Альманах «Ратуша» прэзентаваны ў Віцебску

З яго з’яўленнем усе пяць абласных філій грамадскага аб’яднання “Саюз беларускіх пісьменнікаў” упершыню ў гісторыі адначасова займелі свае штогадовыя выданні.

Першая сустрэча прайшла ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя Машэрава, дзе студэнтам прадставілі сваю творчасць сябры філіі ГА “СБП” Ірына Грумандзь, Анастасія Лазебная, Міхась Мірановіч, Уладзімір Папковіч і іншыя літаратары Віцебшчыны, чые творы апублікаваныя на старонках выдання.

Злева направа: Алесь Камоцкі, Алесь Пашкевіч, Анастасія Лазебная, Барыс Пятровіч

Перад аўдыторыяй таксама выступіў Старшыня СБП Барыс Пятровіч, які распавёў пра Школу маладога пісьменніка, што трэці год працуе пры СБП, і заахвоціў пачаткоўцаў смялей спрабаваць свае сілы ў літаратуры і ўдзельнічаць у конкурсах.

Актыўныя ўдзельнікі сустрэчы атрымалі падарункі ад грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”

Злева направа: Алесь Камоцкі, Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч, Анастасія Лазебная

Другая сустрэча прайшла ў славутай гарадской ратушы (Віцебскім абласным краязнаўчым музеі) і сабрала ў залі вялікую колькасць цікаўнай публікі, а таксама мясцовых аўтараў ды мінскіх гасцей.

Выступае Алесь Пашкевіч

Імпрэзу адкрыў прывітальным словам Пётр Падгурскі — начальнік аддзела культуры Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама.

Да прысутных звярнуліся Старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч і першы намеснік Старшыні Алесь Пашкевіч, павіншаваўшы грамаду з новым здабыткам на ніве літаратуры і культуры Віцебскага краю.

Чыталі свае творы Арцём Арашонак, Міхась Мірановіч, Людміла Сіманёнак.

Выступае Франц Сіўко

Адметным сваім пазітывам і шчырай непасрэднасцю сталася выступленне вядомага віцебскага празаіка Франца Сіўко, які распавёў пра гісторыю выдання папярэдніх альманахаў, рэдактарскую працу над якімі ён вёў. Напрыканцы выступу сп. Сіўко пажадаў плёну і поспехаў новай старшыні філіі і ўкладальніку штогадовіка Анастасіі Лазебнай.

Прыемным прэзентам сталася выступленне барда Алеся Камоцкага, што адбылося ў фінале імпрэзы.

Вечарына завяршылася аўтограф-сесіяй тых аўтараў, якія апублікаваліся на старонках першага нумара “Ратушы”.

Аўтар фота: Алена Мартынава

Прэсавая служба СБП