Аляксандр Фядута: Беларуская літаратура: у пошуках свабоды

(прадмова да анталогіі сучаснай беларускай літаратуры «språket som svalan bor i dess hjärta», выдадзенай у перакладзе на шведскую мову)

Парадаксальна: «Залаты век» літаратуры ў славянскіх народаў, як правіла, супадае з эпохай найбольшага абмежавання грамадзянскіх свабодаў. Пэўна, гэта звязана з тым, што менавіта ў паэтычнай творчасці чалавек знаходзіць тую раскаванасць і разняволенасць, тую вышыню палёту, якія кампенсуюць для яго недахоп свабоды ў паўсядзённым жыцці.

Так было з расейцамі і палякамі, чэхамі і сербамі.

Тое ж — цяпер — з беларусамі.

Беларуская мова некалькі стагоддзяў заставалася невядомай у Еўропе як мова найбагатай літаратуры. З эпохі славянскага першадрукара Францыска Скарыны прайшло шмат часу — і ён апынуўся ў цені дзвюх культураў: польскай і расейскай. Спачатку, як частка Рэчы Паспалітай, тэрыторыя сучаснай Беларусі стала донарам для польскай літаратуры, затым, увайшоўшы ў выніку гвалтоўных падзелаў польска-беларускай дзяржавы ў склад Расійскай імперыі, давала літаратараў-рэкрутаў расейцам. Два самыя знакамітыя пісьменнікі гэтых народаў у XIX стагоддзі — Адам Міцкевіч і Фёдар Дастаеўскі — этнічныя беларусы.

Потым прыйшла савецкая эпоха...  Парасткі, якія зарадзіліся на пачатку ХХ стагоддзя ў Вільні і Пецярбурзе, пры новай уладзе далі свае ідэйныя ўзыходы: і Янка Купала, і Якуб Колас былі пры жыцці кананізаваныя як нацыянальныя класікі, а Максім Багдановіч, які рана памёр, ператварыўся ў легенду.

На хвалі рэвалюцыйнага запалу з’явіліся новыя, маладыя імёны таленавітых паэтаў, якія змаглі нагнаць відочнае шматгадовае «спазненне». Паэты Уладзімір Жылка, Уладзімір Дубоўка, Язэп Пушча, крытык Адам Бабарэка, празаікі Максім Гарэцкі, Міхась Зарэцкі і Андрэй Мрый сталі надзеяй гэтай новай літаратуры. Але сталінскія рэпрэсіі абарвалі іх творчы ўзлёт: кагосьці расстралялі, хтосьці замоўк пасля шматгадовай высылкі. Творчасць лепшых з выжыўшых — такіх, як Максім Танк або Аркадзь Куляшоў — несла на сабе бязвыйсцевы адбітак савецкасці. І гэта таксама было трагедыяй: лепшыя паэты народа не маглі быць самі сабой.

Новая хваля вольнай творчасці была ўзнятая хрушчоўскімі антысталінскімі рэформамі. І хоць яны захлынуліся і былі гвалтоўна прыпыненыя, у літаратуры назаўжды застануцца імёны Васіля Быкава ды Івана Мележа, Уладзіміра Караткевіча і Міхася Стральцова. Нягледзячы на адрынутасць эмігранцкай літаратуры ад культурнага мейнстрыму беларускай метраполіі, нароўні з імі ганаровае месца ў гісторыі свайго народа — а значыць, і агульнай еўрапейскай культуры — займае творчасць дысідэнткі Ларысы Геніюш, эмігрантаў Наталлі Арсенневай, Масея Сяднёва, Рыгора Крушыны.

А далей — пачынаецца сучаснасць.

Адтуль, з далёкіх 1960-х.

Таму што сённяшняя «жывая класіка» беларускай літаратуры — Ніл Гілевіч і Рыгор Барадулін, Віктар Казько і Анатоль Вярцінскі, Генадзь Бураўкін і Вольга Іпатава — адтуль. Іх імкненне пераймаць высокія класічныя ўзоры часам узрываецца знутры, калі глыток паветра, зроблены падчас вольнага палёту маладосці, стукае ў галаву мацней, чым вясёлы хмель шампанскага. І самы яркі, самы малады з іх — апошні класік — Уладзімір Някляеў бунтаваў, узрываўся, кіпеў, пакуль Паэзія хісткай сцежкай як вольным радком прывяла яго ў палітыку.

Верагодна, спроба кандыдата ў прэзідэнты Беларусі ў 2010 годзе Уладзіміра Някляева змяніць свет вакол сябе і краіну ў свеце стала апошняй спробай палітычнага рэваншу беларускай паэзіі.

