Аляксею Пяткевічу – 85!

На пачатку ліпеня 44-га

Тое лета было вельмі гарачым і сонечным. У ціхія падвячоркі чуўся, хоць і слабы, глухі, нібы з-пад зямлі, няспынны гул гарматнай кананады.Ішоў

ён з поўдня, з-пад Слуцка. Мы, хлапчукі, правяралі гэты гул, лёгшы і шчыльна прыклаўшы вуха да долу. Тады чутно было, як паныла і трывожна дае пра сябе знаць нейкая далёкая і злавесная сіла і як дробненька дрыжыць зямля, нібы жывая. У мястэчку (Новы Свержань цяперашняга Стаўбцоўскага р-на) усе ўжо ведалі, што немцы вось-вось адступяць і прыдуць Саветы. Немалы нямецкі гарнізон, што месціўся ў казармах каля местачковых могілак і быў акружаны мінным полем ды некалькімі радамі адмыслова заплеценага калючага дроту, ужо апусцеў, цішком перабраўшыся за Нёман у суседнія Стоўбцы. Толькі рэдкія фігуры іхніх салдат, мабыць, самых апошніх, яшчэ трапляліся на вочы.

Наша сям’я, акрамя мяне і таты – а гэта мама Антаніна, старэйшая сястра Валя і малодшыя сястрычка Зіна і брацік Барыс – збіралася на вёску, каб перабыць там небяспеку. Перад гэтым тата знёс у пограб усё каштоўнае, што было ў хаце – адзенне, пасуду, некаторыя рэчы і засыпаў падлогу тоўстым слоем зямлі. Чакалі падводу з Мархачоўшчыны, адкуль была родам суседка, якая таксама выпраўлялася з дзецьмі. Вечарэла. У хаце пакавалі клункі і торбы – патрэбна ж была і пасцельная бялізна, адзенне, нейкія харчы. Раптам увальваюцца немцы. Гэта сталася так нечакана, што ўсе атарапелі. Адразу заўважылі, што салдаты п’яныя. Гэтакімі за ўвесь час акупацыі мы іх не бачылі. Але не толькі былі п’янымі – у вачах выразна свяцілася злосць і рашучасць. Кінуліся чамусьці заглядаць ва ўсе куткі хаты. А адзін, стаўшы пасярод пакоя заявіў, што ён забіў савецкага афіцэра і як доказ гэтаму падняў крысо мундзіра, прадэманстраваўшы на поясе папругу з пражкаю, на якой блішчэла буйная пяціканцовая зорка. Яўна навісала бяда. Малыя пачалі баязліва румзаць. Але немцы, якія напэўна і самі не зналі, чаго яны сюды ўварваліся, хутка павярнулі назад, грукаючы ботамі. “Гэта яны перад канцом”, - рэзюмаваў тата.

Мне хацелася разам з усімі ехаць на вёску: там збярэцца шмат розных людзей. Ды і ўвогуле – пажыць на вёсцы цікава. А што тут? Але мама катэгарычна адхіліла мой намер, маўляў, я буду патрэбен каля таты. Калі жанчыны і дзеці ад’ехалі, бацька і яшчэ двое суседзяў - усе тры Мішы – не маючы ўжо асаблівых клопатаў, рашылі выпіць чарку. Толькі на панадворку, дзе стаялі, нечакана з’явіліся ўзброеныя немцы і загадалі ісці з імі. Неўзабаве стала ясна, што, пакідаючы мястэчка, яны забіраюць усіх мужчын, што траплялі ім пад руку. Крыху счакаўшы, я назіркам рушыў за сваімі. Іх завялі на ксёндзаву сядзібу і сказалі сядзець каля хлява і чакаць. Самі адышліся да гумна і сталі нешта абмяркоўваць і гучна спрачацца. Тады мае мужчыны, бачу, адзін за адным, на адлегласці, нетаропкай хадою, нібы гуляючы, пайшлі міма немцаў, занятых сваёй спрэчкай, за гумно. А там рванулі ва ўсю моц на суседнюю вуліцу і зніклі. Я пабег туды і знайшоў іх, гукнуўшы, за агародамі ў жыце. Далей мы ўжо лёгка прабраліся да сваіх хат: я, нібы разведчык, наперадзе, мужчыны – за мною. Спыніліся ў суседа Чабатарэвіча. Ссутонела. Але лямпы не запальвалі. Селі падсілкавацца. Мужчыны ўзялі па чарцы, і мне налілі “кроплю, каб лепш спалася”. Я сапраўды хутка заснуў. Побач спаў стары гаспадар хаты. Гэта было 30 чэрвеня 1944 года, апошняга дня “пад немцамі”.

