Алесь Жук: "На ўсё ў чалавечым жыцці свой час"

Алесь Жук. Фота nn.by

За савецкім часам па яго творах здымалі кіно. У суверэннай Беларусі ўганаравалі Дзяржаўнай прэміяй. Творы пісьменніка і сёння прапануюць для чытання ў школе.

«НН»: Прачытаў аповесць «Халодная птушка»: праблема пераезду старых вяскоўцаў да дзяцей у горад. Вашыя бацькі дажывалі пры Вас?

Алесь Жук: «Халодная птушка» спісана з маёй бабулі Антаніны, якая практычна і гадавала мяне малога з сястрой. Мама працавала ў Грэскай бальніцы, потым у Грозаве. Гадаваўся я ў вёсцы Клешаў. Ужо калі быў студэнтам, бацькі пераехалі жыць у вёску Грывень. Клешаў — Слуцкага раёна, Грывень — Капыльскага, родная бацькава вёска.«НН»: Прачытаў аповесць «Халодная птушка»: праблема пераезду старых вяскоўцаў да дзяцей у горад. Вашыя бацькі дажывалі пры Вас?

Пасля смерці мамы бацька заставаўся адзін. Чалавек жартаўлівы, на прапановы лекараў падлячыцца ў бальніцы адказваў: «Не магу. У мяне гаспадарка: сабака, кошка і куры». Пераязджаць у горад катэгарычна адмовіўся: «Я ў цябе як пасяджу год ля пад’езда, дык ты мяне і пахаваеш». І пражыў да 92. Апошнія два гады толькі жыў у горадзе. І тое ў Слуцк да сястры паехаў, бо адтуль мог наведвацца ў вёску.

«НН»: У даведніках пішуць, што Вашыя бацькі былі служачымі. Для вёскі гэта нетыпова.

АЖ: Бацьку дакладна можна назваць служачым, бо працаваў у раённым кіраўніцтве, а найбольш начальнікам сельсавецкага паштовага аддзялення. А мама медсястра — і не сялянка, і не рабочая.

«НН»: Як бацькі паставіліся да таго, што пайшлі на філфак БДУ?

АЖ: Тады вяскоўцы нават марылі, каб іх дзеці вывучыліся на настаўніка.

Я пачаў яшчэ школьнікам пісаць у слуцкую раёнку «Шлях Ільіча». Нават ганарар аднойчы атрымаў ад бацькі папругаю, калі пакрытыкаваў калгаснага брыгадзіра. Ды і першыя апавяданні надрукаваў у «Нёмане», калі быў яшчэ старшакласнікам.

«НН»: На філфаку Вы вучыліся разам з Алесем Разанавым і Віктарам Ярацам. Падпісвалі іх гучны ліст у абарону роднай мовы ў 1968?

АЖ: Яны вучыліся курсам маладзей. Ліст мы з сябрамі падпісалі, бо ў ім было заканамернае патрабаванне, каб на беларускім аддзяленіі філфака ўсе прадметы выкладаліся па-беларуску.

Нас за тыя подпісы не ганялі.

Цяжэй было прафесару Міхасю Ларчанку. Хаця, ставячы свой подпіс пад тым лістом, ён ведаў, што перападзе і па партыйнай, і па службовай лініі. А паставіў!

Замест канспектаў пісаў апавяданні

«НН»: Прабіцца маладому пісьменніку было цяжка?

АЖ: Літаратурны лёс склад­ваўся неяк натуральна. Каб зацыкліваўся на тым «прабіванні», толку не было б. Галоўным было вучыцца пісаць. І добра, што ў гэтым кірунку падштурхоўваў Міхась Стральцоў, якому я ў «Маладосць» насіў шмат студэнцкіх опусаў. А потым мелі месца падтрымка і ўвага Янкі Брыля праз усё маё літаратурнае жыццё.

За гады студэнцтва практычна напісалася першая кніга апавяданняў. Мы з паэтам Юркам Голубам лекцый не прапускалі. Але, за выключэннем некаторых выкладчыкаў, нічога і не канспектавалі. На апошнім радзе ў аўдыторыі ў танных блакнотах пісалі сваё.

