Анатоль Трафімчык: «Ён жа — помнік»

 (Здымак Якуба Коласа напрыканцы навучання ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, напярэдадні ад’езду на першае месца працы ў Люсіна)


…4 верасня краіна адзначыла Дзень беларускага пісьменства.

 Настала чарга невялічкага мястэчка Ганцавічы стаць ягонай «сталіцай». Выдатна, што дзяржаўнае кіраўніцтва трымае ў полі зроку не толькі сталіцу і найбольшыя гарады, але і глухую правінцыю, якой з’яўляецца Ганцавіцкі раён. Многія мясціны ў раёне ў ХХ стагоддзі сталі літаратурнымі — адзначаны нараджэннем адораных Боскім талентам майстроў слова. Перадусім варта выдзеліць Васіля Праскурава, Івана Кірэйчыка, Міхася Рудкоўскага, Уладзіміра Марука, Алеся Каско, Віктара Гардзея, Алеся Кажадуба. Менавіта ім абавязаны горад гонарам стаць сталіцай маштабнага рэспубліканскага свята. 

Адным з канцэптуальных момантаў мінулага святочнага дзейства стала адкрыццё помніка вялікаму беларускаму паэту Якубу Коласу. Бюст з выявай маладога Канстанціна Міцкевіча ўстаноўлены ў канцы Алеі пісьменства невялікага ўтульнага гарадка. Логіка ў выбары стварэння памятнай мясціны нібыта абсалютная: Якуб Колас у дваццацігадовым узросце пасля заканчэння Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі прыехаў настаўнічаць у вёску Люсіна, якая сёння ўваходзіць у склад Ганцавіцкага раёна. У другой палове ХХ стагоддзя склалася традыцыя пісаць пра тое, што будучы народны паэт настаўнічаў на Ганцаўшчыне. Аўтары артыкулаў — ад раённых газет да навуковых зборнікаў — не задумваючыся ставілі побач псеўданім паэта і назву рэгіёна, таму публікацыі часта так і называліся — «Якуб Колас і Ганцаўшчына». Іх паток не заканчваецца і сёння.

Аднак логіка аказваецца падманнай, створанай шляхам падмены паняццяў. У выніку выяўляецца непісьменнасць падыходу да справы ўвекавечання памяці выбітных дзеячаў айчыннай культуры і літаратуры. Фармалізм, адсутнасць мінімуму ўдумлівасці, хаця б нейкай аналітычнай глыбіні, а самае галоўнае — ведання творчасці Якуба Коласа.

1. Ганцаўшчына як рэгіён склалася штучна і зусім нядаўна — у сярэдзіне ХХ стагоддзя. 

2. Сам Якуб Колас падчас працы ў Люсіне лічыў, што ён жыве і працуе на Піншчыне.

Аб усім — па парадку.

Да Другой сусветнай вайны такога геаграфічнага паняцця, як Ганцаўшчына, не было. Чыгуначная станцыя Ганцавічы, якая дала імпульс развіццю аднайменнага мястэчка, у часы настаўнічання Якуба Коласа (1902–1904 гг.) размяшчалася на тэрыторыі Круговіцкай воласці Слуцкага павета. Статус раённага цэнтра Ганцавічы атрымліваюць толькі ў 1940 годзе пасля ўключэння Заходняй Беларусі ў склад БССР. У перыяд нямецкай акупацыі яго зрабілі ўвогуле абласной сталіцай. Тыя часы сталі паваротнымі для фарміравання паняцця Ганцаўшчына. У межах Ганцавіцкага раёна сабраны розныя кавалкі тэрыторыі з пункту гледжання іх культуры. Асабліва выразнае адрозненне бачыцца паміж паўднёвай часткай раёна, якая належыць да палескай субкультуры, і паўночнай, якая цягацее да сярэднебеларускай субкультурнай паласы. Каб гэта праверыць, варта звярнуць увагу на адрозненне гаворкі жыхароў вёсак: дыялекты ад Любашава да Чудзіна маюць падабенства з літаратурнай беларускай мовай — у адрозненне ад выразна палескіх Раздзялавічаў, Макава, Ліпска… Нават незнаёмаму з дыялекталогіяй чалавеку лёгка вызначыць, да якой часткі раёна належыць той ці іншы жыхар. Прычым гэта размежаванне датычыцца не толькі культурнага, але і гаспадарча-эканамічнага аспекту, а таксама прыроднага. Як інфармуе артыкул Вікіпедыі, паўночная частка Ганцавіцкага раёна адносіцца да Баранавіцка-Ганцавіцкага агракліматычнага раёна, паўднёвая — да Пінскага. Тое ж і адносна глебаў, частка якіх — паўночная ўскраіна — адносіцца да Гродзенска-Ваўкавыска-Слонімскага аграглебавага падраёна (у адрозненне ад большай па велічыні паўднёвай часткі раёна, глебы якой тоесныя з пінскімі і лунінецкімі).

