Алесь Бяляцкі вылучаны на Нобэлеўскую прэмію міру

Віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесь
Бяляцкі вылучаны на Нобэлеўскую прэмію міру за заслугі ў справе абароны
правоў чалавека.
Кандыдатура Бяляцкага ўваходзіць у шорт-ліст - сьпіс найбольш верагодных прэтэндэнтаў на прэмію, паведаміў БелаПАН Валянцін Стэфановіч, калега Бяляцкага пра праваабарончаму цэнтру "Вясна".
2 кастрычніка на V Міжнародным фэстывалі праваабарончых фільмаў у
Бішкеку Алеся Бяляцкага ўзнагародзілі дыплёмам "За мужнасьць і барацьбу
за свабоду".
Прэмію за Бяляцкага атрымала беларуская праваабаронца Паліна Сьцепаненка
- аўтар дакумэнтальнай кінастужкі "Сьвечка праўды Алеся Бяляцкага",
паказанай на фэстывалі.
Алесь Бяляцкі, кіраўнік зачыненага беларускімі ўладамі праваабарончага
цэнтру "Вясна", знаходзіцца пад арыштам ад 4 жніўня. Яго вінавацяць ва
ўтойваньні прыбыткаў у асабліва буйным памеры. Падставай для
крымінальнага перасьледу праваабаронцы стала інфармацыя пра ягоныя
рахункі у замежных банках. Такую інфармацыю беларускім уладам перадалі
Мін'юст Літвы і Генпракуратура Польшчы. Улады гэтых краінаў публічна
папрасілі прабачэньня ў Бяляцкага і яго родных, а таксама прыпынілі
кантакты зь Беларусьсю ў рамках дамоваў пра прававую дапамогу.
Вызваленьня Бяляцкага патрабуюць міжнародныя праваабарончыя структуры,
кіраўніцтва Эўразьвязу, ЗША і шэрагу іншых дэмакратычных краін.
Ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру абвесьцяць 7 кастрычніка.