіць зараз кнігарня “Ў”. Трэба ладзіць сустрэчы з аўтарамі і запрашаць не толькі дзяцей, але дарослых, бо менавіта яны павінны купіць і прынесці кнігу свайму дзіцёнку. Неабходна не саромецца і не ленавацца, а займацца “раскруткай”, інакш кажучы, “кніга – нагода для падзеі”.

— Ці можна прывесці тут станоўчы прыклад рэкламы кнігі, і прыклад, калі добрая кніга засталася незаслужана незаўважаная?

А. М.: Добрым прыкладам тут можна назваць тую работу, якую вяла па прапагандзе кніг сваіх аўтараў шведская амбасада. Згадайма прэзентацыю, якая ладзілася з нагоды выхаду кнігі “Піпі Доўгаяпанчоха”, калі ў Мінск прыехала дачка Астрыд Ліндгрэн Карын Нюман — тая самая дзяўчынка, якая шмат гадоў таму прыдумала імя для гераіні і натхніла пісьменніцу на напісанне твора. А калі пачалі выходзіць кнігі Юі Вісландэр, якія святы ладзіліся! Лямцавы тэатрык ставіў спектаклі пра Маму Му, і з гэтым спектаклем акцёры не толькі ў Мінску выступалі, але ездзілі па Беларусі… Прыязджаў Ульф Старк – і таксама ладзіліся яскравыя прэзентацыі яго “Дыктатара”. Да таго ж, нікога са стваральнікаў кнігі не пакідалі па-за ўвагай: запрашаліся перакладчыкі Зміцер Плакс, Надзея Кандрусевіч, шведскія літаратуразнаўцы і пісьменніцы Улу Лундквіст і Яніна Арлоў – адным словам, амбасадай рабілася ўсё магчымае, каб як найлепей прэзентаваць дзіцячыя кнігі сваёй краіны беларускаму чытачу – і тым самым прэзентаваць саму краіну.

З уласнага досведу працы з кнігай згадаю акцыю “Чытаем разам, чытаем па-беларуску!” Я была адным з ініцыятараў і ўдзельнікам праекта, які гуртаваўся вакол дзіцячага часопіса “Вясёлка”. Гэта былі паездкі ў рэгіёны Беларусі груп пісьменнікаў. На месцах настаўнікі, бібліятэкары наладжвалі чытанне кніг, арганізоўвалі мерапрыемствы дзеля папулярызацыі чытання. І, ведаеце, такога жыцця прыўносіла акцыя ў рэгіёны! Жыцця, у цэнтры якога была беларуская кніга.

Адсюль і перакананне, падмацаванае практыкай: дзеці чытаюць там, дзе дарослыя – бацькі, выхавацелі, настаўнікі, бібліятэкары – любяць кнігу і ўмеюць з ёй працаваць. Дзякаваць Богу, такія людзі ў нас не пераводзяцца, нягледзячы ні на што!

А сумным прыкладам, калі добры твор застаўся невядомым шырокай публіцы, на маю прыватную думку, можна назваць сітуацыю з кнігай Сержука Вітушкі “Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі”. Вельмі люблю гэтую кнігу і мару пра часы, калі яна знойдзе выхад на масавага чытача і, што самае істотнае, знойдзе яго падтрымку і разуменне.

Тут варта дадаць яшчэ і тую акалічнасць, што сітуацыя з прэзентацыямі і раскруткай твораў пагаршаецца ў наўпроставай прапорцыі з аддаленнем ад сталіцы. Калі ў Мінску яшчэ нешта раз- пораз ладзіцца, то ў рэгіёнах людзі і праз гады не ведаюць пра выхад той ці іншай кнігі. У шмат якіх малых гарадах проста пазачыняныя кніжныя крамы, а ў тых, якія ёсць, беларуская кніга нярэдка – на самых далёкіх паліцах. Праўда, дзеля справядлівасці варта зазначыць, што пару-тройку апошніх гадоў неяк да гэтай праблемы пачынаюць паварочваюцца тварам. Ва ўсякім разе, дбаць пра тое, каб кніжная крама адпавядала свайму прызначэнню, а не была філіялам гаспадарчай крамы, дзе кнігі суседнічаюць з пральнымі парашкамі.

— Ці ёсць у Вас парада для тых хто піша (спрабуе пісаць) для дзяцей, як стаць сапраўдным дзіцячым пісьменнікам?

А. М.: Аўтары па-рознаму пачынаюць пісаць для дзяцей. Астрыд Ліндгрэн, напрыклад, пісала толькі для дзяцей, а нехта піша і для дарослых таксама. Некаторыя пачынаюць пісаць, стаўшы бацькамі, як Андрэй Хадановіч з яго “Нататкамі таткі”, некаторыя пачынаюць пісаць для ўнукаў, стаўшы дзядулямі – і такіх прыкладаў шмат.

Ну, але, мне падаецца, дакладна не варта ставіць так сабе задачу —  стаць  сапраўдным дзіцячым пісьменнікам! Нашмат важнейшым умець слухаць тое дзіця, што жыве ў табе самім, памятаць пра свае перажыванні і сваё ўспрыняцце свету – вось тады з’яўляюцца шансы нешта добрае напісаць.

Наогул жа для фарміравання якаснай дзіцячай літаратуры трэба, каб было шмат разнастайных твораў. Каб нешта ў выніку выкрышталізавалася, літаратурны працэс не павінен стаяць на месцы.