Якуб Колас пра згаданы падзел ведаў і канкрэтна яго ўсведамляў. Выразна тое прасочваецца па аповесці «У палескай глушы», падзеі якой многія лакалізуюць на так званай Ганцаўшчыне. Але ж — дамо слова аўтару, які, як мы ведаем, з’яўляецца прататыпам галоўнага героя Андрэя Лабановіча. Малады цельшынскі настаўнік вырашыў праведаць свайго старэйшага таварыша і калегу Максіма Турсевіча, які працаваў перад прыходам Лабановіча ў цельшынскай школцы, а затым перавёўся ў Любашава (вёска побач з Ганцавічамі). Варта заўважыць, што гэты пасаж меў месца ў рэчаіснасці. Галоўнае — тое, што абодва выдатна ведалі мясцовасць — як цельшынскае наваколле, так і любашаўскае. Як жа яны суадносілі тыя мікрарэгіёны? Цытуем:

«Лабановіч слухаў сябра, зга­джаўся з ім, як бы Турсевіч выказваў яго ўласныя думкі. Разам з гэтым і нейкае засмучэнне закрадалася яму ў душу.

— Ведаеш, брат, — сказаў ён. — Вельмі добра хоць зрэдку сустракацца з жывым чалавекам, пагаманіць, адвесці душу. А то жывеш у глушы, дзе жывога слова не пачуеш, жывеш адзін. <…> І вось цяпер, калі я крыху адышоўся ад свайго Цельшына і зірнуў на яго збоку, то гэта глуш, што цікавіла мяне спярша, пачынае здавацца варожаю і наводзіць на мяне нейкае засмучэнне, як бы я ў ёй або яна ва мне чуем непрыяцеля. Чым болей жыву там, тым больш пачуваю, што затрымацца там на доўгі час у мяне не хопіць сіл.

<…>

Турсевіч, залажыўшы за спіну рукі, хадзіў ад сцяны да сцяны і таксама аб чымсьці думаў. 

— Так, брат, там цяжка. Па сабе ведаю, якая там глуш, — прамовіў Турсевіч. — Вось ты вазьмі: якія-небудзь дваццаць вёрст раздзяляе нашы месцы, а якая розніца! Тут зусім іншае: не той выгляд прыроды. Мы заўтра пройдземся, паглядзім... Ніяк, брат, няможна раўняць Случчыны з Піншчынаю. І дзеці ў школе не тыя. У іх больш сардэчнасці, больш, ведаеш, гэтай чалавечнасці, а твае палешукі — проста звяркі». 

 (Збор твораў, Мінск, 2011, Т. 13, с. 78–79, 84–85.)

Якуб Колас выразна аддзяляе Ганцавічы — якой-ніякой цывілізацыі — ад Люсіна — відавочнай палескай глушы. Дарэчы, падчас настаўнічання К. Міцкевіча (сапраўднае прозвішча паэта) у Люсіне яшчэ Якуба Коласа (бадай, усім вядома, што гэта творчы псеўданім) не было, бо не было такога псеўданіма, як, зрэшты, і іншых, бо малады талент толькі спрабаваў сваё пяро. Ну не мог у саменькім пачатку ХХ ст. той, каго яшчэ няма (Якуб Колас), быць у тым месцы, якога таксама яшчэ няма — на Ганцаўшчыне!

Рэзюмуючы, сцвердзім: Якуб Колас на Ганцаўшчыне не настаўнічаў. Яго лёс звязаны з Піншчынай, якой пісьменнік прысвяціў шмат вершаваных і празаічных радкоў. Канечне, вялікі Пясняр ушанаваны ў Пінску і Пінкавічах. Але, як ні дзіўна, яго помніка ці хаця б бюста ў тых мясцінах… няма!

 

Надрукавана ў 63-м нумары "Літаратурнай Беларусі".

novychas.org