Анатоль Сідарэвіч: Тры кнігі пра Максіма Багдановіча

Максім Багдановіч: вядомы і невядомы: зб. літаратуразнаўчых і архіўных матэрыялаў. — Мінск: Літаратура і мастацтва, 2011. — 392 с.

Максім Багдановіч. Пясняр чыстае красы: успаміны, артыкулы, прысвячэнні. — Мінск: Маст. літ., 2011. — 350 с.: іл. — (Жыццё знакамітых людзей Беларусі).

Максім Багдановіч: энцыклапедыя. — Мінск: Беларус. энцыкл. імя П. Броўкі, 2011. — 608 с.: іл.

Вяртанне здабыткаў

Некалі я пісаў пра тое, якое магло б быць літаратуразнаўства ў БССР, калі б не сталінская «рэвалюцыя зверху», учыненая на пераломе дваццатых і трыццатых гадоў мінулага стагоддзя, і прыводзіў у прыклад зборнік «Янка Купала ў літаратурнай крытыцы» (1927). У тым, што філалагічная навука БССР знаходзілася ў перыяд новай эканамічнай палітыкі на ўздыме, пераконваюць нас змешчаныя ў зборніку «Максім Багдановіч: вядомы і невядомы» працы Міхайлы Піятуховіча «Багдановіч як паэта імпрэсіяністы», Уладзіслава Дзяржынскага (Чаржынскага) «Багдановіч як стылізатар беларускага вершу» і Аляксандра Вазнясенскага «Паэтыка Максіма Багдановіча». А папярэднічаюць ім два тэксты заснавальніка багдановічазнаўства Антона Луцкевіча — «Пясняр чыстай красы» і «Праблемы красы й мастацтва ў творах Максіма Багдановіча», а таксама артыкул Яўхіма Карскага «М. Багдановіч. Беларускі паэта чыстага мастацтва», у якім акадэмік у пэўнай меры развівае галоўную думку А. Луцкевіча, выкладзеную ў рэцэнзіі на адзіны прыжыццёвы зборнік паэта «Вянок».

Пасля «рэвалюцыі зверху» ў бээсэсэраўскім літаратуразнаўстве настала пара вульгарнага сацыялагізатарства і грубага ўтылітарызму. І толькі ў другой палавіне 1930-х нібыта адбываецца паварот у бок навуковасці. Я мінаю тут, напрыклад, спробы маладога Рыгора Бярозкіна размаўляць пра літаратуру ў літаратуразнаўчых тэрмінах. Варта адзначыць іншае: не ў БДУ, а ў Ленінградскім універсітэце творчасць М. Багдановіча вывучалі тры аспіранты з БССР: Рыгор Жалязняк, Дзмітрый Савановіч і Міхась Смолкін. У зборніку, укладзеным Ц. Чарнякевічам, акрамя дысертацыі Р. Жалезняка «Поэзия Максима Богдановича», публікуюцца два артыкулы Дз. Савановіча («Старая Беларусь» М. Багдановіча і «Фальклор у творчасці М. Багдановіча»). Цікава было б супаставіць яго высновы з высновамі А. Луцкевіча, які ў канцы 1930-х таксама цікавіўся роляю фальклору ў творчасці паэта (артыкул «Да крыніцаў творчасьці М. Багдановіча»).

Сведчаннем даволі высокага ўзроўню багдановічазнаўства і тэксталогіі было выданне пад кіраўніцтвам Івана Замоціна ў 1927–1928 гг. двухтомніка твораў Максіма Кніжніка. Гэта быў вынік супрацоўніцтва даследчыкаў БССР і Заходняй Беларусі, бо Менск атрымаў частку матэрыялаў для гэтага выдання з Вільні. У зборніку змешчаны «Даклад аб падрыхтоўцы збору твораў» І. Замоціна.

Першую частку кнігі можна было назваць «Вяртанне здабыткаў», у другой жа яе частцы друкуюцца ўспаміны Дзіядора Дзябольскага і яго лісты да літаратуразнаўцы Юльяна Пшыркова. Але яшчэ раней біяграфіяй паэта пачалі цікавіцца Антон Луцкевіч і Вацлаў Ластоўскі. На жаль, у гэтым зборніку змешчаны толькі адзін ліст «бацькі паэты» да Луцкевіча, у Вільні ж іх некалькі.

Вядома, што нашы веды пра Максіма Багдановіча ўзбагаціла і яго сучасніца ды супрацоўніца Зоська Верас. З эпісталярнай спадчыны пісьменніцы Ц. Чарнякевіч выбраў найбольш паказальныя лісты да Алеся Бачылы і Ніны Ватацы.

Было б грахом не ўспомніць таленавітую прадмову да зборніка, якую напісаў Юрась Пацюпа. Калі і ёсць заўвагі да яе, дык адна: аўтар, лічачы сваіх чытачоў лю­дзьмі дасведчанымі, не паказвае, дзе і калі выдадзеная тая ці іншая праца, на якую ён спасылаецца.

