Алесь Разанаў: З далечы ў блізіню

*
Дождж адышоў:
важчэюць 
на ўкропе і на каноплях
кроплі.

*
Займелі бяседу?!.
Абселі
след белыя матылькі.

*
Гром у двары!..
Вісяць
заспетыя просціны 
і хусціны.

*
Ведае больш, чым усе?
Сабе
ўсміхаецца прыгажуня.

*
Знікаюць будынкі
і людзі: 
будзіць
цягнік пургу.

*
З глузду вылузваюцца?!. —
У лужу
падаюць жалуды.

*
Хіліцца колас
у роздум:
лета
мяняе арыенцір.

*
Сто асалодаў!..
Соты
бароніць ад памыслоты
борць.

*
Глыбокая восень:
уводзіць лес
світанак у адвячорак.

*
Недзе струменіцца:
сквар
слухае прахалоду.

*
Змоўшчыкі!.. —
З кронаў
крычаць вароны:
лісты ляцяць.

*
Рэчка пад лёдам:
мост
чакае сустрэчы —
самотны.

*
Мядовы кірмаш:
з пчалою
чапаю плён.

*
Імгла над лагчынаю:
у вышыні
нябачныя крылы.

*
За тыдзень Вялікдзень —
хвошча
сяброўка вярбою сябра:
хоча яшчэ?!.

*
Клыпае грак —
з раллі
скарб выкалупвае:
пагарэлец.

*
Пад парасонамі:
дождж
просіцца ў суразмоўцы.

*
Туман аблачынай:
ліхтар
рэйкі праводзіць
дакуль магчыма.

*
Студзень на вуліцы:
людзі
спыняюцца з судзінамі
каля студні.

*
Дуб зелянее —
здатны
падлетак становіцца 
на галаву.

*
У хмарах пісяг:
сягае
бліскаўка з далечы
ў блізіню.

*
Юная маці:
у немаўляці
вучыцца быць, кім ёсць.

*
Абмытая!..
Мыту
сплачвае ліпе
дождж.

*
Смага — увага:
нябёсы
усмоктваюцца 
ў дрыгву.

*
Злавілася?!. —
Плотка
гуляе:
лодку
аблёг лядок.
*
Трэба інакш?
Варона
ў падворку варочае
скошаную траву.

*
Цэлая:
цэгла
ўратоўваецца з руін.

*
Ці ў той бок цячэш? —
Раку
аспрэчвае вецер.

*
Пудзілы — дзівы:
дзік
сам адлюбоўваецца
ад бульбы.

*
Абы-куды
вінавата
падае ліст:
вынятак.

*
Пакінуты — каля плота
употай ляжыць і воблік
хавае снег.

*
Так белы,
а так зялёны:
падбел
знаёміць з сабой нанова.

*
Цыбаты каморнік —
бацян
крокамі мерае
балаціну.

*
Вяселле:
у вэлюм
сняжынкі ўмалёўваюцца
вельмі.

*
Месяц зіхоча:
ноч
утоіцца хоча.
*
Мароз адыходзіць:
з ракой,
лебедзь, спаткаешся
калі-небудзь.

*
Цягнік набірае
разгон —
адлегласць
збягаецца ў песнаспеў.

*
Які ён?!.
Вядзе з кійком
свой век гаспадыня —
у вуліцы папытацца.

*
Пераніцоўваецца:
пругі
у раніцы ад пургі.

*
Ходнік — люстэрка:
у неба
уводзіць дождж.

*
Дыхае спёкай:
ад цмока
студня хавае цуд.

*
Мост залівае:
ў абодва 
канцы кудысьці 
адводзяцца берагі.

*
Пляц абязлюднелы:
раздае
скалелымі пальцамі ветру
музыку гарманіст.

*
Бачаць айчыну —
цвітуць
яблыня і аблачына.

*
Замкнёнае ў камені:
аб спатканне
крок спатыкаецца
незнарок.

*
Вуліца доўгая.
Дождж
выпытвае: «Хто ты?».

*
Крыніца бруіцца:
мароз
спыняецца з узнагародай. 

*
Купаецца —
выкупляе
качка сябе ў ракі.

*
Што з ім
і са мной што?
Сонца
бачыцца ўпершыню.

*
У наледзі:
дзе
еду ў маршрутцы,
у шыбы
дапытваюся наледзь.

*
Рассыпанае —
наваколле
збірае ў бажніцу
звон.

*
Па шчыкалаткі:
увайшла
ў лужу галубка.

*
Волаты:
у грымоты
збіраюцца валуны.

*
Яшчэ не канец:
рунее
салома сама
ў капе.

*
Хто ў лішак?
Што ў брак?
Жабрак
вышуквае месца
каля сабора.

*
Выспелі:
дзічкі 
зрываюцца ў ноч —
і знічкі.

*
Снег латкамі:
наўздагад
ручай высцілае
кладку.

*
Вуліцы змоўклыя:
дастаю
з цёмнага неба
словы.

*
Знайшоў і знайшоўся:
чмель
урошчваецца ў дзядоўнік.

*
Снежыцца —
разнасцежваецца
вуліца ў чысціню.

*
Змораная?!.
На ліхтар
сядае варона:
морак.

*
Неба глыбее:
аблокі
уцягваюць волакам
акіян.

 

Літаратурная Беларусь № 68