Аляксандр Лукашук сёння прэзентуе новую кнігу

У вечарыне возьмуць удзел Валянцін Акудовіч, Уладзімер Арлоў, Аляксандар Лукашук, Генадзь Мацур, Уладзімер Някляеў, Пятро Садоўскі, Барыс Пятровіч. Пачатак у 17.00. Уваход вольны.
Вось што расказаў Аляксандар Лукашук пра сваю новую кнігу:
„Зкімбы-зымбы“ — у перакладзе з адной паважанай мовы гэта фактычна азначае — чаму б не напісаць пра сяброў. Бо што насамрэч чакаць радасную ці сумную нагоду, да таго ж невядома, каму пісаць першым. Прынцып такі — зкімбы хацеў бы апынуцца на высьпе ці ў турме, ці ў Парыжы. І вось аказалася, што зь некаторымі па ўсіх гэтых адрасах зымбы (у перакладзе як дома). Іншымі словамі заўчасныя ўспаміны пра людзей, зь якімі я сустракаўся, спрачаўся, якія мелі ўплыў. Ад Янкі Брыла да Мілтана Фрыдмана, ад Уладзі Арлова да Вацлава Гаўла.
Першая частка кнігі — асабістае, літаратурны сямейна-гістарычны кантэкст. Другая — постаці. Гэта люстрацыі наадварот, постаці сяброў, людзей, якіх я лічу важнымі для сябе. І трэцяя частка прысьвечана Васілю Быкаву, вялікаму сябру беларускай службы Радыё Свабода, нашаму слухачу і нашаму аўтару. Там перапіска. інтэрвію, успаміны, а таксама адзін малюнак Быкава, на якім намаляваны я сам».
Фрагмэнты кнігі штодня ў эфіры Свабоды чытае аўтар.
Слухачы Радыё Свабода і наведнікі сайту Радыё Свабода могуць атрымаць кнігу з подпісам аўтара ў падарунак — прысылайце заяўку на адрас: паштовая скрынка 111 Менск 5, індэкс 220005, электронны адрас — svaboda@refrl.org
Дырэктар беларускай Свабоды Аляксандар Лукашук — аўтар кнігаў «Сьлед матылька. Освальд у Менску», «Прыгода АРА ў Беларусі», «У фіялетавай ночы вугал крыла», «За кіпучай чэкісцкай работай», «Філістовіч. Вяртаньне нацыяналіста», «Зьдзек». Ляўрэат прэміі беларускага ПЭН-цэнтру імя Францішка Багушэвіча і літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес».