Алесь Плотка выдаў кнігу з «лёгкім гомельскім понтам»

“Будзьма” распытала спадара Алеся пра тое, чаму ён трымае ў таямніцы вокладку зборніка і як так сталася, што музычны псеўданім аўтара стаў назвай кнігі.

— Пра тое, што вы рыхтуеце кнігу, стала было вядома даўно, чаму ж на паперы яна з’явілася толькі цяпер?

— Доўга вырашалі пытанні з выдаўцом, урэшце я выдаў кнігу сваімі сіламі. Затое за гэты час паспеў дадаць у яе некалькі новых вершаў. Я стаўлюся да гэтага пытання па-філасофску.

— Назва зборніка — “Байсан” — дублюе ваш музычны псеўданім, як так атрымалася?

— Калі вы ведаеце, то “байсан” на марскім слэнгу — зямляк, для мяне гэта вобраз сучаснага беларуса, не таго, які ходзіць у лапцях, а таго, хто паспеў па свеце паездзіць і сёе-тое ўбачыць. Было шмат варыянтаў назвы, аднак параду з назвай мне даў Віталь Рыжкоў, аднойчы ў Браціславе. У назве ёсць пэўная сакраментальнасць.

— Які перыяд ахопліваюць вершы ў зборніку?

— Перыяд вялікі, ад пачатку нулявых да 2013 года. Што праўда, ранніх вершаў там літаральна некалькі штук, самым плённым стаў 2010 год, у 2013-м было некалькі важных вершаў.

— Такая сабе паэтычная аўтабіяграфія.

— Менавіта, таму мне і не сорамна назваць гэты зборнік “Байсан”, мне падабаецца, што ў кнізе няма дзялення па гадах ці тэмах. Атрымаўся своеасаблівы мікс.

— Калі чакаць прэзентацыі?

— Я вельмі спадзяюся, што атрымаецца ўсё зрабіць да канца лютага. Ёсць адна канцэптуальная задума, якая мусіць усім спадабацца.

— У інтэрнэце з’явілася фота карэньчыка кнігі, а дзе можна ўбачыць вокладку?

— Гэта яшчэ адна канцэптуальная задума — вокладка з’явіцца 14 лютага, на тое ёсць свае прычыны. Яшчэ адна невялікая канцэпцыя.

Мікалай Левертаў, budzma.by