Альгерд Бахарэвіч прэзентуе ўласную медычную энцыклапедыю

У вядомага беларускага празаіка, які жыве ў нямецкім Гамбургу, Альгерда Бахарэвіча выйшла чарговая кніга. Гэтым разам у кніжнай серыі "Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагоддзе", якую заснавала Радыё Свабода.

Кніга называецца "Малая Мэдычная Энцыкляпэдыя Бахарэвіча", яна аб’яднала пад адну вокладку "літаратурна-медычныя" эсэ Бахарэвіча, якія гучалі на хвалях Радыё Свабода на працягу 2010 года. Як паведаміў арт-дырэктар сталічнай кнігарні “Логвінаў” Павел Касцюкевіч, прэзентацыя кнігі адбудзецца 29 чэрвеня ў іхняй кнігарні:

- 29-га ў нас будзе прэзентацыя кнігі Альгерда Бахарэвіча "Малая Мэдычная Энцыкляпэдыя Бахарэвіча". Сваю энцыклапедыю прадставіць аўтар, ён прыедзе адмыслова з Нямеччыны. Кніжка Бахарэвіча выйшла ў кніжнай серыі "Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагоддзе".

Рэдактарамі новай кнігі Бахарэвіча выступілі Сяргей Шупа і Ян Максімюк. Аўтар вокладкі - мастак-дызайнер Генадзь Мацур. Прадмову да зборніка напісаў кіраўнік Радыё Свабода Аляксандр Лукашук. Пачатак прэзентацыі а 19-й гадзіне.

Радыё Рацыя