Алеся Яўдаху працягваюць судзіць за распаўсюд беларускіх кнігаў

28 верасьня працягнецца судовы працэс пад Алесем Яўдахам. На
мінулым паседжаньні 23 верасьня ў судзе дапыталі сьведкаў з боку
абвінавачаньня — супрацоўнікаў падатковай службы і паштавікоў.
Агулам на працэсе заяўлена 230 сьведак з боку абвінавачаньня. Гэта
менчукі і жыхары іншых рэгіёнаў Беларусі, якія набывалі беларускія
кнігі.
Заснавальніка інтэрнэт-сэрвісу "Кнігі поштай" Алеся Яўдаху вінавацяць у
незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці, а менавіта — распаўсюдзе
беларускіх кнігаў праз пошту.
Яўдаха сябе вінаватым не прызнае.
Алесь Яўдаха высылаў праз пошту кнігі вядомых беларускіх аўтараў: Васіля
Быкава, Уладзімера Арлова, Міколы Ермаловіча, Рыгора Барадуліна і
многіх іншых, якія цяжка набыць у дзяржаўных крамах. Пракуратура
ўгледзела ў гэтым незаконнае прадпрымальніцтва і зьвярнулася ў суд.
Яўдаху пагражае ад двух гадоў абмежаваньня волі да трох гадоў турмы.
Працэс праходзіць у судзе Кастрычніцкага раёну Менску.