Разбудзілі мяне разрывы снарадаў. Імгненна ўскочыўшы на ногі, адразу ўбачыў, што ложак старога пусты. Відавочна, так спяшаўся, што мяне не заўважыў. Я кінуўся да дзвярэй, выскачыў у двор, і адразу ж аглушыла выбухам – снарад ударыў у комін Былькавай хаты, што была побач, цераз вулачку. Пад ногі сыпанулі кавалкі цэглы. Інстынктыўна рвануўся ў працілеглы бок, дабег да суседскага гумна, дзе павінны былі начаваць мужчыны. Унутры было пуста, толькі кінуўся ў вочы татаў новенькі паўкажушок, што ляжаў на саломе. Адразу ж заныла ў грудзях . Выскачыў і закруціўся на прыгуменні. Вакол грымелі выбухі. Зусім было няўцям, адкуль ляцяць тыя снарады і навошта ўвогуле страляюць.

Тата пасля распавёў, што яны, правёўшы ноч у гумне, ранічкай пачулі гул ваеннай тэхнікі і, выглянуўшы, убачылі савецкія танкі, якія разгарнуліся перад мястэчкам на пагорку і сталі ва ўпор біць па будынках. Пры гэтым пусцілі ў наступ аўтаматчыкаў, і многія з тых салдатаў, што паспяшаліся, палеглі ад сваіх жа снарадаў. Як я пасля даведаўся, гэта была конна-механізаваная група генерал-лейтэнанта І.Пліева 1-га Беларускага фронту, вядомая сваім уменнем рабіць аператыўныя прарывы і абходы. Тут жа яна проста ва ўпор расстраляла мястэчка, спаліўшы яго. Відаць, трэба было хутчэй перарэзаць чыгунку на Баранавічы, каб не прапусціць гітлераўцаў па гэтым стратэгічна важным напрамку.

Тады, калі я мітусіўся каля Чабатаровічавага гумна, так і не забраўшы любімы татаў паўкажушок, неўзабаве пачуў, нягледзячы на грукат выбухаў і нечые крыкі, знаёмы голас – тата клікаў мяне. І я ў момант зарыентаваўся – сігануў цераз Матэўкаў плот на іх падворак, тады – уніз, да брамы на вулачку. Выскачыўшы з двара, ледзь не спатыкнуўся аб забітага аўтаматчыка, які ляжаў тварам уверх, заліты крывёю. Побач быў маладзенькі салдат, што наспех перавязваў сабе нагу – з лыткі яго тырчаў доўгі і тонкі асколак снарада. Я дапамог яму дайсці да нашага “схрона” – выкапанай пад прамым вуглом траншэі, пакрытай двума накатамі бярвенняў. Тут ужо было поўна суседзяў. Жанчыны адны плакалі, іншыя маліліся. Выбухі не спыняліся, і агонь ужо пачынаў займаць будынкі па нашай вулачцы. Седзячы ў схроне, я з жахам глядзеў праз шчыліну паміж накатамі і долам, як змейка агню хутка бяжыць па версе стрэх суседскіх гумнаў, што стаялі ўпрытык адно да другога. Тата выгнаў з хлява нашу карову, адагнаў падалей, на луг. Вынес у высокай і вузкай скрынцы, дзе было крыху мукі, парася. Яшчэ нешта выносіў. Я, каб дапамагчы, выскачыў са схрона, забег у двор. Выбухі не сціхалі, і тут асколак амаль перад носам у мяне ударыў у акно нашай хаты. На мяне сыпанула шкло. “Назад ! “ – страшным голасам закрычаў тата. У схроне жанчыны завойкалі, убачыўшы , што ў мяне па твары цячэ кроў. У некага знайшоўся ёд, і ўсё абышлося. Нарэшце тата залез да ўсіх у схованку. Але тут Люба Фурсевіч, якая жыла далекавата, залемантавала: “Мішачка, Хрыстом-Богам малю, выпусці маю карову”. Я заўважыў сабе, што побач сядзелі яшчэ два Мішы-суседзі, але носа са сховішча не высоўвалі. Давялося зноў бацьку бегчы пад разрывы снарадаў. Толькі вярнуўся, як ачомалася старая Матэўчыха: “Ой, у мяне ж у хляве конь,чужы конь !” (хатнюю жывёлу вяскоўцы нярэдка хавалі ў мястэчку ад партызанаў). Тата ўскочыў у іхні двор, але на дзвярах хлява вісеў замок, і праз іх шчыліны ўжо рваліся языкі полымя, а конь біў капытамі ў сцяну і крычаў як чалавек. Снарады ўсё рваліся, некаторыя – зусім блізка, і тады выбуховая хваля, хоць і ў схроне, гнала мяне ад адной сценкі да другой. Свідравала думка – калі ж гэта скончыцца. Страшна было глядзець, як гарэла наша хата, як лёгка схоплівалася агнём сухая саламяная страха, як успыхвалі, тухлі, зноў успыхвалі высокія кусты бэзу, якія раслі ў агародчыку ля хаты і на якія яшчэ зусім нядаўна любіў лазіць і зверху азіраць наваколле. Карова наша, напалоханая стралянінай, уцякала з лугу і ўсё совалася ў знаёмыя веснічкі, хаця ўсё вакол гарэла. Я некалькі разоў, спяшаючыся, гнаў яе падалей ад будынкаў, на лугавую пойму. А там над галавой з шыпеннем і свістам ляцелі снарады – нямецкая артылерыя біла са Стоўбцаў па подступах да мястэчка, дзе рухаліся савецкія войскі. Карова, нібы нехаця скубла траву і ўсё паварочвалася так, каб бачыць мяне: яна баялася заставацца адной. Нарэшце, калі пацішэла ў мястэчку, я забраў яе з лугу і завёў у хлеў суседак Булашанак. Іх хата і хлеў уцалелі, бо былі крыху нводшыбе ад іншых. У гэты час стаў сведкам паветранага бою. Стаяў, задзёршы галаву, і з вялікай цікавасцю сачыў за дзівоснай каруселлю кружэння самалётаў. Чуваць былі разрывы авяцыйных снарадаў, кулямётныя чэргі. Калі зачыняў хлеў, асколак перада мною чыркануў па дзвярах, пакінуўшы на іх выразны рваны след, і паскакаў па каменнях брукаванага двара. Вядома ж, захацелася забраць гэты нечаканы прадмет вайны, але ён аказаўся такім гарачым, што апёк пальцы.

