Навіны

Вох, не зайздрошчу я сябрам журы прэміі Гедройца, якім ізноў даводзіцца абіраць між мясам і гароднінай. То бок між нон-фішнам і мастацкай прозай. Што з гэтага лічыць мясам, а што гароднінай, я не ведаю, але, калі казаць пра адпаведнасць назве прэміі, ведаю, што Ежы Гедройц прозу не пісаў.

Сяргей Дубавец піша і прозу, і эсэістыку. Кажуць, і вершы пісаў (прынамсі, кніга “Вершы” ў яго ёсць). І нават песні.

Наагул, гэты Дубавец — вядомы містыфікатар. Толькі Вікіпедыя выдае з дзясятак яго псеўданімаў і крыптанімаў. А насамрэч іх, ясна, больш (у адной газеце “Свабода” і яе інкарнацыі “Тут і цяпер” колькі назбіраецца!). Магчыма, калі-небудзь хтосьці будзе шукаць па нейкіх знаках тэксты, падпісаныя і гэтымі псеўданімамі, і сапраўдным імем, каб скласці збор твораў (бо, відавочна, што сам аўтар гэтым займацца наўрад ці будзе), як цяпер тое робіцца з тэкстамі Борхеса, раскіданымі па аргентынскіх перыёдыках…

Кніга “Errata” мае падзагаловак “Як што называецца, так і адбываецца”. Магчыма, хтосьці напіша навуковую працу па этымалогіі дубаўцоўскіх нікнэймаў, каб разгадаць, чаму ён у пэўны час хацеў назвацца Алесем Кебікам, Андрэем Корсакам, Сяргеем Паўлоўскім ці Адамам Працістам; marmon’aм ці ivansaj’ем? Каб як адбыцца?..

Аднойчы Сяргей Дубавец задумаў тэкст, у якім праз рэфлексію звароту “мой народ” (у высокім купалаўскім гучанні) выявіць мажлівасць (ці немажлівасць) таго ці іншага аўтара нацыянальным звацца. У выніку на сайце Litara.net з’явіўся форум, дзе Сяргей Дубавец пад рознымі нікамі і з дапамогай некаторых сталых жыхароў гэтае адзінае тады літаратурнае інтэрнет-пляцоўкі спрабаваў разабрацца ў пастаўленай праблеме. 

Прызнаюся, тады мне падалася крыху надуманай гэтая тэма. Ну, высветлім мы, “чаму тая ці іншая асоба не можа сказаць “мой народ” з Купалавым зместам”. Ну, адчуем праз гэны індыкатар “маштаб” і “ступень нацыяналізму” творцы. І што? Не стане ж ад падобных доследаў гэты самы народ сваіх прарокаў прымаць… Але перачытаўшы гэтае сумбурнае абмеркаванне цяпер, на свежую галаву, я падумаў, што пошук геніяў ды прарокаў быў падманкай, першасным слоем тэксту. Насамрэч жа спадар Дубавец шукаў не нацыянальнага аўтара, а… сам народ. Кшталту, даведаешся, хто піша напраўду “для народа” — вызначыш і што гэта за звер такі, “Народ”. Такая сабе дыялектыка.

І раптам падчас чытання новай кнігі Дубаўца мне зрабілася цікава: а ці можа яе аўтар прамовіць “мой народ”? Вось з гэтым, купалаўскім, зместам?..

“Нацыя двухногіх зэдлікаў”

Кампазіцыйна “Errata” выразна падзяляецца на дзве часткі: першая ўключае ў сябе суплёт эсэ, прысвечаных актуальным праблемам перадусім нацыянальнае ідэнтычнасці (раздзелы “Словы” і “Мова”), другая — гістарычныя нарысы (раздзел “Народ” з нашумелым калісьці тэкстам “Тайна шасці мільёнаў” і даследаваннем “Стагоддзе палітычнага тэрору”). Фактычна, гэта дзве розныя кнігі, размешчаныя дыяхранічна: кніга пра нацыю двухногіх зэдлікаў і кніга пра дваранаў-усходнікаў 20-30-х гадоў ХХ стагоддзя, шчымлівыя ўводзіны ў даследаванне ахвяраў чырвонага тэрору на Беларусі. Тое, што іх аб’ядноўвае, нібыта скразная тэма кнігі, абазначана ў анатацыі як “падмена назваў і сэнсаў”. Насампраўдзе ж галоўным аб’яднаўчым чыннікам гэтых зместава зусім розных частак ёсць фірмовы дубаўцоўскі стыль.

