Алесю Масарэнку — 75! Віншуем!
Сёння, 12 красавіка, пісьменнік, сябар СБП Алесь Герасімавіч Масарэнка адзначае сваё 75-годдзе. Шаноўны спадар Алесь! Віншуем Вас з юбілеем і зычым моцнага здароўя, бадзёрасці і аптымістычнага настрою, дабрабыту і плёну ва ўсіх справах, поспехаў у творчасці!
ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"
Беларускі празаік, перакладчык Аляксандр Герасімавіч (Алесь) Масарэнка нарадзіўся ў 1938 годзе ў вёсцы Ходарава Слаўгарадскага раёна магілёўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння Целяшоўскай сярэдняй школы (1956) працаваў інструктарам Слаўгарадскага райкама камсамола, у 1957—1960 гг. служыў у Савецкай Арміі. У 1960 г. паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, з трэцяга курса перавёўся на вячэрняе аддзяленне і да заканчэння ўніверсітэта (1966) быў выхавацелем у школе-інтэрнаце № 13 у Мінску.
Працаваў рэдактарам на Беларускім радыё, загадчыкам аддзела газеты «Чырвоная змена», інструктарам па прамысловым адлове рачнога бабра Літоўскага заацэнтра, літсупрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва», рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі ў выдавецтве «Беларусь», адказным сакратаром часопіса «Полымя», у геадэзічнай экспедыцыі Забайкалля рабочым I разраду.
З 1977 г. — рэдактар аддзела прозы часопіса «Маладосць», з 1978 г. — сябра сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм», у 1982—1985 гг. — загадчык аддзела крытыкі і літаратуразнаўства часопіса «Полымя», з 1989 г. — літкансультант літаб'яднання «Крыніцы» пры штотыднёвіку «Чырвоная змена».
Пачаў літаратурную работу з вершаў. З апавяданнямі ў рэспубліканскім друку выступіў у 1962 г. Аўтар аповесці «На бабровых тонях» (1971), зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Журавіны пад снегам» (1976), «Сонца майго дня» (1988), рамана «Баргузінскае лета» (1982) і іншых. Пераклаў на беларускую мову аповесць бурацкага пісьменніка Б. Мунгонава «Чорны вецер» (1973).
* * * Снiлася: дастаў я з неба зорку, ды не ведаў, што мне з ёй рабiць. З зоркай на зямлю не мог ступiць з каланчы пажарнай на пагорку. Зорка мне не апякла далоняў, бо, як лёд, халодная была. Зблiзу не вiдаць яе святла – жабка шэрая з балотнiх тоняў. Адпусцiць я мусiў паланянку – хай жыве ў халоднай вышынi... Зыркаю лагодай цiшынi зорка мне смяялася да ранку.
Алесь Масарэнка