Алесь Бяляцкі зноў стане кандыдатам на Нобелеўскую прэмію міру

Сярод іншых, подпісы за яго збіраюць дэпутаты польскага Сойму як ад урадавай Грамадзянскай платформы, так і ад апазіцыйнага «Закону і справядлівасці» (PiS).

Ініцыятарам збору подпісаў у польскім парламенце стаў дэпутат Адам Ліпінскі з PiS.

— Гэтак жа, як уся польская «Салідарнасць» у свой час была ўганаравана Нобелем у асобе Леха Валенсы, так і абаронцы правоў чалавека ў Беларусі павінны быць уганараваны Нобелеўскай прэміяй міру праз Бяляцкага, — кажа ён.

На сёння пад намінацыяй падпісаліся ўжо 160 польскіх дэпутатаў, піша Gazeta Wyborcza.

Нагадаем, што Бяляцкі застаецца ў спісе кандыдатаў усе гады свайго зняволення.

Праваабаронцы-вясноўцы прыходзілі з дапамогай да ўсіх няправедна асуджаных, незалежна ад іх палітычных поглядаў.

Беларускія ўлады здабылі праз органы юстыцыі Літвы і Польшчы нумары рахункаў Бяляцкага і пасадзілі яго ў турму, звінаваціўшы ў нясплаце падаткаў.

Бяляцкі заслужыў вядомасць і павагу ў 1980-я гады як адзін з пачынальнікаў руху за незалежнасць Беларусі.

У 1990-я з палітыкі ён сышоў у абарону правоў чалавека. Зняволенне Алеся Бяляцкага выклікала незраўнаную хвалю салідарнасці з беларускім народам у розных краінах свету.

Як паведамляла Нарвежскае тэлебачанне, у 2013-м Бяляцкі быў за крок ад атрымання Нобелеўскай прэміі. Але ўрэшце прэмія дасталася Арганізацыя па забароне хімічнай зброі.

Прэмія міру — адзіная з нобелеўскіх прэмій, якую прысуджаюць нарвегі, а не шведы. Так рашыў у свой час Альфрэд Нобель. Акурат тады, калі ён засноўваў сваю ўзнагароду, Нарвегія здабыла незалежнасць ад Швецыі.

Дагэтуль грамадзяне Беларусі Нобелеўскіх прэмій не атрымлівалі.

Вылучаць на нобелеўскую прэмію міру маюць права дэпутаты парламентаў, міністры, а таксама прафесары права або міжнародных адносін і яшчэ шэраг катэгорый людзей.

Намінацыі на на Нобелеўскую прэмію міру дасылаюць штогод да 1 лютага. Імя лаўрэата абвяшчаюць у кастрычніку.

 

nn.by