Алесю Камоцкаму -- 55! Віншуем!

Паважаны Алесь Верамеевіч! Прыміце шчырыя віншаванні з юбілеем і пажаданні здароўя, дабрабыту, святла і цеплыні, творчага плёну!

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

Алесь Камоцкі нарадзіўся 9 чэрвеня 1958 года ў Барысаве. У 1975-1976 вучыўся ў музычнай вучэльні па класе кларнета (Маладзечна). У 1977-1979 гадах служыў у войску. У 1986 годзе скончыў філасофскі факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Жыве ў Мінску.

Аўтар паэтычных кніг „Спроба ісці па расе” (1997), „Наспадзяванае” (2004), „48” (2007), „Глыбіня дажджу” (2007), удзельнічаў у шэрагу супольных выдавецкіх і музычных праектаў.

Сярод альбомаў — „Першы сшытак” (1986), „Зорка спагады” (1999, на вершы Рыгора Барадуліна), „Псальмы” (2000, на вершы Рыгора Барадуліна), „Асяніна” (2001, на філасофскія вершы Ганада Чарказяна ў перакладзе Р. Барадуліна), „Дым” (2002), „Дом” (2003), „Дах” (2006), „З бацькоўскай кружэлкі” (2008), супольныя праекты — „Як усё ў жыцці” (1998, на творы Уладзіміра Жылкі), „Віно дажджоў” (2002, на творы Уладзіміра Караткевіча), „Паравіны году” (2003, песні ў выкананні Змітра Вайцюшкевіча), „Бывайце здаровы! Bella Ciao” (2004, італьянскія песні па-беларуску, беларускія — па-італьянску), „Месяц і сонца” (2004, японскія песні па-беларуску), „Тое, што трэба” (2008, песні ў выкананні Змітра Вайцюшкевіча).

Днямі ў свет выйшаў альбом "Час. Канцэрты з сябрамі" (фактычна працяг аднайменнага дыска-2012), куды ўвайшло 20 кампазіцый, 11 з якіх -- пераспевы (пераклады на беларускую мову ў адметнай аранжыроўцы) сусветна вядомых песень. Сёння, 10 чэрвеня, у Купалаўскім музеі ў 18 гадзін адбудзецца невялікая прэзентацыя гэтага дыска. А 17 чэрвеня ў 19.00 Алесь Камоцкі з сябрамі ладзіць канцэрт у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Запрашаем! 

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"