Аляксей Жбанаў — пра праект “Песні філаматаў і філарэтаў”

— Ваш праект, які папулярызуе спадчыну філаматаў і філарэтаў, ужо атрымаў у Беларусі вядомасць. Раскажыце, калі ласка, пра яго падрабязней: як узнікла гэтая ідэя і ці складана было яе рэалізаваць?

 

— Ідэя праекту “Песні філаматаў і філарэтаў” узнікла ў канцы 2008 году, калі, пазнаёміўшыся з выдатным беларускім музыказнаўцам, супрацоўніцай Беларускай акадэміі музыкі і творчага калектыву “Беларуская капэла” Святленай Немагай, я праспяваў ёй на ўласную мелодыю верш А. Міцкевіча “Хай радасць з вачэй нашых блісне” (у перакладзе з польскай Кастуся Цвіркі). Гэтая песня з’явілася падчас майго навучання ў Маскве дзякуючы падоранай аднойчы кнізе “Філаматы і філарэты”, якую ўклаў і выдаў якраз спадар Цвірка. Мы з сябрамі не раз спявалі яе потым, праходзячы паблізу помніка Адаму Міцкевічу на рагу Нямігі і Гарадскога вала ў Мінску.

 

 

“Хай радасць з вачэй нашых блісне…” Музыка А. Сакульскага, словы А. Міцкевіча, пераклад К. Цвіркі. Выконваюць Аляксей Жбанаў, Сяргей Долгушаў, Зміцер Занеўскі. Свята вулічнай музыкі (Мінск, верасень 2011)

 

 Святлена Немагай, паслухаўшы мяне, нібы няўзнак спытала, ці ведаю я арыгінальную мелодыю да гэтага верша, напісаную за часамі філаматаў кампазітарам Антонам Сакульскім. Я быў ашаломлены. Безумоўна, я ўсведамляў, што верш Міцкевіча мусіў спявацца філаматамі, але быў упэўнены, што тая даўняя мелодыя згубілася і сёння нікому не вядомая. Аднак высветлілася, што колькі гадоў таму спадарыня Святлена, працуючы ў архівах Вільні ў пошуках матэрыялаў па гісторыі беларускай музыкі ХІХ стагоддзя, выпадкова натрапіла на рукапісны нотны сшытак Брыгіды Свентажэцкай — жонкі аднаго з галоўных філаматаў Тамаша Зана, якая ў 1855 годзе (відавочна, незадоўга да яго смерці) запісала мелодыі цэлага шэрагу песняў, як студэнцкіх часоў, так і пазнейшых, створаных самім Занам у выгнанні альбо іншымі аўтарамі ў яго гонар пасля вяртання на радзіму. Яна скапіявала каштоўную знаходку, адшукала арыгінальныя тэксты практычна да ўсіх твораў і апрацавала нотны запіс.

 

 Адсканаваўшы ласкава пазычаны сп. Святленай сшытак Б. Свентажэцкай, я пачаў паціху падбіраць беларускія пераклады да песняў. Асноўнай крыніцай тэкстаў сталася кніга “Філаматы і філарэты”, а таксама асобныя выданні вершаў Я. Чачота. Практычна ўсе знойдзеныя пераклады былі зробленыя К. Цвіркам, і толькі да адной цудоўнай мелодыі не знайшлося перакладу верша Чачота “Precz, precz, nudy troski!”. Давялося ўзяцца за справу самому, хоць і не без ваганняў, бо я зусім не валодаю польскай. Усё выявілася прасцей, чым я думаў, і праз некалькі гадзін роздумаў пераклад быў гатовы. На жаль, некалькі песняў так і засталіся без тэкстаў, бо не атрымалася знайсці ні пераклады, ні арыгіналы, а былі адно радкі, запісаныя па-польску ад рукі сп. Святленай і да таго ж з пропускамі асобных словаў. Спадзяюся, што і гэтыя творы з цудоўнымі мелодыямі таксама загучаць на нашых выступах.

