Алесь Бяляцкі атрымаў 4,5 гады ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці


Алесь Бяляцкі атрымаў  4,5 гады ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці

 

Сёння аб 11.00 у судзе Першамайскага раёна Мінска быў абвешчаны прысуд  кіраўніку праваабарончага цэнтра «Вясна», віцэ-прэзыдэнту Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека і сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесю Бяляцкаму. Суддзя Сяргей Бандарэнка цалкам пагадзіўся з пазіцыяй пракурора Уладзіміра Сайкоўскага.

 

У зале суда прысутнічалі  паслы Літвы, Чэхіі, кіраўнікі дыпламатычных місій ЗША, Францыі, Германіі, Венгрыі, а таксама экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў, мноства журналістаў — адных відэагруп з дзясятак. Не ўсе гледачы змясціліся ў залу суда — ля дзвярэй засталося каля 20 чалавек.

 

Суддзя зачытаў лічбы атрыманых Бяляцкім прыбыткаў, што называліся пракурорам, пераказаў паказанні Бяляцкага, які не прызнаў сваю віну і заявіў, што выкарыстоўваў грошы на праваабрончую дзейнасьць, яны не былі ягоным прыбыткам.

 

Суд прызнаў віну даказанай і асудзіў Алеся Бяляцкага на 4,5 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Час знаходжання пад вартай у СІЗА залічваецца ў тэрмін. Апроч таго, праваабаронца мусіць сплаціць дзяржаве 721 мільён рублёў стратаў і 36 мільёнаў рублёў судовых выдаткаў.

 

Прысутныя сустрэлі прысуд воклічамі «Ганьба суду!»

 

Пракорора Уладзіміра Сайкоўскага праводзілі з залы здзеклівымі апладысментамі.

 

Бяляцкі сустрэў прысуд мужна. Ён узняў сціснуты кулак угору і выгукнуў: «Жыве Вясна!»

 

На абскарджванне прысуду даецца 10 дзён. Мера стрымання Бяляцкаму не змененая — ён будзе далей знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага.

 

* * *

Пракурор Уладзімір Сайкоўскі прасіў суд Першамайскага раёна Мінска прысудзіць праваабаронцу да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці па арт. 243 КК (ухіленне ад уплаты падаткў у буйных памерах).

 

Адвакат Бяляцкага Дзмітрый Лаеўскі сцвярджаў, што пазіцыя абвінавачання будуецца выключна на здагадках і не адпавядае нормам Крымінальнага кодэкса.

 

 

Паводле nn.by

Фота - svaboda.org