Новае пакаленне разумее, што літаратура — не столькі імкненне паўтарыць класічны ўзор, дасягнуць таго ж, чаго дасягнулі папярэднікі, колькі — будаўніцтва новай класікі. Уласнай. Даніна павагі тым, хто быў да цябе, — несумнеўная (невыпадкова лепшыя кнігі галоўнага пісьменніка гэтага пакалення, Уладзіміра Арлова, пабудаваныя на гістарычных сюжэтах альбо напоўненыя рэмінісцэнцыямі з беларускай гісторыі). Але новая сістэма вартасных каардынатаў павінна быць не запазычаная з мінулага, а менавіта выбудаваная. Гэтаму дапамагла беларуская ўлада, якая адабрала ў найбуйнейшай пісьменніцкай арганізацыі краіны спачатку офісы, затым — літаратурныя часопісы і газету і, нарэшце, імя.

Пакаленне тых, каму было ў гэты час сорак гадоў, пачалі будаваць усё наноў. Яно было змушанае гэта зрабіць, бо новая ўлада аказалася не проста некультурнай — а антыкультурнай.

Калі-небудзь гісторыя беларускай літаратуры адзначыць заслугі ў гэтым будаўніцтве ахвяраваўшага акадэмічнай кар’ерай дзеля вольнай творчасці Алеся Пашкевіча і галоўнага рэдактара новага часопіса «Дзеяслоў» Барыса Пятровіча. Духоўна засталіся з гэтым пакаленнем Людміла Рублеўская і Леанід Дранько-Майсюк, што імкнуцца да класікі. Як далёкая зорка, чыё святло не даходзіць да зямлі, але аб існаванні якой памятаюць, ахінае іх старэйшы па ўзросце Алесь Разанаў, які адважыўся адарвацца ад «класікаў».

І толькі адзін — крытык і эсэіст Валянцін Акудовіч адважыўся прызнацца ўслых: «Мяне няма». Маючы на ўвазе, што няма ні яго, ні яго пакалення.

Арыентуючыся на класіку, беларуская літаратура зноў апынулася ў сітуацыі, калі быў абраны ўжо вычарпаны шлях. Немагчыма быць Купалам больш, чым Купала, як немагчыма быць Стрындбергам больш, чым Стрындберг. Маладому народу патрэбная маладая літаратура, таму што толькі маладосць шукае свабоду, тады як старасці падаецца, што яна яе ўжо знайшла.

Знакам маладога пакалення стаў Андрэй Хадановіч. Паэт, чые лепшыя вершы настолькі цытатныя, што практычна неперакладальныя. Бо цытаты Хадановіч бярэ як з Бібліі, Карана, іншых найвядомых гістарычных і сакральных тэкстаў, з вершаў еўрапейскіх паэтаў рангу Бадлера, Міцкевіча, Пастэрнака, так і з творчасці беларускіх класікаў, вялікая частка якіх не перакладзеная на асноўныя сусветныя мовы.

Тады — як перакласці самога Хадановіча?

І як перакласці вершы іншых паэтаў новага пакалення: Віктара Жыбуля, Веры Бурлак (больш вядомай пад псеўданімам Джэці), Усевалада Сцебуракі, Віталя Рыжкова, Анкі Упалы, Вальжыны Морт, Вікі Трэнас, Валярыны Куставай? Тыя, хто ўступіў у літаратуру ўжо ў суверэннай Беларусі, арыентаваныя на ўласную самагоднасць. Іх хвалюе не перайманне ўзораў, а пошук новай сістэмы каардынат. Класіка становіцца для іх гульнёй. У параўнанні з Нілам Гілевічам Вера Бурлак успрымаецца як паэтычная тэрарыстка, якая абвязалася гранатамі, каб падарвацца разам з гэтым жывым помнікам мінулай літаратурнай эстэтыкі.

Гэтыя тры пакаленні жывуць і суіснуюць у сучаснай беларускай літаратуры. У іх ёсць свае чытачы і прыхільнікі. Іх выдаюць, іх кнігі раскупляюцца. Усе разам яны вырашаюць агульную звышзадачу: захоўваюць для нашчадкаў гукі роднай мовы.

Пакаленне 1960-70-х гадоў, якое пакінула сваю маладосць і сваю свабоду ў СССР — у краіне, якой больш не існуе, непазбежна сыйдзе, пакідаючы месца ў літаратуры новым аўтарам. Як сыйдуць і тыя, хто ўступіў у літаратуру ў першыя гады суверэнітэту Беларусі. Такі закон жыцця. Маладосць перамагае.

Але застаюцца літаратурныя міфы.

Адзін з іх — міф аб Вялікім Беларускім Пісьменніку, Якога Прызнае Свет.

Знакам такога прызнання стала Нобелеўская прэмія ў галіне літаратуры.

Беларусы ўпэўненыя: калі які-небудзь аўтар, што стварыў тэкст на беларускай мове, уганаруецца гэтай прэміі, усё раптам зменіцца. Народ, індыферэнтны да ўласнай гісторыі і культуры, раптам празерыць, пачне паважаць сам сябе. Беларускія палітыкі зразумеюць, што нацыянальная дзяржава мае права на існаванне і ў пачатку XXI стагоддзя. І пытанне «Быць або не быць Беларусі суверэннай і дэмакратычнай краінай?» больш ніколі не мецьме актуальнасці, бо адказ на яго будзе дадзены раз і назаўсёды.

