Анатоль Сідарэвіч: Міхась Стральцоў – як празрыстае асенняе паветра

Вашай увазе — гутарка з гісторыкам літаратуры Анатолем Сідарэвічам пра Міхася Стральцова, якому ў ліку іншых славутых літаратурных юбіляраў прысвечаны конкурс СБП “Экслібрыс”.

 

Анатоль Сідарэвіч


— Нядаўна на сайце Саюза беларускіх пісьменнікаў прайшла інфармацыя пра тое, што сёлета абвешчаны творчы конкурс маладых пісьменнікаў, прысвечаны круглым датам з дня нараджэння Паўлюка Багрыма (200 гадоў), Янкі Купалы і Якуба Коласа (130), Алеся Гаруна і Цішкі Гартнага (125), Максіма Танка (100), Янкі Брыля (95) і Міхася Стральцова (75). У гэтым пераліку мяне цікавіць адно імя – Міхася Стральцова, бо ён нарадзіўся ў Магілёўскай вобласці, а 14 лютага – ягоны юбілей.


— Някепска было б, калі б у ў гонар 75-годдзя Міхася Стральцова ў Магілёўскай вобласці абвясцілі свой творчы конкурс маладых паэтаў і празаікаў. Як я разумею, ваша абласное і гарадское начальства нават не падазравае пра гэтую дату. Я чуў, што сёлета ў Магілёве шэраг вуліц назвалі ці то хочуць назваць у гонар друга- і трэццярадных пісьменнікаў-землякоў, але дагэтуль няма вуліцы Максіма Гарэцкага і Міхася Стральцова. А дырэктар Магілёўскай гарадской цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы ў сваёй гутарцы з карэспандэнтам “Звязды” (№ 4 за 10 студзеня) назвала толькі двух сёлетніх юбіляраў – Янку Купалу і Якуба Коласа.



— На жаль. Чым, на вашу думку, Міхась Стральцоў адметны як пісьменнік?


— Калі браць і агульнабеларускі, і рэгіянальны магілёўскі маштаб, Міхась Лявонавіч Стральцоў, які нарадзіўся ў Слаўгарадскім раёне, – асоба з першага шэрагу. Калі, скажам, вашы землякі Аркадзь Куляшоў, Аляксей Пысін, Масей Сяднёў, Аляксей Русецкі, Анатоль Сербантовіч, Алесь Пісьмянкоў – у першую чаргу выдатныя і добрыя паэты, Іван Чыгрынаў, Віктар Карамазаў і Анатоль Кудравец – класныя празаікі, навелісты, дык Міхась Стральцоў – выдатны і празаік, і паэт, і літаратурны крытык, эсэіст.


— Вы кажаце, што Міхась Стральцоў – пісьменнік з першага шэрагу. Але чаму ягонае імя не гучыць?


— Можна адказаць пытаннем на пытанне? А чаму ў Расіі не гучаць імёны такіх выдатных паэтаў, як Яўгеній Баратынскі, Фёдар Цютчаў, Афанасій Фет, Апалон Майкаў, Канстанцін Случэўскі, Інакенцій Анненскі? Здаецца, і ў школе ім не надаюць ніякай увагі, і ВНУ не надта. Разумееце, ёсць першакласныя паэты і празаікі, калі так можна сказаць, для гурманаў. Такія выдатныя паэты і празаікі не для ўсіх ёсць у кожнай літаратуры.


— Пісьменнікі для чытачоўскай эліты?


— Можна сказаць і так. Я наўмысна назваў вам шэраг выдатных расійскіх паэтаў, бо іх чытаў, любіў і пры нагодзе цытаваў Міхась Стральцоў. Пра іх яшчэ кажуць, што яны вызнавалі мастацтва для мастацтва, былі песнярамі чыстай красы.


— Як наш Максім Багдановіч?


