Аляксей Філатаў: Асенні ранак (пра паэта Івана Арабейку)

Я жыў — і нельга перайначыць,
І прарастала зерне ўдач
На чорных скібінах няўдачы…
Іван Арабейка


…Ужо каторы раз мама ціхенька просіць: «Прачынайся, уставай, сынку, табе чараду пасвіць». А ўставаць так не хочацца! І маці шкадуе, дае магчымасць яшчэ хвілінку паспаць. Нарэшце ў сямігадовага падпаска за плечукамі — торба, у руках — ляшчынавы кій. Так, «не белы і не русы, а колерам у спелае жніво», Іванка Арабейка — падпасак, бо за пастуха — не намнога старэйшы ягоны родны брат. 

Торба за плячыма ў парабкаў — чужая: яны найміты — людскую скацінку пасуць. А вось кій, рабенькі i зграбны, бы цацачка, — уласнай вытворчасці, бо рукі ў палешукоў ад бацькі i ад Бога, ад роднае зямлі, як i сэрцы іхнія, пакуль памерам з кулачок, — залатыя.

Уладзімір Андрэевіч Калеснік не мог надзівіцца, чаму Палессе «ў час вайны i адразу пасля яе нарадзіла так шмат чулых сэрцам дзяцей». Іван — адзін з ix. I цягне ён цяпер парэпаныя, адубелыя, босыя свае нажаняты праз колкую жнівеньскую расу «ўслед за сонцам» у аколіцах роднае вёсачкі з п’янкім імем Хмелева бліз Жабінкі. 

Я вухам не чуў i вокам не бачыў Івана, але ведаў ужо пра яго ў далёкім 55-м, бо вучыўся разам з ягоным суседам, які таксама не мог надзівавацца той празе да працы, той нястачы, якую пораўну дзялілі шматлікія дзеці сям’і Сяргея Арабейкі, намагаючыся з апошняе моцы дапамагчы бацькам  зарабіць на хлеб. «Каб браць той хлеб было не грэшна, я дровы сек i печ пaлiў», — вобразна скажа Іван праз гады ў вершы «У хаце сонечна было» з першага ягонага паэтычнага зборніка «Услед за сонцам», пачынаючы распрацоўку ў сваёй спеўнай лірыцы тэмы любові да маці-жанчыны, якая нарадзіла, i маці-Радзімы, маленькай i найвялікшай у свеце, якія вывелі, нягледзячы на «чорныя скібіны няўдач», каржакаватага, у корань, вясковага хлопца ў людзі.

За сваё шматгадовае i скрутнае літаратурнае жыццё (нарадзіўся 26 сакавіка 1942 года) Іван Сяргеевіч выдаў толькі дзве паэтычныя кніжкі. Другая мае назву «Асенні ранак».

З 1979 года Іван — сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў. А ў тыя гады афіцыйным пісьменнікам было стаць цяжэй, чым у космас узняцца. Дарэчы, прысвяціў ён верш i нашаму зорнаму земляку Пятру Клімуку, ды я б сказаў: не так яму, як ягонай маці...

Чытаем Іванаў cпeў, i паціху, шчымліва радуецца душа, i дзякуем Богу за тое, што звёў з чалавекам, які так звонка, іскрыста, так чула i далiкатна-замілавана выказаў i твае запаветныя пачуцці i думы, ухваліў, здзівіўся красою нашай непаўторна-самабытнай зямлі, раскрыў існасць душы палешука. 

Пячэ — нi воблачка нідзе,
На лузе конікі замоўклі,
I толькі чмель адзін гудзе
Вакол рамонкавай галоўкі.
Зграбаем сена, ну а дзед,
Яго стагуючы, жартуе:
«Яно як чай, карова з’есць —
Яшчэ i ў pyкi пацалуе».