У цэлым кніга, складзеная Ц. Чарнякевічам, пакідае прыемнае ўражанне, і я ўпэўнены, што яна добра паслужыць нашым філолагам.

Без каментароў

Нашым філолагам, асабліва пачаткоўцам, паслужыць і кніга «Максім Багдановіч. Пясняр чыстае красы: успаміны, артыкулы, прысвячэнні», якая выйшла ў серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі».

У першай частцы кнігі змешчаныя ўспаміны пра паэта. На жаль, яны не ўкаментаваныя: не паказана, адкуль узяты тэкст, дзе знаходзіцца рукапіс. Каментаваць належала і некаторыя моманты ў тэкстах.

Паўстае і пытанне пра адбор, калі знаёмішся з другою часткаю зборніка, у якой змешчаны артыкулы пра М. Багдановіча. У наш час гэта выглядае дзіўна, але ў кнізе няма ніводнага артыкула А. Луцкевіча. І Генадзя Каханоўскага, які нямала зрабіў для высвятлення пэўных момантаў у біяграфіі паэта. Пра эмігрантаў-багдановічазнаўцаў памаўчым.

Эмігрантам трохі пашанцавала ў трэцяй частцы зборніка, дзе змешчаныя вершы пра М. Багдановіча ці ў гонар паэта, бо тут сустракаем імя Алеся Салаўя.

Хоць у параўнанні з кнігай пра Мікалая Чаргінца, якая таксама выйшла ў серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі», зборнік тэкстаў пра Багдановіча і ў гонар Багдановіча выглядае сціпла, усё ж трэба сказаць: добра, што значная частка такіх тэкстаў сабрана пад адной вокладкай.

З плеч ды ў печ

Зусім іншыя патрабаванні прад’яўляюцца да выданняў, якія прэтэндуюць на ўсебаковасць.

Цікава параўнаць кнігу “Янка Купала” (1986 год) і выдадзеную летась кнігу “Максім Багдановіч”. Не ведаю, чым кіраваліся рэдактары выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя”, але важкі том пра Янку Купалу яны не адважыліся назваць энцыклапедыяй.

Цяперашнія энцыклапедысты, як і цяпершаняя ўлада, на сціпласць не хварэюць. Даведнік «Максім Багдановіч», што выйшаў у мінулым годзе, яны ахрысцілі энцыклапедыяй, хоць да энцыклапедыі ён не дацягвае. Кнігу зрабілі ў аўральным тэмпе…

Багдановіч у нашаніўскай плеядзе, бадай, самы еўрапейскі паэт і крытык. Усім адаратарам Максімавай паэзіі вядома, што ён знаходзіўся пад уплывам Поля Верлена. У артыкуле «Верлен» А. Сабуць піша пра сімвалісцка-імрэсіяністычную зладжаную танальнасць творчасці французскага паэта. І адзначае, што Багдановіч «выбудоўваў» «сваю, нацыянальную мадэль паэтыкі імпрэсіянізму і сімвалізму — праўдзівую і непадробную». Чым беларуская нацыянальная мадэль паэтыкі імпрэсіянізму і сімвалізму адрозніваецца ад падобных з’яваў у іншых літаратурах, у чым яе праўдзівасць і непадробленасць, мусіць, трэба было б раскрыць у артыкулах «Імпрэсіянізм» і «Сімвалізм», але іх у энцыклапедыі няма. І такім чынам маштаб асобы нашага Максіма нешта страчвае.

Добра папрацаваў для даведніка Вячаслаў Рагойша, аўтар артыкулаў «Вершаскладанне», «Рытміка» і «Рыфміка». У гэтых артыкулах, асабліва ў першым, прыдаліся б спасылкі на У. Чаржынскага і А. Вазнясенскага, а то можна падумаць, што даследаванне асаблівасцяў Максімавага вершаскладання пачалося з Івана Ралько ды Міколы Грынчыка (пры ўсёй павазе да іх). Калі пра Вазнясенскага ў даведніку маецца асобны артыкул, дык Чаржынскі, ці не першы даследчык Максімавай паэтыкі, такога гонару не ўдастоены. Дзіўна, але ў кнізе пра паэта няма артыкулаў «Строфіка», «Фоніка» і «Эўфанія» (праўда, ёсць не вельмі абавязковы артыкул «Эўфемізм»).