— Максім Багдановіч – яшчэ адзін улюбёны паэт Міхася Стральцова, хоць заўважу, што паэзіі Багдановіча не былі чужыя грамадзянскія і нават сацыяльныя матывы. Дык вось, свайму ўлюбёнаму паэту Міхась Лявонавіч прысвяціў, не пабаюся сказаць, класічнае эсэ “Загадка Багдановіча”. Яно чытаецца і праз сорак чатыры гады пасля першапублікацыі. Яно, я ўпэўнены, будзе чытацца і пазней. У гэтым эсэ я бачу рэдкае спалучэнне таленту аналітыка і таленту празаіка. 
Мабыць, гэтак жа, як Максіма Багдановіча, Міхась Стральцоў любіў другога Максіма – Гарэцкага. Калі я вам называў класных празаікаў з Магілёўшчыны, дык наўмысна змаўчаў пра Гарэцкага, бо Гарэцкі – постаць выключная, бясспрэчны класік прозы і літаратуразнаўства. Свайму ўлюбёнаму празаіку Міхась Стральцоў прысвяціў бліскучае эсэ “Чалавек з Малой Багацькаўкі”. Апублікаванае трыццаць сем гадоў таму, яно чытаецца як напісанае ўчора. Чытаецца і эсэ “Спадчыннасць”, напісанае да 90-х угодкаў Гарэцкага. (Не магу не пахваліцца, што напісана яно па маёй просьбе. Праўда, адной маёй просьбы было малавата. Патрэбнае было жаданне самога Міхася Лявонавіча яшчэ раз сказаць слова пра Максіма Гарэцкага.)


— Максім Багдановіч, Максім Гарэцкі, названыя вамі расійскія паэты... Іх можна лічыць настаўнікамі Міхася Стральцова?


— Дадайце да таго спісу навеліста Льва Талстога і абавязкова Івана Буніна, у асобе якога спалучаўся высокі талент паэта і празаіка.


— Вы хацелі б параўнаць талент Буніна і талент Стральцова?


— Кажуць, што кожнае параўнанне кульгае. Таму адкажу так: Стральцоў і Бунін – таленты роднасныя. Ёсць такое паняцце – “бунинский слог». У Міхася Стральцова таксама свой стыль, высокая культура слова, увага да мастацкай дэталі. Але не забывайма: Бунін – гэта расійскі пісьменнік, Стральцоў – беларускі, Бунін жыў у адну эпоху, Стральцоў – у іншую. Можна казаць аб блізкасці іх эстэтычных прынцыпаў, поглядаў на літаратуру. 
Я мог бы многа сказаць вам пра навелістыку Міхася Стральцова, але тут абмяжуюся толькі канстатацыяй факта: Стральцоў – аўтар апавядання “Смаленне вепрука”. Гэтае апавяданне – вянец ягонай творчасці як навеліста. Некаторыя лічаць яго апавяданнем-загадкай. І, здаецца, ніхто не аспрэчвае, што гэтае апавяданне класічнае, анталагічнае і хрэстаматыйнае.


— Паняцце “бунинский слог” датычыць толькі прозы ці паэзіі таксама?


— Думаю, што і паэзіі. Іван Бунін пазбягаў метафорыкі. Міхась Стральцоў – таксама паэт празрысты. Сказаў бы так: як празрыстае асенняе паветра. Але гэта вобразнае параўнанне. Лепш было б адзначыць тое, што ў Міхася Стральцова няма “правальных” вершаў. Мусіць, трэба сказаць, што ў яго нямала анталагічных і хрэстаматыйных вершаў. І калі складаць зборнік яго паэзіі, дык практычна ўсё апублікаванае ім надаецца для друку і цяпер.


— Наконт друку. Як на вашу думку, Міхася Стральцова выдаюць дастаткова?


— Якраз наадварот. Пасля 1987 года (год смерці пісьменніка) выйшла толькі дзве яго кнігі. Адна – у серыі “Беларуская проза ХХ стагоддзя”. Аматары паэзіі спадзяваліся, што выйдзе том і ў серыі “Беларуская паэзія ХХ стагоддзя”, але так і не дачакаліся яго. Гэта быў бы двухтомнік твораў пісьменніка, бо ў 1987 годзе, калі Міхасю Стральцову спаўнялася пяцьдзесят, ЦК КПБ не дазволіў выдаць двухтомнік.


— Чаму?


— Мажліва, таму, што Міхась Лявонавіч не пісаў пра Леніна, партыю, камсамол, будоўлі камунізму. Я не памятаю, каб мы калі-небудзь размаўлялі з ім пра палітыку. Ён быў, па-мойму, апалітычны і як чалавек, і як пісьменнік. Дзяржаўную прэмію яму, як і Уладзіміру Караткевічу, прысудзілі пасмяротна. Бо ўжо было брыдка не прысудзіць.


— Значыць, да 75-годдзя Міхася Стральцова яго творы перавыдадзены не будуць?


