«Анаталогію» прэзентавалі ў «Кніжнай шафе»

"Анаталогія" - першая кніга прозы Анатоля Івашчанкі, але чацвёртая па ліку для яго. Перад тымі былі дзве кнігі вершаў і літаратуразнаўчая манаграфія пра паэтыку Алеся Разанава. Нягледзячы на трывалую кніжную скіраванасць і аўтара, і месца ("Кніжнай шафы"), імпрэза адбывалася збольшага ў музычным ключы, а таксама займела элементы дыскусіі і размовы з наведнікамі.

Музычнасць праявілася ў прэзентацыі анталогіі рускай рок-паэзіі, перастворанай па-беларуску цэлай плоймай сучасных перакладчыкаў і апублікаванай у № 69 часопіса "Дзеяслоў". Пад час аўтограф-сесіі прагучалі беларускамоўныя варыянты песень Аляксандра Башлачова, Барыса Грабеншчыкова, Юрыя Шаўчука. Акампанаваў гітары Анатоля Івашчанкі мультыінструменталіст Уладзімір Дрындрожык. Ён таксама зрабіў свой унёсак у рок-анталогію, праспяваўшы свой пераклад песні гурта "Пікнік", а таксама некалькі ўласных твораў. 

Уладзімір Дрындрожык

Чытачы Анатоля Івашчанкі, якія прыйшлі на ягоную прэззентацыю, актыўна цікавіліся творчымі пытаннямі: праблемай рэдагавання тэкстаў і самарэдагавання, наколькі замінае ці дапамагае філалагічная адукацыя ў творчасці, наяўнасцю ці адсутнасцю прататыпаў у апавяданнях, змешчаных у кнізе "Анаталогія". Выразны водгук займела чытанне апошняга раздзелу кнігі, дзе аўтар сабраў парадаксальныя выказванні сваіх дзяцей.

Чаргуючы чытанне ўрыўкаў з апавяданняў з выкананнем музычных нумароў, аўтар актыўна супольнічаў з публікай, дзякуючы чаму вечарына набыла нязмушаны характар. Шмат да Анатоля Івашчанкі было і пытанняў, а аўтар найлепшага атрымаў сувеніры і паштоўкі ад грамадскай культурніцкай кампаніі "Будзьма беларусамі!".

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"