Алесь Бяляцкі ўганараваны прэміяй імя Вацлава Гаўла

Алесь Бяляцкі. Фота spring96.org

Беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі, які адбывае пакаранне ў турме, стаў лаўрэатам прэміі імя Вацлава Гаўла.

Рашэнне аб прысуджэнні Алесю Бяляцкаму прэміі ў Страсбургу абвясціў старшыня Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЭ) Жан-Клод Міньён. На цырымоніі ўручэння прэміі прысутнічала жонка праваабаронцы Наталля Пінчук.

Сёлета сярод намінантаў былі, акрамя Алеся Бяляцкага, аўтарытэтныя правааабарончыя арганізацыі  Асацыяцыя маладых юрыстаў (Грузія) і Rights Defence Network (Кітай). Як паведамляе сайт Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, спачатку журы прадставіла спіс з шасці кандыдатаў, сярод якіх былі названыя Людміла Аляксеева (Расея), Алесь Бяляцкі, Грузінская Асацыяцыя маладых юрыстаў (Грузія), Вугорскі Хельсінскі камітэт, Псіхічны цэнтар абароны інвалідаў (Вугоршчына) і Сетка абароны правоў (Кітай).

Беларускага праваабаронцу вылучылі больш за 30 польскіх НДА. Ініцыятыва ўзнагароджання Алеся Бяляцкага прэміяй Вацлава Гаўла належыць фонду Стэфана Баторыя.

radyjo.net