— Што тычыцца дзяржаўных выдавецтваў, дык я папросту не ведаю іх планаў на гэты год. А вось у адным прыватным выдавецтве чакаецца даўно спадзяваны двухтомнік твораў Міхася Стральцова. Не выключаю, што ў Мінску пройдзе вечарына ў гонар ягонага юбілею.


— Трэба думаць, што і ў Магілёўскай вобласці адзначаць юбілей пісьменніка. Будзем мець на ўвазе і тое, што 23 жніўня споўніцца 25 год з дня, калі Міхась Стральцоў пайшоў у вечнасць. Дзякуй за гутарку.

Даведка: 


СТРАЛЬЦОЎ Міхась Лявонавіч, празаік, паэт, эсэіст. Нарадзіўся 14 лютага ў в. Сычын Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці. Скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Працаваў у рэдакцыях газеты “Літаратура і мастацтва”, часопісаў “Полымя”. “Маладосць” і “Нёман”. 
Дэбютаваў вершамі ў 1952 годзе. Потым перайшоў на прозу. Першая кніжка апавяданняў М. Стральцова “Блакітны вецер” выйшла ў 1962 годзе. Праз чатыры гады свет убачыў зборнік яго “малой прозы” “Сена на асфальце”. Загаловак аднайменнага апавядання, змешчанага ў кнізе, стаў ужывацца ў літаратурнай крытыцы і публіцыстыцы для азначэння так званага прамежкавага чалавека – чалавека, які яшчэ не парваў сувязяў з вёскай, аднак і не ўцягнуўся цалкам у гарадское жыццё. Аўтар аповесці “Адзін лапаць, адзін чунь” (1970). У 1973 годзе напісаў апавяданне “Смаленне вепрука”, якое адразу ж увайшло ў залаты фонд беларускай навелістыкі. Гэта быў апошні празаічны твор пісьменніка.


Паступова Міхась Стральцоў вяртаўся да паэзіі і атрымаў прызнанне як паэт. У 1973 годзе ён выдаў зборнік вершаў “Ядлоўцавы куст”. Наступны арыгінальны зборнік – “Цень ад вясла” – выйшаў праз шэсць гадоў. Апошняя кніжка вершаў – “Мой свеце ясны” – убачыла свет у 1986 годзе. 
Міхась Стральцоў засведчыў сябе і як тонкі знаўца беларускай і расійскай літаратуры. Ягоныя творы на літаратурныя тэмы цяжка назваць артыкуламі або рэцэнзіямі. Амаль усе іх можна аднесці да жанру эсэ, у якім аналітыка спалучаецца з мастацкай прозай. Класічнай яго працай стала эсэ “Загадка Багдановіча” (1967–1968), якое многія адносяць да мастацкай прозы, хоць у творы ўсе персанажы рэальныя. У свет выйшлі тры зборнікі працаў Міхася Стральцова на літаратурныя тэмы: “Жыццё ў слове” (1965), “У полі зроку” (1976) і “Пячатка майстра” (1986).


Выступаў Міхась Стральцоў і як перакладчык. 
Памёр пісьменнік 23 жніўня 1987 года ад раку стрававода. Пахаваны на Чыжоўскіх могілках у Менску.
Пасмяротна за зборнік вершаў “Мой свеце ясны” Міхасю Стральцову прысуджана Дзяржаўная прэмія імя Янкі Купалы.
Паэт Уладзімір Някляеў і Магілёўскі аблвыканкам заснавалі літаратурныя прэміі імя Міхася Стральцова. У Беларусі гэта адзіны выпадак, калі ў гонар аднаго і таго ж пісьменніка заснаваны дзве прэміі.

 

Ад 1 да 14 лютага газета "НАШ Магілёў" будзе друкаваць штодзень па аднаму вершу Міхася Стральцова на старонках сайта, каб такім чынам ушанаваць памяць славутага сына Магілёўшчыны.

 

ЗАСЦЯРОГА

Калі маўчыць душа, гібее розум наш,
Як дрэва без вады ці як вятрак без ветру.
Жыццё лічы на дні альбо на кіламетры – 
Вакол цябе адно панылы антураж. 
І ўсё, што словам ты не назавеш,
Маўчыць, як цішыня ці як вятрак без ветру, 
І не даецца сэнс, нібы руцэ паветра.
Калі маўчыць душа, не гаварыце лепш.
1973.

 

Ігар Барысаў, gazetanm.eu