Анатоль Вярцінскі: Ці проста быць Някляевым

Колькі гадоў таму аднойчы вечарам мне пазваніў Уладзімір Някляеў і пацікавіўся, ці выступаў я калі з вершамі на прыступках Тэатра юнага гледача.

Патлумачыў, што задумаў пісаць раман, і хоча, каб у ім гучаў верш «Я фільм глядзеў: там Спартака распялі…» На хвіліну задумаўшыся, я сказаў, што каля тэатра вершаў не чытаў, але ў самім тэатры чытаў сваю п’есу «Дзякуй, вялікі дзякуй!» (рыхтаваліся яе ставіць), а на ганку давялося сапраўды выступаць праз колькі гадоў — толькі ўжо падчас свайго дэпутацтва. Гэта калі Вярхоўны Савет знаходзіўся ў колішнім будынку ЦК КПБ («Чырвоным доме»), гэта значыць, якраз насупраць тэатра з яго «псеўдаантычнымі калонамі». Яшчэ настальгічна дадаў, што з гэтай мясцінай звязаная пісьменніцкая маладосць, бо тут, зноў-такі побач, на Энгельса, 9, размяшчаўся Саюз пісьменнікаў.

Такая вось адбылася размова. І потым пры сустрэчах я часам паўжартам, паўсур’ёзна пытаўся: як пішацца раман? Уладзімір не столькі адказваў, колькі ўсміхаўся. Маўляў, не так проста тутшто-небудзь сказаць. Потым адбываліся падзеі, былі часы, калі пытацца жартам, а адказваць усмешкай зусім не выпадала, нават было б не да месца і часу. Гучалі радкі верша-выступлення «Я прыйшоў, каб вы перамаглі…» Замест рэальнай перамогі з’явілася, загучала паэма «Турма». Яе аўтару яўна было не да задуманага даўно рамана.

Прызнацца, я ўжо думаў, што з гэтай задумай у Някляева нічога не атрымалася, што адклаў ён яе у доўгую шуфляду. Ды вось атрымалася. Раман выйшаў, убачыў свет і нават атрымаў прэстыжную прэмію імя Ежы Гедройца. І мае ўжо на сваім рахунку шырокі розгалас, розныя, неадназначныя — што і не дзіўна ў дадзеным выпадку — прачытанні.

Час дзеяння твора з арыгінальнай назвай «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» і падзагалоўкам «Мінскі раман» амаль супадае з рэальным часам майго другога вяртання ў Мінск (лета 1962 года), а такія месцы дзеяння (яны ж і назвы раздзелаў рамана), як «Плошча Перамогі, былая Круглая» і «Вуліца Энгельса, колішняя Дамініканская, былая Петрапаўлаўская» — з месцамі працы (рэдакцыя газеты «ЛіМ» і Саюз пісьменнікаў). Момант, які, вядома ж, псіхалагічна накладваўся на маё чытанне твора. Гэтак жа, як па асацыяцыі са зборнымі вобразамі персанажаў-габрэяў згадваліся рэальныя гараджане-мінчане: Соф’я Абрамаўна з яе невялікім шапікам з самаробнай шыльдаю «Паэзія», дзе прадаваліся толькі кнігі вершаў. Шапік стаяў на рагу праспекта і вуліцы Энгельса. Літфондаўскі доктар Якаў Уладзіміравіч Нейфах з яго незвычайным клопатам пра здароўе сваіх пацыентаў, у тым ліку і нас, маладзейшых вершатворцаў, з яго гумарам: «Ёсць загад не хварэць! Люблю здаровых людзей». Чароўная піяністка Лілія Дворжыц з яе сумным прызнаннем: «Учора вечарам, Анатоль, схіляліся з маці над картай свету. З цяжкасцю адшукалі Ізраіль — вузкую палоску сушы ўздоўж мора. Ды будзем збірацца ў дарогу…»

Словам, чытацкае ўспрыняцце — як вяртанне ў рэальна перажытае, як падарожжа ў часе. А аўтар твора — як дасведчаны, цікавы праваднік. Цікавы не толькі сваёй манерай апавядаць, але і незвычайнай здольнасцю своеасабліва, часам, праўда, занадта ўжо вольна інтэрпрэтаваць факты, падзеі і з’явы.

Хацеў бы ў гэтай сувязі сказаць колькі словаў наконт жанравай адметнасці «мінскага рамана», пагатоў гэтая тэма закранаецца так альбо інакш ва ўсіх прысвечаных яму водгуках, у прыватнасці ў публікацыях Лявона Баршчэўскага, Леаніда Галубовіча, Сяргея Мікулевіча, Уладзіміра Мароза, Сяргея Шапрана і інш. Пагаджаючыся ў асноўным з іх ацэнкамі, звярну ўвагу на наступны, прынцыпова важны момант. Рэч у тым, што раман ствараўся ўсё ж паэтам, паэтам выразна лірычнага складу. І ў ім з гэтай прычыны прысутнічаюць, даюць пра сябе ведаць два пачаткі — паэтычны, гэта значыць пераважна маналагічны, і празаічны, гэта значыць дыялагічны, шматгалосы. Паводле словаў даследчыка псіхалогіі творчасці М. Бахціна, «проза ўбірае ў сябе шматстайныя, несумяшчальныя адзін з адным „галасы“. У ёй заўсёды ёсць устаноўка на „чужое слова“, якое выступае як прадмет паказу».

