Альманах "Брама" прэзентавалі ў Бабруйску

Мікола Яцкоў, Яраслаў Клімуць, Тамара Аўсяннікава

1 сакавіка ў Бабруйску адбылася прэзентацыя літаратурнага альманаха “Брама”, які пабачыў свет напрыканцы мінулага года. У альманаху змешчаны творы сябраў Магілёўскага абласнога аддзялення СБП і магілёўскіх літаратараў, якія далучыліся да гэтага праекту. Значная частка аўтараў “Брамы” завітала ў Бабруйск на прэзентацыю.

Выступае Усевалад Сцебурака

Памочнік старшыні СБП паэт Усевалад Сцебурака адзначыў, што працэс стварэння літаратурных альманахаў абласных аддзяленняў СБП няўхільна рухаецца наперад — ёсць такія выданні ў Брэсце (“Жырандоля”), Гродна (“Новы замак”), Магілёве (“Брама”), літаральна днямі пабачыў свет альманах “Палац” у Гомелі, ідзе праца ў гэтым накірунку ў Віцебску. І тое, што большасць назваў гэтых альманахаў пазначаюць мясцовыя архітэктурныя асаблівасці, дае падставы верыць у тое, што менавіта на гэтых гістарычна-асветніцкіх падмурках штодзённа будзе будавацца наша беларуская літаратура.

Віктар Качан, Анатоль Санаценка

Старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення СБП Мікола Яцкоў расказаў пра стварэнне альманаха і падкрэсліў, што літаратары Бабруйшчыны зрабілі свой значны ўнёсак ў яго стварэнне.

Ала Яцкова, Віталь Еўмянькоў, Міхась Булавацкі

Старшыня рэдакцыйнай рады “Брамы” Яраслаў Клімуць распавёў пра прынцыпы пабудовы выдання і выказаў спадзяванне, што ў наступных выпусках кола аўтараў будзе пашырацца, а ўзровень твораў будзе адпавядаць высокім крытэрыям сапраўднай і запатрабаванай літаратуры.

Таццяна Барысік. Магілёўскія літаратары знаёмяцца з Бабруйскам

Свае меркаванні і пажадані выказалі бабруйскія літаратары Анатоль Санаценка і Віктар Качан. З цікавасцю былі выслуханы госці — Міхась Булавацкі, Тамара Аўсяннікава, Ала Яцкова, Віталь Еўмянькоў і Таццяна Барысік, якія расказалі пра сябе і пазнаёмілі прысутных з сваёй творчасцю.

Завершылася мерапрыемства аўтограф-сесіяй і пажаданнем, каб такія сустрэчы ладзіліся часцей.

 

Ул. інф. Магілёўскага абласнога аддзялення СБП  

Фотаздымкі Алы Яцковай і Віктара Масаловіча