Альманах «Ратуша» прэзентаваны ў Віцебску для будучых медыкаў

На сустрэчы старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Настасся Лазебная пазнаёміла будучых медыкаў з альманахам і творчасцю мясцовых пісьменнікаў.

У прыватнасці, было зазначана, што альманах плануецца выдаваць раз на год. У першым нумары апублікаваны творы аўтараў, сярод якіх як вядомыя беларускія паэты і пісьменнікі, так і тыя, хто толькі пачынае свой шлях у літаратуру. Для некаторых паэтаў гэта быў літаратурны дэбют. На старонках «Ратушы» можна знайсці паэзію, прозу, гумар і пераклады.

Выступае Міхась Мірановіч

Потым узялі слова Алена Гінько і Міхась Мірановіч. Яны не толькі пазнаёмілі прысутных са сваімі творамі, але распавялі пра тое, як трапілі ў СБП і як пачалі займацца літаратурнай дзейнасцю.

Асаблівую цікавасць у студэнтаў выклікалі знакамітыя “міранізмы”, многія з якіх былі непасрэдна звязаны з медыцынскай тэматыкай і аказаліся ім блізкімі.

Не абышлося і без пытанняў. У асноўным гледачы цікавіліся, якім чынам пачалася літаратурная дзейнасць у кожнага з гасцей. Закранулі тэму стану беларускай мовы ў школе. Напрыканцы сустрэчы госці атрымалі ад студэнтаў кветкі і сфатаграфаваліся на памяць.

 

Юлія Гаўрыленка,

студэнтка ВДУ імя П.М. Машэрава