 

Паралельна вялася праца па далучэнні да праекту сяброў і знаёмых, якія маюць музычныя здольнасці. Галоўнай памочніцай і натхняльніцай у гэтай справе стала Алена Генадзеўна Прохарава — прафесійны музычны педагог і акампаніятар. Яна ажыўляла ноты песняў, іграючы іх на фартэпіяна. Для мяне гэта было надзвычай важна, бо, не маючы музычнай адукацыі, я развучваю мелодыі толькі на слых. Больш за тое, Алена Генадзеўна зрабіла безліч карысных парадаў і заўваг як адносна тэхнікі выканання, так і стварэння мастацкага вобразу ў кожнай песні. Яна ж захоплена расказвала пры нагодзе пра будучы праект знаёмым і незнаёмым.

 

 Разам са мной песні філаматаў практычна ад пачатку развучвалі Сяргей Долгушаў (Клачкоў) — на той час студэнт Беларускай акадэміі музыкі па класе вакалу, і Рома Абрамчук — бард, паэт, культуролаг, у мінулым актыўны удзельнік моладзевага таварыства “Этна”. Пазней да сталага кола выканаўцаў далучыліся Зміцер Занеўскі, Цімох Акудовіч. На рэпетыцыі прыходзілі і іншыя выдатныя хлопцы, але з розных прычын не затрымаліся надоўга.

 

Праца над праектам магла б цягнуцца доўга, але яе паскорыла запрашэнне Музея гісторыі беларускай літаратуры выступіць у межах Ночы музеяў 16 траўня 2009. Менавіта ў гэты дзень і адбылася прэм’ера праекту “Песні філаматаў і філарэтаў”.

 

Літаральна за некалькі гадзін да выступу я ўпарадкаваў развучаныя песні, кіруючыся найперш храналагічным прынцыпам (паводле прыблізнага часу іх напісання), а паміж музычнымі нумарамі зрабіў невялікія ўстаўкі — звесткі пра таемныя таварыствы філаматаў і філарэтаў, вытрымкі з лістоў А. Міцкевіча, Я. Чачота, Т. Зана, І. Дамейкі, з іх вершаў і ўспамінаў. З таго дня структура праграмы прынцыпова не змянілася, хоць дадаліся і новыя песні, і значна пашырылася факталагічная частка. Атрымалася даволі спецыфічная форма, якую, відаць, правільна будзе назваць “канцэрт-лекцыя”.

 

 Большасць песняў, якія гучаць у межах праекту, напісаная на вершы Я. Чачота, а таксама А. Міцкевіча, Т. Зана, А. Адынца. Гэтыя тэксты спяваліся на мелодыі вядомых беларускіх (“крывіцкіх”, паводле азначэння Я. Чачота) народных песняў, украінскай народнай песні, аўтарскія мелодыі М. Шыманоўскай, Т. Зана, К. Тызенгаўза.

 

Тры песні (на словы А. Міцкевіча, Я. Чачота і А. Адынца) выконваюцца на маю музыку. Акрамя ўжо згаданай “Хай радасць з вачэй нашых блісне”, гэта песня, напісаная падчас следства ў зняволенні, “Прэч ад нас, прэч смутку хмары” і адзіны твор у нашым праекце, не перакладзены, а напісаны Я. Чачотам адразу па-беларуску — “Едзе ж міленькі Адам”.

 

“Прэч ад нас, прэч смутку хмары…” Музыка А. Жбанава, словы А. Э. Адынца, пераклад К. Цвіркі. Выконваюць Аляксей Жбанаў, Сяргей Долгушаў, Зміцер Занеўскі. Свята вулічнай музыкі (Мінск, верасень 2011)


 Асобнае месца ў праграме адразу заняла “Песня Марылі” — беларуская народная песня “Да цераз мой двор цяцера ляцела”, якую, згодна з успамінамі відавочцаў, спявала Адаму Міцкевічу яго каханая — Марыля Верашчака.  На прэм’еры ў Музеі гісторыі літаратуры яе бліскуча выканала салістка Беларускай дзяржаўнай філармоніі Яўгенія Каральчук. А потым склалася своеасаблівая традыцыя перад кожным выступам знаходзіць мясцовую дзяўчыну і хутка развучваць з ёю “Песню Марылі”. Гэта не заўсёды бывае лёгка, але дае гарантаваны эфект — слухачы вельмі цёпла прымаюць сваю зямлячку ці аднакласніцу ў рамантычным вобразе Марылі Верашчакі.