Беларусы мараць аб Нобелеўскай прэміі для Беларусі.

Першыя гады пасля здабыцця суверэнітэту на яе высоўвалі Васіля Быкава. Высоўвалі, нягледзячы на тое, што тэма Другой сусветнай вайны, якая была цэнтральнай для яго творчасці, даўно страціла сваю актуальнасць для Еўропы. Але сама асоба Быкава, які стаў для суверэннай Беларусі ідэйным адпаведнікам Сартра, не давала магчымасці ўсвядоміць бесперспектыўнасць гэтага вылучэння. Еўропа канца ХХ стагоддзя не магла вярнуцца ў 1960-я гады.

Пасля смерці Быкава загаварылі аб феномене Рыгора Барадуліна — віртуоза беларускай паэзіі, самага беларускага па светаўспрыманні і вобразнай сістэме — і таму найменш перакладнога з беларускіх «класікаў». І менавіта таму аб вялікім паэце Барадуліне мала хто ведаў за межамі Беларусі.

Як мала хто ведаў у Еўропе і аб самой Беларусі. Не, ведалі, але яе літаратура таксама заставалася нібы за межамі агульнаеўрапейскага літаратурнага мацерыка. Толькі найблізкія народы-суседзі — такія, як палякі ды ўкраінцы, летувісы і расейцы, чыя гісторыя хоць бы часткова супадала з гісторыяй саміх беларусаў — мелі аб ёй пэўнае ўяўленне.

Цяпер сітуацыя змянілася.Шмат у чым змянілася яна дзякуючы феномену беларусаў як апошняй нееўрапейскай нацыі ў Еўропе. Шэрая пляма ў цэнтры еўрапейскай карты здабыла контуры, пачала актыўна пульсаваць, выклікаючы ўсё большую цікавасць. Такую цікавасць выклікаюць народы, якія добраахвотна адмаўляюцца ад Свабоды.

Сёння цікавасць да Беларусі — цікавасць да краіны, якая адмовілася ад Свабоды. Да народа, які абраў неааўтарытарны шлях развіцця. Да культуры, якая адмовілася ад уласнай мовы.

Бо на самай справе цікава: якая можа быць літаратура ў такога народа, у такой краіне, у такі час?

Анталогія, якую чытач трымае цяпер у руках, у гэтым дачыненні цікавая ўдвая.

Гэта спроба прадставіць на шведскай мове — мове той культурнай установы, якая прысуджае галоўную і недасягальную для беларусаў літаратурную прэмію, — літаратуру, якая выйшла з ценю. У першую чаргу, зразумела, паэзію: яе заўсёды нашмат складаней перакладаць.

І гэта спроба прадставіць шведскаму чытачу адначасова ўсе кірункі ўсіх пакаленняў, якія актыўна працуюць сёння ў беларускай літаратуры.

Гэтая кніга — адкрыццё. Літаратура апошняга нееўрапейскага народа Еўропы прарывае міжмоўны бар’ер, каб заявіць пра сябе.

І як кожны з прадстаўленых у анталогіі аўтараў мае сваю чытацкую аўдыторыю ў Беларусі, насамрэч гэтак жа яны могуць знайсці — і, напэўна, знойдуць! — свайго чытача і ў Швецыі.

Еўрапейскай нацыю, народ робіць найперш не геаграфічнае размяшчэнне, а датычнасць да агульнай гісторыі і агульных культурных і маральных каштоўнасцяў. Ёсць гэтая повязь — і гэты народ існуе ў Еўропе.

Але, з іншага боку, як выявіць гэтую датычнасць, калі не праз разуменне яго культуры іншымі народамі? Пісьменнік, цэлае пакаленне пісьменнікаў услед за Валянцінам Акудовічам можа выгукнуць: «Мяне няма!» — але гэта не значыць, што няма і цэлага народа.

Што ж рабіць, каб — быць?

Марыйка Мартысевіч, адна з яркіх паэтак новай Беларусі, напісала верш з назвай, якая фактычна дае адзіна магчымую палітычную праграму ў нашай краіне: «Нарадзі прэзідэнта!».

Гэта значыць, што беларусы павінны не праз рэвалюцыю, а праз эвалюцыю і мірныя рэформы змяніць сваю краіну. Гэта, дарэчы, было адказам іншаму беларускаму паэту, Славаміру Адамовічу, які заклікаў: «Забі прэзідэнта!».

Калі Мартысевіч пісала гэтыя радкі, яны падаваліся верхам паэтычнай прадбачлівасці і адвагі. Цяпер відавочна, што гэтага недастаткова. Недастаткова, каб народ нарадзіў рэфарматара, які ведае, як пераўладкаваць сваю краіну. Гэтага мала.

Трэба нарадзіць Паэта.

Калі беларусы будуць любіць і шанаваць сваіх паэтаў больш, чым сваіх палітыкаў, ёсць шанец, што мы атрымаем свабоду. Бо толькі Паэт можа дапамагчы кожнаму з нас адчуць шчасце сабоднага палёту і прыгажосць вольнага верша.

Літаратурная Беларусь № 61