Слушна заўважыла шведскі крытык Яніна Арлоў, што з амаль 2000 кніг для дзяцей, якія выходзяць у Швецыі, далёка не ўсе – шэдэўры. Але гэта чытво на розныя ўзроўні чытачоў, на розны густ. А застанецца – лепшае, час адсеіць аднадзёнкі.

— Якія асаблівасці ўласцівыя творам для дзяцей, якія тэмы найбольш актуальныя, што глабальна адрознівае дзіцячую і дарослую кнігі?

А. М.: Наўрад нехта ведае ўніверсальны рэцэпт стварэння дзіцячай кнігі. Але відавочна ёсць пэўныя асаблівасці, звязаныя найперш з надзвычайнай датклівасцю дзяцей. Дзеці – гэта людзі з аголенымі нервамі, яны востра адчуваюць фальш. Таму ў развагах пра ўніверсальны рэцэпт абмяжуюся вельмі слушнай парадай Астрыд Ліндгрэн: “Пісаць для дзяцей трэба таксама, як для дарослых, толькі значна лепш”.

Наогул, дзіцячая літаратура – гэта не маналіт. Гэта шматжанравая літаратура, якая ствараецца з улікам псіхалогіі дзіцяці. Дзіця адмалку – частка грамадства, і ўсё, што ў грамадстве адбываецца, самым непасрэдным чынам датычыць дзяцей. Добрая кніга можа стаць найлепшым сябрам, калі дапаможа знайсці адказы на жыццёвыя пытанні, зразумець сутнасць нейкіх сацыяльных праблем і вызначыцца ў стаўленні да іх, урэшце, падорыць незабыўныя хвіліны эмацыйнага ўзрушэння ці вострых перажыванняў.

— На ваш погляд, дзіцячы пісьменнік павінен быць педагогам?

А. М.: Педагог, уласна кажучы, гэта той, хто ўмее знайсці падыход да дзіцяці (не блытаць з нуднымі “вучылкамі”!)  Ну дык і дзіцячы пісьменнік мае права называцца добрым педагогам, калі ён знайшоў сцежку да сэрца свайго чытача. Іншае справа, што дзіцячая літаратура, бывае, грашыць павучэннямі і маралізатарствам. Такія творы нярэдка вельмі любяць школьныя настаўнікі і выхавацелі садкоў, але часам не вельмі любяць самі дзеці...

— Ці не перасталі сучасныя дзеці быць наіўнымі, можа, ім больш не патрэбныя казкі з добрымі чароўнымі істотамі, а патрэбныя самалёты, кампутары і астатнія рэаліі дарослага свету?

А. М.: Якія б не былі тэхналогіі, як бы не развівалася цывілізацыя, чалавек кардынальна не мяняецца. Таму ніхто не пераканае мяне, што фундаментальныя традыцыйныя каштоўнасці страчваюць актуальнасць і не цікавыя дзецям. Мумітролі Туве Янсэн жывуць у дзіўным свеце каметаў, прыгодаў, вандровак – іх жыццё насычанае смелымі самастойнымі рашэннямі і рызыкоўнымі выправамі, але яны вяртаюцца дадому, дзе маці пячэ булачкі, а тата чытае газету – у дом, дзе іх любяць і чакаюць. Вось прыклад удалага спалучэння казачнага і тых грунтоўных сямейных і чалавечых каштоўнасцяў,  якія я лічу, патрэбны дзіцячай літаратуры. Акрамя іншых складнікаў, дзіцячая кніга павінна даваць чытачу адчуванне добразычлівасці свету.

— Калі б Вам прапанавалі даць назву прэміі для дзіцячай літаратуры, як бы яна называлася?

А. М.: Ведаеце, я нядаўна думала пра гэта. Да прыкладу, у Беларусі ёсць прэміі імя Янкі Маўра, Васіля Віткі ў часопісе “Вясёлка”, Міжнародная прэмія імя Астрыд Ліндгрэн, заснаваная шведамі, – усё гэта добра і традыцыйна.

А вось у суседняй Украіне ёсць прэстыжная прэмія “Вялікі Вожык” – і мне падобны падыход вельмі падабаецца. Наша “Літаратурнае прадмесце” мае  прэмію “Блакітны Свін” – крэатыўна і весела!

А ў выпадку з прэміяй за лепшы дзіцячы твор і пагатоў так быць павінна. Можа, назва “Журавінка.by” падыйшла б? Вітамінна, карысна, прыгожа – і вельмі па-беларуску!

 

***

Алена Сцяпанаўна Масла нарадзілася ў вёсцы Мілашова Мёрскага раёна Віцебскае вобласці. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў газетах і часопісах для дзяцей, рэдактарам краязнаўчага аддзела ў газеце “Туризм и отдых”, галоўным рэдактарам газеты “Переходный возраст”, часопіса “Бярозка”.  Зараз — загадчыца рэдакцыі дзіцячай літаратуры выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Піша казкі. Аўтар кніг казак “Каляды з хроснай” (2005),  “Таямніца закінутай хаты” (2005), “Першая прыгажуня” (2010) і інш.

 

Гутарыў Усевалад Сцебурака, для lit-bel.org

На фота: Алена Масла, аўтар фота Алена Казлова