Анатоля Кудраўца ўспомнілі ў Мінску (фота)

— Год таму не стала Анатоля Паўлавіча, і ў нас усіх з ім звязаныя самыя цёплыя ўспаміны, — распачаў вечар Старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч. — Колькі гадоў таму спадар Анатоль узяўся дапамагчы маладой тады рэдакцыі часопіса “Дзеяслоў”, і менавіта дзякуючы яму нашае выданне выходзіць і па сёння. Многія могуць сказаць пра Анатоля Паўлавіча і як пра блізкага, і як пра сябра, празаіка, рэдактара, арганізатара і проста як пра чалавека.

Родныя і блізкія, сябры і калегі Анатоля Кудраўца

Выступае Барыс Пятровіч

Сустрэча праходзіла ў камернай, амаль сямейнай абстаноўцы, без шырокай публікі, таму выступоўцы мелі магчымасць выказацца непасрэдна, без аглядкі на ўмоўнасці. Успаміналі пра сяброўскія «размовы на кухні» з Анатолем Кудраўцом, згадвалі глыбока асабістыя моманты.

Эдуард Смольскі

Сяргей Законнікаў

Былы аднакурснік, сябар юнацтва Эдуард Смольскі як ніхто іншы ведае, з якімі складанасцямі (галечай, голадам, беднасцю) сутыкнуліся на пачатку дарослага жыцця Анатоль Кудравец і яго равеснікі, прадстаўнікі пасляваеннага пакалення. Спадар Эдуард падзяліўся сваімі ўспамінамі і падзякаваў пісьменніцкай грамадзе і блізкім Анатоля Паўлавіча за захаванне памяці пра яго.

Уверсе, злева направа: Ірына Шаўлякова, Сяргей Дубавец; Алесь Пашкевіч

Для кагосьці Анатоль Паўлавіч быў начальнікам, старэйшым калегам і духоўным настаўнікам. Напрыклад, для Сяргея Дубаўца, Алеся Пашкевіча, Ірыны Шаўляковай, якія некалі ў юнацтве пачыналі свой прафесійны шлях з працы ў часопісе «Нёман», дзе спадар Кудравец быў галоўным рэдактарам.

Уверсе, злева направа: Віктар Карамазаў, Анатоль Вярцінскі; унізе: Віктар Казько, Генрых Далідовіч

Для больш сталых пісьменнікаў — Анатоля Вярцінскага, Генрыха Далідовіча, Сяргея Законнікава, Віктара Казько, Віктара Карамазава — Анатоль Паўлавіч быў добрым сябрам, надзейным паплечнікам, чалавекам вялікай жыццёвай мудрасці, знешне вельмі спакойным і мяккім, але ўнутры — напоўненым нязломнай сілай волі, прагай да справядлівасці, імкненнем да высокіх маральных каштоўнасцей.

Радзім Гарэцкі

Акадэмік Радзім Гарэцкі ўспамінаў досвед супрацоўніцтва з Анатолем Паўлавічам у часопісе “Нёман”: спадар Кудравец безумоўна падтрымліваў смелыя публікацыі, ініцыяваў грамадскія абмеркаванні, круглыя сталы па надзённых пытаннях сацыяльнага і культурнага жыцця.

Народнасць, глыбокі нацыянальны пачатак, тонкае бачанне беларускага характару — усё гэта ўласціва майстру вясковай прозы Анатолю Кудраўцу. І пры гэтым калегі адзначылі “някідкасць”, непрэтэнцыёзнасць, адсутнасць залішніх творчых амбіцый, пачцівае пачуццё ўласнай годнасці — тыя рысы, якіх, на погляд выступоўцаў, у сучасным свеце многім людзям не хапае.

Унучка Анатоля Кудраўца Ганна

У падрыхтоўцы кнігі прозы «Зязюля пракукуе заўтра», што была складзеная аўтарам, але апублікаваная ўжо, на жаль, пасмяротна, актыўны ўдзел узяла ўнучка пісьменніка Ганна (Анюта, як лагодна называюць яе блізкія), якая робіць усё для захавання памяці пра дзядулю. Цяпер рыхтуюцца да выпуску ўспаміны Анатоля Кудраўца.

Спявае Таццяна Матафонава

Цягам вечара было шмат згадана пра часы 1980-х — пачатку 1990-х, пра тагачасныя рэдакцыі часопісаў “Нёман”, “Полымя”, “Маладосць” — на гэты перыяд прыпала найбольшая грамадская актыўнасць Анатоля Кудраўца.

Вечар завяршыўся музычным выступам Таццяны Матафонавай — вядома, Анатоль Паўлавіч вельмі любіў беларускія нацыянальныя песні.

Тэкст і фота: Віка Трэнас, для lit-bel.org