Няцяжка здагадацца, што адметна сумяшчаць «свой» голас з «чужымі» галасамі персанажаў, пераадольваць у некаторых выпадках іх несумяшчальнасць было адной з няпростых задач для аўтара рамана. Няпростым быў пошук адпаведнай раўнадзейнай. Гэта міжволі адзначаеш, чытаючы твор. Адзначаеш у тым лікудзе-нідзе і стылістычную стракатасць, і «белыя ніткі». Не вельмі ўспрымаеш, заўважу тут жа, матыў вар’яцтва, хай часам і метафарычнага.

Мяркую, што на жанрава-выяўленчых асаблівасцях рамана адбіўся і той відавочны чыннік, што аўтар дзёрзка паставіў мэтай спалучыцьлітаратурна-раманнае з дакументальным. Задача, зноў-такі, не з самых лёгкавырашальных.

Па-рознаму ацэньваецца ідэйна-тэматычны змест «мінскага рамана». Твор не бясспрэчны, дае падставы для гэтага. Дае падставу ў які ўжо раз спытацца: «Любоў і голад правяць светам»? Ці «шэршэ ля фам»? Ці, можа, раман лепш было б назваць «Ася Бланк і кампанія»? Можа, і так. Але толькі ў пэўным сэнсе. Бо ў дадзеным выпадку мы маем усё ж той варыянт, калі галоўны тон дапаўняецца абертонамі. І ці не самы выразны з іх — матыў вальнадумства, матыў свабоды. Свабоды пачуцця і думкі, свабоды быць самім сабой, свабоды духоўнага выбару і яшчэ — такой жыццёва важнай свабоды, як магчымасць свабодна і свядома выбіраць сабе ўладу (дасціпная мастацкая ілюстрацыя на тэму гэтай свабоды — парадыйны раздзел «Новы Свет, былы рай»).

Камічнае і трагічнае. Нізкае і высокае. Агульнаграмадскае і асабістае. Плоцкае і платанічнае. Усведамленне, што «ўсе нашы клятвы пішуцца на хуткаплыннай вадзе» і што «лёсу кругі — як кругі на вадзе», што «трэба ў гэтым свеце цікаўным быць» і што «жанчыны не любяць, калі на іх глядзяць праз гады», што «нашы звычкі з намі заўсёды»… Цяжка Някляеву быць… Някляевым. Ды ён, здаецца, не скардзіцца і не збіраецца быць кімсьці іншым. І ў сваім «мінскім рамане», і ў тых сваіх словах, якія гаворыць пра раман. Таму для таго, каб неяк вызначыць «зводны баланс», не прыдумваеш нічога лепшага, як прывесці радкі самога Уладзіміра Някляева. Вось гэтыя:

Што затужылі,
Воі — мужчыны? 
Волі ўдыхнулі — і дух заняло? 
Як там і што там
Ні стане з Айчынай — 
Горай не будзе, бо лепш не было.

P. S. Атрымалася так, што якраз у той дзень, калі перадрукаваў на машынцы гэты водгук і сабраўся адвезці яго ў рэдакцыю, прыйшоў чарговы нумар «Народнай волі» з артыкулам Сямёна Букчына «Жизнь как хохма и прикол. О романе Владимира Някляева «Автомат с газировкой с сиропом и без». Такое вось, можна сказаць, знакавае супадзенне.

Так, як я ўжо зазначаў, «мінскі раман» дае падставу для розначытанняў. І паважаны літаратуразнаўца-інтэлектуал мае ў нечым рацыю, у тым ліку і ў істотным, прынцыпова важным. Але ў нечым, зноў-такі істотным, занадта катэгарычны, занадта згушчае фарбы. Скажам, у сваім меркаванні, пра што, які раман было б лепш напісаць Уладзіміру Някляеву. Спрэчнае патрабаванне. Наконт пераўвасаблення, «прыдумвання сабе біяграфіі». Праблема тут, як мне здаецца, палягае ў крыху іншай плоскасці. ЛеанідДранько-Майсюк у сваім «Паэтаграфічным рамане», прысвечаным Уладзіміру Някляеву, прапануе побач з «біяграфіяй» ставіць новы тэрмін — «паэтаграфія» (гэта калі «роднае пераходзіць у чужое»). А разважаючы, адкуль раптам вынікла, што «Някляеў- знак, Някляеў — сімвал», піша: «Магчымая і такая антыномія: Някляеў — артыст неадпаведны Някляеву — паэту, артыст перамагае паэта. І калі гэта так, тады зразумела, чаму ён — знак і сімвал». Гэты крытэр можа быць ужыты і ў дачыненні да Уладзіміра Някляева як празаіка, як аўтара «мінскага рамана».

 

Анатоль Вярцінскі, nn.by