Чым вызначаецца аўтарскі стыль публіцыста ці эсэіста? Як на мяне, перадусім — выразна вызначаным адрасатам. Інакш, — разуменнем, для каго ты пішаш. 

Для каго піша Сяргей Дубавец — гэтае пытанне свідравала маю галаву ў часе чытання кнігі. Хто, так бы мовіць, бенефіцыярый гэтае кнігі?

Адказ на пытанне, для чаго пішацца публіцыстыка, нібыта зразумелы: каб штосьці якасна змяніць. Змяніць словам. Запусціць ланцуговую рэакцыю. Спярша ў галовах, ну, а потым... Але ж вось чамусьці мала каго: а) хапае надоўга (бадай што, пальцаў адной рукі хопіць, каб назваць тых беларускіх аўтараў, да каго слова “публіцыст” можна ўжыць без нацяжак, і Сяргей Дубавец тут, відаць, будзе ўзначальваць топ); б) напраўду цікава чытаць.

Дык для каго ж піша Дубавец. 

Няма часу ды натхнення, каб бавіцца цяпер здогадкамі, каго ён бачыць, сядаючы перад маніторам — прасунутага маладзёна з айпадам, сівога дзядзьку перад прыймачом, наладжаным на ультракароткія хвалі, ці, можа, беларускі народ “у цэлым”… Занятак гэты марны й бессэнсоўны. Але ж пра тое, што піша ён не абстрактна, у космас, гавораць, напрыклад, звароты, якія ёсць амаль у кожным тэксце (часам, праўда, яны рытарычныя, як, напрыклад, запыт да бэтэшных тэлевізійнікаў, навошта тыя замоўчваюць факты сталінскіх забойстваў, выкідаючы з біяграфіяў вядомых беларусаў радкі пра іх пакутніцкую смерць). Гэта дакладна дыялогі. Не маналогі. 

Мне зразумела, што Сяргей Дубавец не піша для “двухногіх зэдлікаў” (такую метафару аўтар уводзіць для характарыстыкі рускамоўных беларусаў). Гэта, вядома ж, не выключае мажлівасці таго, што двухногі зэдлік не можа прачытаць ягоны тэкст. Прачытаць і прыкруціць сабе трэцюю нагу. 

У эсэ “Карта беларуса” аўтар скардзіцца на дыскрымінацыю, якую адчувае той, хто жыве за мяжою, але не мяняе свайго беларускага грамадзянства. “Цябе пастаянна б’юць (рублём, поглядам, словам) за тое, што ты захоўваеш вернасць”. І далей — ізноў рытарычны зварот да нябачных шматлікіх апанентаў з іх непрамоўленым: “А зачэм вы жывёце там?”“Ты палюбі мяне за тое, што я падзяляю з табой тваю супольнасць ды яшчэ й звяртаюся да цябе на роднай мове, якую ты даўно забыў і выкінуў, як што нядобрае. Палюбі мяне так, як я люблю сваю Радзіму. Усю люблю, якая ёсць. Разам з табой, гаўнюком, дарэчы. Можа быць, ты проста ня ведаеш, што такое — любіць?”

Для каго напісаны тэкст “Плач вэб-рэдактара над каментарамі” (яго няма ў кнізе)? Для свабодаўскае “мэтавае групы”, што пакінула пад трыста каментаў пад ім (для РС — неверагодная лічба)? Але навошта? Каб проста разварушыць прыснулы вулей? Ці чыста для рэйтынгу, nothing personal?.. Напэўна, што не. Жанр трэнасу-галашэння не ёсць улюбёным для Сяргея Дубаўца (“Плач…”, дарэчы, заканчваецца смайлікам). 

Столькі нянавісці ў камэнтарах на сайце Свабоды! Я не адзіны мадэратар, але скажу пра сябе — хоць ты хавайся ў бульбу, калі людзі нібыта тваіх поглядаў аж настолькі безапеляцыйныя, глухія і злыя. Міжволі задумаешся — а ў чым уласна іх і твае погляды супадаюць? У прабеларускай рыторыцы? Магчыма. Але ва ўсім астатнім мне часта хочацца перайсці на другі бок вуліцы.