«НН»: Пасля, як выглядае, літаратурны лёс склаўся ўдала. Па кнігах знялі два фільмы, уручылі Дзяржаўную прэмію…

АЖ: Самае добрае, што пісалася і хацелася пісаць. Верылася, што напісанае хоць нешта зрушыць у жыцці да лепшага. Яшчэ за адно з першых апавяданняў, «Жонка героя», у рэспубліканскай газеце мяне адсцябаў артадаксальны крытык Якаў Герцовіч — за дэгераізацыю савецкага салдата ў час вайны.

Так, былі прэміі, узнагароды. Усё напісанае было перакладзена і выдадзена ў Маскве, былі публікацыі на замежных мовах.

Але як магло падабацца кіраўніцтву тое ж самае «Паляванне на Апошняга Жураўля», якое мела абсалютна падцэнзурную працоўную назву «Паляванне на апошняга беларуса»?

Да гэтай аповесці дабраліся б, але яна неўзабаве адкрывала нумар усесаюзнага часопіса «Дружба народаў». А тады дзейнічала жалезнае правіла: у рэспубліканскім друку нельга ні крытыкаваць, ні выступаць супраць змешчанага ва ўсесаюзным. Таму, відаць, і тэлефільмы здымалі, і спектакль па п’есе «Апошні журавель», якую практычна напісаў Аляксей Дудараў, ставілі амаль у дваццаці тэатрах Савецкага Саюза.

«НН»: А фільмамі задаволеныя?

АЖ: Ваенны «Палігон» маскоўскія «варагі» зрабілі па прынцыпу цяп­ляп, яшчэ і адсябеціны панадапісвалі, за якую сорамна. «Паляванне на Апошняга Жураўля» зроблены на прыстойным узроўні, але ж добры фільм — удача рэжысёра. Па «Паляванні» лічу ўдалым радыёспектакль, які зрабіў на Беларускім радыё Валерый Анісенка.

«НН»: Прызнанне, высокія ганарары. Багемнае жыццё вялі?

АЖ: Вядомасць мая была не такая і вялікая, тоўстых тамоў я не пісаў, ганарары атрымліваў па сярэдніх стаўках. Але бедным сябе не лічыў, хаця і багатым не быў.

Багемнага жыцця не вёў, і не таму што святоша: рана ажаніўся і гадаваў двух сыноў. Тады яшчэ не было ні завядзёнкі, ні такой моды. Завядзёнка была на сяброўскія пасядзелкі — старэйшых з маладзейшымі, пачаткоўцаў са сталымі і вядомымі, у равесніцкіх кампаніях. Гэта люблю і цяпер. На жаль, кола ўдзельнікаў такіх пасядзелак няўмольна звужаецца і здараюцца яны рэдка. З гэтым трэба змірыцца: на ўсё ў чалавечым жыцці свой час.

Рэдактарам стаў па загадзе

«НН»: Максім Танк у свой час накіраваў Вас «асадзіць» мясцовае начальства за цкаванне Геніюш. Дапамаглі?

АЖ: Да Ларысы Геніюш я ездзіў па даручэнні ЦК КПБ. Місія была прыемная. Не толькі «асадзіць», але і папярэдзіць, каб Ларысу Антонаўну не чапалі без ведама сектара мастацкай літаратуры ЦК КПБ.

З тае паездкі я прывёз папку яе вершаў. Яна дала мне іх са словамі: «Скажыце вітанне Максіму і няхай вершамі распарадзіцца ён сам». На ўвазе меўся Максім Танк. Вершамі ён распарадзіўся: надрукавалі вялікія падборкі ў «Полымі» і «ЛіМе», а потым выдалі кнігу паэзіі Ларысы Геніюш «На чабары настоена».

«НН»: У 33 Вы занялі крэсла рэдактара «ЛіМа». Хацелі вяршыць лёсы калегаў?

АЖ: Алесь Асіпенка, які быў рэдактарам «ЛіМа», выходзіў на пенсію. Я тады працаваў у ЦК КПБ, і мы з Сяргеем Законнікавым павінны былі знайсці чалавека на яго месца. Шукала і кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў. Але на клопатную працу ў газеце салідныя пісьменнікі ісці не хацелі. Не ўгаварылі мы ні Вячаслава Адамчыка, ні Барыса Сачанку. Не змог знайсці патрэбнай кандыдатуры і Іван Шамякін. Вось цакоўскае кіраўніцтва і зрабіла рэдактарам мяне, хаця я ні дня да таго не працаваў у газеце. Ніякія адгаворкі не дапамаглі.

