Аляксей Белы адзначае юбілей

20 снежня паэту і журналісту, сябру ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Аляксею Беламу споўнілася 60 гадоў. Шаноўны Аляксей Ільіч! Прыміце нашыя шчырыя віншаванні! Зычым здароўя, аптымізму, дабрабыту і няспынных творчых пошукаў.

 ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

Баранавіцкаму паэту Аляксею Беламу — 60 гадоў!  

Аляксей Белы — адзін з самых пазнавальных творцаў Баранавіч, чые кнігі прасякнуты шчырымі пачуццямі да роднай зямлі і яе людзей.

Аляксей Белы — не толькі таленавіты паэт, але і прафесійны журналіст, сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў, Беларускай асацыяцыі журналістаў, а таксама Беларускага ПЭН-цэнтра. Ад 2006 года Аляксей Белы таксама — дырэктар-галоўны рэдактар прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «ІнтэксПрэс-Рэгіён».

З-пад пяра Белага на сёння выйшла пяць паэтычных зборнікаў: «Тридцать второе августа» (1994), «Невольничьи песни» (1997), «Каляровыя сны» (1999), «Боскі вецер правінцыі» (2002) і «Кветкі ў стагах» (2010).

Неўзабаве мусіць пабачыць свет шостая кніга вершаў Аляксея, якая будзе называцца «Прыватны сектар»:

«Момантаў, калі цябе штосьці здзіўляе і ўражвае, з гадамі з’яўляецца ўсё меней. Таму, вядома, у юнацтве пісалася больш, чым цяпер. Дарослы чалавек увесь час заняты нейкімі справамі. Гэтага патрабуе і рытм цяперашняга жыцця. У нас ва ўсіх ёсць абавязкі перад блізкімі людзьмі, і мы мусім выконваць іх сумленна. А на творчасць застаецца ўжо толькі тое, што застаецца. Але ў мяне няма шкадавання з той нагоды, што я не аддаю сваёй творчасці ўвесь час. Калі Бог даў нам гэту здольнасць, то чалавек знойдзе час і пакіне пасля сябе ўсё, што яму наканавана пакінуць».

Рэдакцыя Intex-press віншуе Аляксея Белага з юбілеем і зычыць яму моцнага здароўя, плёну і новых адкрыццяў у творчасці і жыцці!

Алесь Гізун, Аляксандр Трыпуцька, intex-press.by