Ва ўсім астатнім... Мая беларушчына ніколі не была злой, хамскай, па-пракурорску “выкрывальніцкай”. Нацыянальная ідэя — як ідэал, як Жыровіцкі абраз Божае маці. Яна заўсёды адкрывалася людзям, імкнулася быць шчырай і па-хрысціянску пакаяльнай. Гэта да яе і прываблівала.


Наагул, “блогерства”, якім спадар Сяргей доўгі час займаўся на сайце svaboda.org, яму зусім не па кайфе. Не па любові ён гэта рабіў, як вынікае з эсэ пад назвай “Антыблогер”.

Блог павінен “чапляць” — не важна, за якое месца. Пры гэтым пажадана, каб ён быў бязмэтным (гаварыць як? — ярка; гаварыць што? — неістотна) і не меў завершанай структуры. Інакш прасторы для выказваньня каментатараў не застаецца, і яны справядліва шалеюць, збіваюцца з тэмы на асобу блогера, які закрыў браму ў іх перад самым носам…

Ідэальны блог — гэта масавае пабоішча, ад якога назаўтра не застаецца і ўспаміну. Місія блогера — даць зачэпку. І чым больш балюча ці, скажам, эратычна ён дакранецца да пэўных зонаў публікі, тым найлепей блогер справіўся са сваёй задачай.

Такім чынам, задачы блога — адваротныя літаратурным: выказванне не павінна мець мэты, не мусіць быць лагічным і ня можа быць завершаным.


Гэтым эсэ Сяргей Дубавец як бы афіцыйна сыходзіць з блогерства. Вось, што ён піша пры канцы: “…гэта “не маё”. І таму мне застаецца прызнаць неадпаведнасць сваіх экзэрсісаў бложнаму жанру і вярнуцца на ўлюбёную папяровую прастору. Калі ў гэтым дзеянні вам убачыцца ўчынак, я дару яго вамна памяць” [вылучэнне маё — А.І.]

Дык для каго піша Дубавец?..

Любоў як творчы метад


Напэўна, “Errata” — не самая галоўная кніга Сяргея Дубаўца. А тады — якая галоўная? “Практыкаванні” — самая эксперыментальная. “Вострая Брама” — самая кантэкстуальная. “Як?” — самая канцэптуальная. “Русская книга” — самая русская:) “Майстроўня”, што мае фантастычны ахоп персаналіяў, наагул кніга гутарак...

Крый божа, я не збіраюся падводзіць нейкіх рысаў і рабіць падрахаванне зробленага аўтарам. Проста падаецца, што “Errata” — падкрэслена негалоўная кніга Сяргея Дубаўца. Пра гэта сведчыць і назва (еrrata — набор афіцыйных выпраўленняў у змесьце кнігі, зробленых пасля яе выдання), і адсутнасць, на тле папярэдніх, магістральнай ідэі, нейкай акрэсленай звышзадачы, і гуманны-невялікі аб’ём… 

Але ў тым і фокус, што эсэістыка Дубаўца ўся як бы падкрэслена спантанная. Яе фірмовымі маркёрамі ёсць нязмушанасць і неабавязковасць (з гэткаю нязмушанасцю кітайскі майстар мяча малюе іерогліф перад спохваткай, чым адбівае ахвоту ад двубою менш майстравітаму байцу). Такое сабе няспешнае філасофстваванне. Гэткае ленаватае прамаўленне глыбокіх сентэнцыяў. Грунтоўны й няспешны наратар нагадвае тут мудрага пітона Каа з савецкага мульціка пра Маўглі. Ён не марнуе энергію на паказуху, на лішнія гукі і словы. Але гэтая флегматычнасць падманлівая. За ёю — гатоўнасць да імклівага скачка падчас медытатыўнага танца перад бандэрлогамі…

Паэты любяць казаць, што самая галоўная кніга — ненапісаная, тая, якая яшчэ наперадзе. Дубаўцоўская эсэістыка мае рысы паэтычнасці (у адной толькі назве колькі прыхаванага эратызму!). 