«НН»: У «ЛіМе» Вы і перабудову сустрэлі. Паслабленне адразу пачалося?

АЖ: Я з «ЛіМа» пайшоў у 1986, калі перабудова была аб'яўлена, але яшчэ не пачалася. Аддзел прапаганды ЦК КПБ заўзята змагаўся з нацыяналізмам, рассылаў інструкцыі абмяжоўваць сустрэчы пісьменнікаў у школах, ВНУ, у рабочых калектывах. А мяне абвінавачваў у нацыяналізме за тое, што друкаваў розных там Дубаўцоў, Пазнякоў, Дзянісавых, што назбіраў у штат невядома каго: мелася на ўвазе творчая моладзь…

«НН»: Чаму пакінулі газету?

АЖ: Сыходзіць я не збіраўся. Але вясною рыхтаваўся пісьменніцкі з'езд. На ім планавалася, скажам, ратацыя сакратароў саюза. Калі на пасаду рэдактара «ЛіМа» ахвотных не было, то стаць сакратарамі хацелі многія. Гэта лічылася прэстыжным.

У апошні дзень з'езду ў пакойчыку для прэзідыума мяне затрымаў сакратар ЦК КПБ Кузьмін: «Жук, пойдзеш сакратаром Саюза пісьменнікаў». Я разгубіўся, ад нечаканасці пачаў адгаворвацца недарэчна і бездапаможна. Але па вачах Аляксандра Трыфанавіча зразумеў, што рашэнне прынята. Пасля абеду я яшчэ падпісаў да друку палосы, а вечарам ужо не быў рэдактарам.

Часопісы захапілі па-ціхаму

«НН»: У 2000-х з холдынга «ЛіМ» Вас адправілі на пенсію як героя Вашай жа аповесці «Паляванне на Апошняга Жураўля»: нібыта з пашанай, але прымусова?

АЖ: Сыход з рэдактарскай работы, сапраўды, я ў сутнасці напрарочыў яшчэ пішучы «Паляванне на Апошняга Жураўля».

Да вясны 2002 рэдакцыя «Нёмана» была самастойнай арганізацыяй. А вясною з'явілася група, скажам так, актывістаў на чале з адным з кіраўнікоў Міністэрства інфармацыі і аб'явіла, што часопіс ліквідуецца.

Я тады ляжаў у кардыяцэнтры з праапераваным сэрцам. «Ліквідатары» аб'явілі, што ствараецца нейкі холдынг.

На самай справе прычына была ў тым, што галоўныя рэдактары «Полымя», «Маладосці», «Нёмана» дазвалялі сабе мець свой погляд на літаратурны працэс, наогул на тое, што дзеецца ў жыцці, і адпаведна фарміравалі часопісы. Кіраўніцтву такая пазіцыя рэдактараў не падабалася, іх вырашылі мяняць. Як вядома, вакол кіраўнікоў паслугачоў круціцца шмат, у тым ліку з пісьменнікаў. Вось яны актыўна і па-нялюдску ўзяліся за справу. На рэдакцыі былі арганізаваны праверкі за злоўжыванне службовым становішчам, за фінансавыя махінацыі і карупцыю. Правярала нас нават Генпракуратура. Праверкі нічога не выявілі, публічнага ганьбавання не атрымалася. Ціхенька быў прызначаны кіраўнік «холдынгу» і новыя рэдактары.

Я знарок не называю тых «ліквідатараў», каб прозвішчы іх нават такім чынам не засталіся ў гісторыі літаратуры. Бо прайшло толькі дзесяць гадоў, а іх ужо не памятае ні культурная, ні чытацкая, ні наогул грамадскасць.

***

Алесь Жук нарадзіўся ў 1947 у в. Клешаў Слуцкага раёна. Скончыў філфак БДУ. Аўтар кніг прозы «Асеннія халады», «Паляванне на старых азёрах», «Паўстанак вяртання», «Праклятая любоў»... Працаваў рэдактарам газеты «ЛіМ», у часопісах «Полымя», «Нёман». Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1992).

Сяргей Макарэвіч, nn.by