Аснова i выток пачуццёва-пейзажна-інтымна-патрыятычнай паэзіі Арабейкі — вясковыя, цнатліва-чыстыя, надзвычай сціплыя, нават неяк пяшчотна-сарамлівыя. Ну, не можа Богам адзначаны дзівак-чалавек, бы натоўп «самаўпэўненай пасрэднасці» (Янка Брыль), кляпаць i трубіць оды «времени, себе и ему». Але мімаходзь адзначым, што i вытворчую, пралетарскую тэму не мінае ў сваёй творчасці інжынер па адукацыі Арабейка.

I робiць гэта па-майстэрску, таленавіта, да парушынкі спазнаўшы тэхналогіі вытворчасці... «газавых пліт, шкла, папярэдне напружанага бетону», i пры гэтым тлумачыць прычыну поспехаў як паплечнікаў, так i ўласную: жарыць «сэрцаў нашых агонь! Барвовае полымя печы бушуе, бушуе ў вачах»…

Не мог дзіця вайны Арабейка абмінуць подзвіг бацькоў, «якія жыцці нам падаравалі i ў зямлю навек ляглі» (Расул Гамзатаў). Сваю паэму «Сцяна» Іван выпакутаваў, падслухаў у звоне цішыні Брэсцкай крэпасці i золкім ранкам, i росным вечарам, i зорнай ноччу. Вобраз камicapa, жывога чалавека, які пускае слязу на рукаво шыняля, шкадуючы цёплых, жывых дзяцей cвaix, юнакоў-салдацікаў, якія «у дальнім гуле слухаюць трывогу», стане прыкладам вобраза чалавека на вайне. Ідэя гэтага амаль дакументальнага эпічнага твора: «Як да зарэзу мне трэба помніць мінулыя дні! Каханне вечна, над iм не ўладны бег гадзін». А тыя, хто загінуў, баронячы Радзіму, сёння сталі «шчэбетам птахаў, травою ля вады», i прысутнасць іхняя назаўсёды! Гэты праведны сказ пра час, ад якога мераюць свой кон многія на нашай зямлі, прыйшоў да Арабейкі ад Твардоўскага, у паэзію каторага ён бясконца ўлюбёны.

Здзіўляе метафарычнасць, лірызм, тонка падгледжаная дэталь, ласкавы гумарок, вобразнасць творчага набытку паэта. Абагаўлёныя Іванам хмель i журавы. Знакамітая ў літаратурным коле «белая, белая будка, дзе дзяўчо каля будкі, як незабудка». Крахабор, злыдзень, што нават камень, які за пазухай насіў, npaciў, «каб на грудзі палажылi на магіле». А чаго варты марцовы кот, «які прыходзіць досвіткам дамоў ды ўсё расол халодны п’е, а ўдзень, як выгнаны прымак, пад прызбай грэецца з варонамі»! А «аловак — паяльнік сакрэтаў мaix, што пакідае на паперы абвуглены след!»…

У адным з вершаў Янка Арабейка (прабач, Іване, за Янку; сарвалася з душы) разважае: «Можа, буду воблакам ці лазою там, за небакраем?». Не, ты ўжо сёння, у свае 70, як сам сказаў,

Падняўся дрэвам гонкім
Пераўзышоў тым самым 
небыццё…
Ты разышоўся голлем у блакіце,
Стамлёны вырай прытуліў 
вясной не раз.


Набралася моцы ўлюбёнае ў жывое на Зямлі тваё сэрца, здзейсніліся твае надзеі. Ты стаў голасам сваіх землякоў, чые сэрцы разбіваліся моўчкі, асабліва тых, хто насуперак току валынскай роднай крыві прытуліў да сэрца спеўнае слова Купалы і Коласа, мову шматпакутнага беларуса.

І слаўна, хораша, што апошнім часам твой голас зноў загучаў напоўніцу, бо душа твая, адчуваючы, што «зусім не мінулы, а мой жорсткі век», прамаўляе: «Не магу маўчаць».

 

Літаратурная Беларусь № 67, 2012