 

За два з лішкам гады, што прайшлі ад першай прэзентацыі, “Песні філаматаў і філарэтаў” шматкроць гучалі ў музейных залах, студэнцкіх і школьных аўдыторыях Мінска, Віцебска, Гародні, Берасця, Гомеля, Магілёва, Наваградка, Полацка, Слоніма, Чэрвеня, Наваполацка. Трэба адзначыць, што праект атрымаў сур’ёзную падтрымку ад грамадскай ініцыятывы “Будзьма беларусамі!” і МГА “Гісторыка”. Адбылося некалькі вандровак па мясцінах філаматаў на Наваградчыне з паланэзам, студэнцкім фальклорам ХІХ стагоддзя і сумесным распіццём малака. Праца над праектам працягваецца — развучваюцца новыя творы з нотнага сшытка Б. Свентажэцкай, удасканальваецца выканальніцкае майстэрства, далучаюцца новыя удзельнікі са сваімі ідэямі і прапановамі.

 

— Як Вы думаеце, ці могуць песні філаматаў і філарэтаў зрабіцца чымсьці накшталт “Gaudeamus” для беларускага студэнцтва? Як прымаюць гэтыя песні Вашыя слухачы?

 

 — Шчыра кажучы, гэта мая найбольшая мара як аўтара праекту — каб песні філаматаў і філарэтаў атрымалі новае жыццё, загучалі (хай сабе і не ўсе) са сцэнаў, у сценах універсітэтаў, увогуле ў моладзевых асяродках. Мне здаецца, яны маюць вялікі патэнцыял, закладзены іх стваральнікамі і першымі выканаўцамі — таленавітымі, разумнымі, сумленнымі, трохі ідэалістычнымі хлопцамі з Наваградчыны, Віленшчыны, Ашмяншчыны, Падляшша, нашымі выдатнымі землякамі. Падчас кожнага выступу мы раздаем гледачам адмысловыя спеўнікі з тэкстамі песняў з праекту, і нам досыць актыўна падпяваюць. Тэксты, ноты, аўдыё- і відэазапісы размешчаныя таксама на старонцы “Песні філаматаў і філарэтаў” у “Кантакце”. Я гатовы дапамагчы ўсім ахвотным у развучванні песняў і іх далейшым выкарыстанні.

 

Увогуле, магу зазначыць, што творчасць філаматаў і філарэтаў, раней аддаленых ад нас часавай дыстанцыяй і моўным бар’ерам, выклікае прыкметную цікавасць з боку сучаснікаў, як і іх незвычайныя лёсы. Па сутнасці, праект перасягнуў межы простай прэзентацыі беларускага студэнцкага фальклору ХІХ стагодззя, як гэта планавалася спачатку. Праз аповеды пра найбольш славутых філаматаў і філарэтаў — ад іх студэнцкіх гадоў да выгнання і, у некаторых выпадках, шчаслівага вяртання на радзіму — мы спрабуем асвятліць пакручасты гістарычны лёс нашай краіны ў цэлым, які непасрэдна ўплывае на сучаснасць. Адно толькі пытанне пра нацыянальную і культурную самаідэнтыфікацыю філаматаў вартае асобнай навуковай дыскусіі — а такіх пытанняў ХІХ стагоддзе пакінула вельмі шмат. На жаль, пакуль што нам не хапае часу менавіта на дыскусіі, абмен меркаваннямі на тэмы, падказаныя праектам. Спадзяюся, усё гэта яшчэ наперадзе. 

Чытаць інтэрвію цалкам на prajdzisvet.org

Фота Кастуся Шыталя, westki.info