У гэты час мае суседзі ўжо павылазілі са схрона. Скрозь дыміліся галавешкі. Рэзка смярдзела нечым паленым. Побач, каля рэчкі ляжаў тварам уніз цяжка паранены салдат, з акрываўленай яго патыліцы тырчаў асколак. Салдат наспынна ныў-стагнаў, часам заціхаючы, бо траціў прытомнасць. Слухаць гэты пакутніцкі стогн было невыносна. Я па просьбе маладога раненага салдаціка, што сядзеў з намі, ужо разы два бегаў уверх па вулачцы, каб знайсці санітараў. На галоўнай вуліцы было тлумна ад тэхнікі і конных вайскоўцаў. Скрозь чуўся бязладны крык з мацюкамі, і мяне гналі прэч. Так санітары і не знайшліся. Між тым ужо пераваліла за паўдня. Зрэдку наляталі нямецкія бамбардзіроўшчыкі. Тады ўсе збягаліся ў схрон. Але бамбілі найбольш за мястэчкам .Чаго было нам з татам тут сядзець? І мы вырашылі ісці. Тата сказаў – на хутар, да Валодзі Домкавага. На рогі карове накінуў папружку, даў мне пад паху вялікі бохан хлеба з мамінай нядаўняй выпечкі, і мы рушылі ў дарогу.

