Анатоль Вярцінскі: «Беларускі верш зьведаў і «амэрыканку», і «валадарку»

Падчас прамінулых прэзыдэнцкіх выбараў упершыню ў палітычнай гісторыі Беларусі да выбаршчыкаў прамаўлялі ня толькі кандыдаты ў прэзыдэнты. На агітацыйных сходах і мітынгах, на дзяржаўных радыё і тэлебачаньні, з рэклямных улётак і плякатаў да людзей прамаўляла беларуская паэзія. Пра гэты фэномэн мы сёньня гутарым з паэтам Анатолем Вярцінскім.

Міхась Скобла: «Спадар Анатоль, памятаю, яшчэ да прэзыдэнцкіх выбараў і зьвязаных зь імі падзеяў вы сказалі пры сустрэчы, што задумалі верш ці эсэ на тэму „Выбары і беларускі верш“. Дык ці напісалі?»

Анатоль Вярцінскі: «Не, не напісаў. Толькі занатаваў у блякноце накід задуманага. Зь вершам не атрымалася зь дзьвюх прычынаў. Па-першае, прыйшлі на памяць ужо напісаныя і надрукаваныя колісь радкі — з нагоды, зноў жа, выбараў, толькі ў Вярхоўны Савет 13 скліканьня. Радкі ў форме звароту да выбаршчыкаў: «Голасу права — вялікая справа. Волю сваю праявіце яскрава! Вы сёньня — вяршыцелі, вы сёньня — судзьдзі. Ідзіце на выбары і — галасуйце!». Па-другое, маю задуму падказала мне іншая інфармацыйная нагода. Памятаю, раніцай 30 лістапада — гэта добра запомнілася — я слухаў выступ кандыдата ў прэзыдэнты, свайго калегі па паэтычным цэху Ўладзімера Някляева. Апроч іншага, прамаўляліся словы пра тое, чаму ён ужо даўно займаецца ня песьнямі, а палітыкай. «Таму што, — гучала ў ранішнім радыёэфіры, — паэзія жыцьцё наша можа ўпрыгожыць, але ня можа зьмяніць. А я хачу яго зьмяніць, палепшыць». Перадвыбарчая заява завяршалася, як вядома, вершам «Я прыйшоў, каб вы перамаглі»: «Мы ляжым снапамі на таках, нас малоціць кожны, хто ў руках, мае цэп! І так ва ўсе вякі».

Скобла: «Мне гэты вершы сугучны са «Словам пра паход Ігаравы». Той жа вобразна-стылёвы лад: «На Нямізе галовы сьцелюць снапамі, харалужнымі малоцяць цапамі».

Вярцінскі: «Так-так. Нават даслоўнае супадзеньне: снапы, ток, цапы. І гэта, заўважу, не сьвядомае перайманьне і нават не міжвольная рэмінісцэнцыя. Гэта — незалежная ад волі аўтара пераклічка часоў, своеасаблівая эстафэта. Толькі цяпер, на новым часавым вітку, верш выступіў у новай ролі — як частка палітычнай прамовы прэтэндэнта на пасаду кіраўніка дзяржавы. І гэта ўражвала, наводзіла на роздум — пра лёс нашага паэтычнага слова, нашага беларускага верша».

Скобла: «А калі ўпершыню ў беларускай гісторыі верш загучаў як палітычная праклямацыя? Можа, з вуснаў Кастуся Каліноўскага?»

Вярцінскі: «Так, Каліноўскі заклікаў (менавіта ў вершы) „за праўду станавіцца сьмела“. Беларускі верш разам з Каліноўскім улады вялі на эшафот. Беларускі верш здавалі ў рэкруты разам з Паўлюком Багрымам. Беларускі верш разам з Алесем Гаруном судзілі і высылалі ў Сыбір. Беларускі верш пры царскай уладзе садзілі ў астрог, а пры бальшавіцкай — ставілі да сьценкі тварам з узьнятымі рукамі разам зь Якубам Коласам. Беларускі верш выклікалі на допыт, даводзілі да спробы самагубства разам зь Янкам Купалам. Беларускі верш, надрукаваны і яшчэ толькі задуманы, яшчэ не зусім вынашаны ў сэрцах і розумах яго носьбітаў, везьлі на расстрэл у Курапаты, яго ў рукапісным выглядзе палілі на вялікім вогнішчы ў турме-„амэрыканцы“. Так, беларускі верш зьведаў і „амэрыканку“, і „валадарку“, і аршанскую перасылку, і этапы, і канвой, і зону, і калючы дрот незьлічоных гулагаў. Беларускі верш рэпрэсуюць і ў нашыя дні, пры сёньняшняй уладзе — канфіскавалі Дом літаратара, дзе ён гучаў прылюдна, пазбавілі рэдакцый, дзе яго віталі і прымалі да друку».

Скобла: «Прычым, гэтыя сумнавядомыя падзеі часам набываюць анэкдатычны характар. Вы, напэўна, чулі, як пры затрыманьні магілёўскага актывіста Зьмітра Салаўёва пасьля 19 сьнежня супрацоўнік КДБ знайшоў у яго кампутары верш Купалы «На сход». Кадэбіст палічыў яго за крамольны дакумэнт, за доказ падрыхтоўкі да «масавых беспарадкаў».

Вярцінскі: «Тое ж самае інкрымінуюць і аўтару верша „Я прыйшоў, каб вы перамаглі“. Зьяўленьне гэтага твора для мяне азначае адно: шматпакутны беларускі верш узбунтаваўся, рашыўся, так бы мовіць, узяць рэванш за ўсе свае пакуты, крыўды і паразы».

Скобла: «Але ў выніку — разам з аўтарам трапіў за краты. І сёньня Ўладзімер Някляеў можа пісаць, але вершы свае выносіць на людзі ня мае права. Яны разам з аўтарам — пад хатнім арыштам».

Вярцінскі: «Някляеву нават у кашмарным сьне ня бачылася, што ў ягонай кватэры — замест пявучых музаў ды анёла-натхняльніка — будуць кругласутачна дзяжурыць пільныя кадэбісты. Што ягоны хатні кут улады зробяць філіяй „амэрыканкі“. Гэткая сабе мадэрнізацыя па-лукашэнкаўску».

Дом Літаратара, svaboda.org