Да пытання пра танальнасць… Антон Луцкевіч сцвярджаў, што Багдановіч «іграе на бэмолях», што паэт у «аснову свае гармоніі... паклаў лад мінорны». Вядома, што Антон Адамовіч спрабаваў абвергнуць гэты тэзіс і нават заняўся падлікам твораў, напісаных у розных танальнасцях. Аднак гэтаму пытанню ў даведніку не нададзена ўвага. Больш за тое, у кнізе няма артыкула пра Ант. Адамовіча. Гэтая недарэчнасць, як і адсутнасць у кнізе артыкулаў пра ўкладальніка «Вянка паэтычнай спадчыны» Багдановіча (Мюнхен, 1960) Станіслава Станкевіча і прадаўжальніцу Багдановічавай традыцыі ў паэзіі Наталлю Арсенневу, тлумачыцца проста: больш, чым пра навуковую каштоўнасць даведніка, энцыклапедысты думалі пра густы існага палітычнага рэжыму. Рыхтык гэтаксама рабілася і ў 1980-х, калі да друку рыхтаваўся том «Янка Купала»…

Лічу грубай памылкай энцыклапедыстаў тое, што ў даведніку няма асобнага артыкула пра выдадзеную ў 2002 г. кнігу М. Багдановіча «Стратим-лебідь». Пішучы аб Рамане Лубкіўскім, В. Рагойша адмыслова адзначыў ролю гэтага ўкраінскага паэта і перакладчыка ў выданні першага замежнага поўнага збору твораў нашага Максіма. Мімаходам гэты збор твораў згадваецца ў артыкуле «Украінская літаратура і М. Багдановіч», але дэталёва разглядаецца толькі зборнік «Лірика» (1967).

Як мы ведаем, багдановічазнаўства пачынаецца з А. Луцкевіча. Хоць на Луцкевіча ў даведніку маецца шмат спасылак і яго шмат цытуюць, усё-такі яму не пашанцавала. Дастаткова сказаць, што на артыкул пра яго выдзелена 36 радкоў, а на артыкул пра Лявона Гмырака — 65...

Ведаць бібліяграфію А. Луцкевіча трэба хоць бы дзеля таго, каб не пісаць, што ў прадмове да віленскага перавыдання «Вянка» (1927) ён упершыню ў беларускім літаратуразнаўстве ахарактарызаваў Багдановіча як песняра чыстае красы і паэта паўтонаў. Рэцэнзія «Пясняр чыстай красы», нагадаю, убачыла свет адразу пасля выхаду «Вянка», прадмову ж да віленскага перавыдання гэтага зборніка Луцкевіч напісаў у 1921 г. (у 1927-м неістотна яе пашырыў).

Аўтары даведніка ідуць за каментатарамі Поўнага збору твораў М. Багдановіча, а тыя ішлі за каментатарамі яго двухтомніка (1968), калі імя Луцкевіча нельга было згадваць у станоўчым плане. Так, у артыкуле пра газету «Наша будучына» (у даведніку яна названа «Нашай будучыняй») адзначана, што ў гэтым выданні ўпершыню надрукаваны 7 Багдановічавых перакладаў з Верлена, але пра тое, хто публікатар гэтых твораў і аўтар прадмовы да іх, — ані слова. У артыкуле пра «Гадавік Беларускага навуковага таварыства» (1933) не паказана, хто ж упершыню апублікаваў у ім Багдановічаў верш «Крытыку», пераклад Верленавых «Ракавак» і лісты Максіма да супрацоўнікаў «Маладой Беларусі» ды «Нашай Нівы». І зусім не згадваецца апублікаваны ў «Гадавіку...» артыкул Луцкевіча «Галоўныя кірункі ў беларускай паэзіі» (а ў ім вялася гаворка і пра Багдановіча). Што ж тычыцца зборніка «Заходняя Беларусь» (1923), у якім Луцкевіч упершыню апублікаваў верш Максіма Кніжніка «Дзень добры, пане! Вось Вам просты надпіс...» («Пану Антону Навіне»), дык артыкула пра яго наогул няма.

Але яшчэ больш дзіўна, што няма артыкула пра «Нашу Ніву» — газету, у якой Багдановіч дэбютаваў і ў якой ўпершыню надрукаваў шмат сваіх твораў. Артыкул пра верш паэта «Нашай Ніве» справы не папраўляе. І артыкул Таццяны Вабішчэвіч «Лірыка М. Багдановіча ва ўспрыманні нашаніўскіх сучаснікаў» таксама.

Раз ужо няма артыкула пра «Нашу Ніву», пагатоў няма ў тым даведніку і артыкула пра Беларускую сацыялістычную Грамаду — партыю, лідэры якой наладзілі выпуск газеты і сябрам якое быў таксама паэт чыстай красы (недарма ж А. Луцкевіч у некралогу назваў песняра Таварышам — менавіта гэтак, з вялікае літары).

Даведнік рабіўся паводле прынцыпу «з плеч ды ў печ». Але якія б не былі прычыны недагляду, недадумвання і замоўчвання, трэба шчыра сказаць, што кніга атрымалася сырая. У старыя часы даведнік хвалілі б за тое, што ўсё ж што-кольвечы ўдалося «працягнуць» і паказаць, цяпер жа часы іншыя: ад складальнікаў кніг такога роду патрабуецца праўдзівасць, вернасць фактам, аб’ектыўнасць. Калі ўсяго гэтага няма, кніга не можа прэтэндаваць на званне навуковага выдання. На жаль, як і ў савецкі час, мы маем справу з падабенствам навукі, паўнавукай.

 

1 чэрвеня 2012 г.

в. Задуб’е Ганцавіцкага раёна

novychas.org