Ішлі грудам цераз луг, затым дарогаю праз хвойнік, поўны тэхнікі і салдатаў. Раптам папалі пад нямецкую бамбёжку. Гэта сталася каля “Высокага вострава” – крутога вялікага касгора, парослага арэшнікам. Побач быў Нёман, і салдаты, якія мыліся, стоячы па пояс у вадзе, нікуды, на маё здзіўленне, не хаваліся. Толькі сачылі за варожымі самалётамі, узняўшы галовы. Мы з татам кінуліся да бліжэйшых кустоў. Віскат бомбы, які, здавалася, свідраваў мозг, быў нясцерпным. Я ўпаў галавой уніз у нейкае зелле і хмызняк. Аглушальна ухнуў узрыў. Зямля калыхнулася і падкінула мяне. Моцна забалела ў скронях… Але новыя выбухі аддаляліся, і я ўскочыў на ногі. Якая радасць – тата з кароваю быў непадалёк. Пранесла. На Домкавым хутары, куды прыйшлі, было пуста: гаспадар таксама пакінуў сваё селішча. Павярнулі на тамтэйшы луг і неўзабаве ўгледзелі людзей, якіх прытуліў “Дворны востраў” – вялікая купа густога дубняку каля Нёмана. Былі тут з каровамі, коньмі, нават з вазамі і розным пажыткам. Былі і з малымі дзецьмі. Сустрэлі мы і сваіх местачкоўцаў, але большасць была з бліжэйшых вёсак. Бацька падаіў карову, папрасіўшы ў кагосьці пасуду, і мы з задавальненнем паелі хлеба з малаком. Раней пра гэта чамусьці не думалася. Пасля сказаў, што нам на ноч давядзецца расстацца: ён сходзіць у вёску, каб дазнацца, як там нашы, а я з кароваю застануся тут. У нейкага запаслівага вяскоўца, што месціўся з намі побач, знайшоўся ладны кавалак вяроўкі, і бацька прывязаў нанач нашу “рыжую”за рогі да куста. На ўсякі выпадак. Сам пайшоў. Звечарэла. Дворны востраў стаў заціхаць. І я, скурчыўшыся пад кустом, хутка заснуў, змучаны гэтым цяжкім днём.

Прачнуўся зусім рана: пачуў, што карова чагосьці тузаецца. Пакуль праціраў вочы, заўважыў, што яна ўжо сцягнула вяроўку з дубовай галіны. Папярэдзіць бяду не паспеў. Наша заўсёды рахманая “рыжая” не проста пабегла ад мяне, а паімчала з усіх ног, кіруючыся ў бок мястэчка. “Гэта ж яна – дадому”, - мільганула трывожная думка. Наперадзе – больш за чатыры кіламетры, і я не змагу яе дагнаць. Катастрофа. Але… Здараюцца ж нечаканыя павароты лёсу. Мая ўцякачка раптам спынілася, бо дабегла да вады. Невялікая рэчка Давыдаўка, што непадалёк упадала ў Нёман, апынулася на яе шляху. Стоячы каля каровы, якая доўга і прагна піла, я падумаў, што яна ўжо больш за суткі не поена. Як жа гэта ні тата, ні я не ўспомнілі пра гэта ўчора. Напіўшыся, “рыжая” спакойна і, здавалася, неяк нават лагодна крочыла побач са мною назад, да нашай стаянкі. Скора прыйшоў бацька, і я распавёў яму гэту невясёлую гісторыю. Ён жа абрадаваў тым, што нашы ўсе здаровы і чакаюць нас. Хутка мы пакінулі Дворны востраў. З цяжкасцю перайшлі бальшак, па якім рухалася войска, выйшлі на вузкую палёўку і ўжо без спешкі пакіраваліся ў напрамку вёскі.

Сонца залівала палявы прастор і пачынала добра прыграваць. Неба было чыстае-чыстае. Дробнае птаства заводзіла на розныя галасы свой спрадвечны спеў. Густа пахла травамі і жытам. Гукі вайны ледзь даляталі сюды з-пад Стоўбцаў. Скора мы наблізіліся да купы кустоў, дзе заўважылі прыхаваныя фігуры салдатаў і ствол зенітнага кулямёта. “Добрае месца выбралі зенітчыкі, - зазначыў тата, - вакол голае поле і добра відаць”. Але вось даляцеў і гук самалёта. І мы не столькі ўбачылі, колькі адчулі, што гэта нямецкі. Ішоў ён нізка і прама на нас. Мы адразу ж спыніліся. Зноў бяда. Самалёт, відаць, разведчык, праляцеўшы міма, павярнуў назад і павольна пачаў рабіць над намі вялікі круг. Мы нават бачылі лётчыка, яго галаву ў шлеме. Ён жа, напэўна, добра разгледзеў дзіўны аб’ект – карова пасярод дарогі і двое каля яе, але не вайскоўцы. І паляцеў далей. Мы з палёгкай перавялі дыханне – пранесла. Бо мог жа зусім лёгка даць па нас, чужых, чаргу. І тут адразу ж успомнілі пра зенітчыкаў, азірнуліся. У кустах было ціха. Тыя таксама стаіліся, як і мы каля каровы. І нічым не выдалі сябе. Што ж, на вайне, як відаць, бывае і такое. Мы ж з татам у добрым настроі пайшлі далей па вузкай палявой дарозе. Зусім ужо блізка была добрая вёска Мархачоўшчына і сустрэча з роднымі.

Са зместам чацвёртага выпуску альманаху "Новы замак" можна пазнаёміцца ТУТ