Старалітвінства наша ляжыць “где-то в шкафу”. Разам з нашай культурнай спадчынай і самае галоўнае — з тым азарэннем душы, якое нязменна выклікаюць у маладой беларускай асобе ці то бяздонныя яры Крывога гораду, якім калісьці была Вільня, ці то Барысавы камяні і камяніцы Якуба Бабіча, першы беларускі буквар, выдадзены ў Еўі, і словы прысягі студэнтаў-філаматаў, што некалі прыдумалі сваю Беларусь, чарэйскія таямніцы Оскара Мілаша і паляўнічыя акварэлі менскага шляхціца Янкі Лучыны, мячэці Іўя і замкі Любчы і Крэва, скарбы Тышкевічаў, сады Жалібэра, песні нашых бабуль па-над Прыпяццю, у якіх заўсёды спявалася пра Дунай (пры чым Дунай там не рака, а мора), альбо пра туман (Warning fog!), бо “за туманам нічога не відна”...

І справа не толькі ў фармалёвых чынніках (кожны тэкст Дубаўца можна лічыць такім сабе звышжанрам з выразнай унутранай пабудоваю, што не замінае яму быць адначасова і эўфанічным, і інфарматыўна ёмістым). Я кажу пра такую невымяральную велічыню, якую Паўла Каэльё назваў “энергетычным цэнтрам”. Роберт Грэйвз карыстаўся метафарай Белай Багіні. У кнізе “Вершы” — “прыватным дасьледаванні сучаснай паэзіі” — Сяргей Дубавец неаднаразова згадвае стыхію-паэзію, што прамаўляепраз пэўнага аўтара. То бок, “не я пішу вершы, а вершы пішуцца мной”“Стыхія-паэзія, як і душа або розум, не мае плоці”. Вось жа, сугестыя і ў эсэ Дубаўца мае істотнае значэнне. У звязку з гэтым пытанне “Для каго піша Дубавец?” страчвае сэнс. Піша, бо праз яго прамаўляе паэтычная стыхія. Зрэшты, кожны, хто піша вершы, ведае, пра што тут гаворка. А паколькі Дубавец ведае, ergo…

Сяргей Дубавец — містык. Няцяжка ўявіць яго чальцом (а можа, — ачольвальнікам) таемнага таварыства, якое думае Беларусь. 

Насамрэч, такое таварыства існуе. Чым ёсць праўдзівая Беларушчына, як не таемным таварыствам? Ды і заўсёды была. І кожны прыходзіць сюды па-свойму, але заўжды з матываў немеркантыльных, а значыць, — нелагічных. Праз “зрухі сэрца”. І насамрэч гэта ёсць і галоўным апірышчам, і гарантыяй трываласці гэтага таварыства, і стратэгіяй для перамогі. Не грашовыя абавязкі ды жалезабетонныя пагадненні. Ірацыянальныя зрухі сэрца. “Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, — і тады пераможаш” — паводле інструкцыі-запавету класіка.

Так, часам агортвае сум, калі слухаеш прафесійныя тэле- і радыёперадачы, на галаву вышэйшыя за тое, чым кормяць піпл дзяржаўныя медыя, калі бачыш файныя праекты (кніжныя, музычныя), што нібыта транслююцца ў нікуды, у космас. А для каго выдаваў свае “Дудку…” і “Смык…” у аўстра-вугорскіх Кракаве й Познані Багушэвіч? Ці думаў ён пра мажлівы “адрасат”? Ці адчуваў марнасць высілкаў?..

Часам, чытаючы пэўнага аўтара (няважна, белетрыстыку ці нон-фікшн) з выразным стылем, паглынаючыся ў тэкст, пачынаеш заўважаць пэўныя ўнутраныя метамарфозы ў сабе. У мысленні, паводзінах, нават ва ўласнай хадзе. Вось жа, і гэтая мая рэцэнзія не пазбаўленая ўплыву свежапрачытанае кнігі. Так і карціць напісаць: а тэму “Адрасат публіцыстыкі Сяргея Дубаўца”, згадаўшы словы Купалы, дару на памяць “новаму — а мудраму — гісторыку”… 

Але я не пакіну пытанне, для каго піша Дубавец, без адказу. Ён піша для тых, хто чуе і бачыць, а не проста — слухае і глядзіць. 

[TypeError] 
count(): Argument #1 ($value) must be of type Countable|array, bool given (0)
/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/bitrix/news.detail/.default/template.php:50
#0: include
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#1: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#2: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#3: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#4: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news.detail/component.php:515
#5: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#6: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#7: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#8: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/detail.php:16
#9: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#10: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#11: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#12: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#13: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news/component.php:336
#14: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#15: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#16: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#17: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/news/index.php:107
#18: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/include/urlrewrite.php:184
#19: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/urlrewrite.php:2
----------