Анатоля Вярцінскага павіншавалі з юбілеем

22 лістапада ў Музеі беларускай літаратуры сябры і калегі Анатоля Вярцінскага сабраліся, каб павіншаваць паэта з юбілеем.

18 лістапада яму споўнілася восемдзесят гадоў.

 “Калі глядзець па гадзінніку, то ўжо адвячорак”, – сказаў пра свой узрост Анатоль Ільіч, але адзначыў, што ўсё ж знаходзіць нагоды для аптымізму.

“Адкрыў я пашпарт і заўважыў тое, на што раней не звяртаў увагі: тэрмін дзеяння – да 2031 года!”,  “А вось яшчэ нагода для надзеі”, – паэт паказвае ўдзельнікам  сустрэчы  купюру ў  100 рублёў,  на якой змешчана выява эпізода з балета Яўгена Глебава “Выбранніца” па паэмах Янкі Купалы з лібрэта Анатоля Вярцінскага.

Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч павіншаваў юбіляра вершамі беларускіх паэтаў, якія згадвалі Вярцінскага ў сваіх творах. Свае добрыя зычанні Анатолю Ільічу выказалі супрацоўнікі музея, а таксама Радзім Гарэцкі, Генадзь Бураўкін, Адам Мальдзіс, Леанід Дайнека, Уладзімір Някляў, Леанід Дранько-Майсюк, Эдуард Акулін, Барыс Пятровіч, Міхась Скобла ды іншыя творцы.

Уладзімір Арлоў зачытаў для юбіляра верш нобелеўскага лаўрэата Тумаса Транстромера, з якім нядаўна сустрэўся ў Швецыі, а Алесь Разанаў у сваё віншавальнай прамове паразважаў пра маральны імперытыў, закладзены ў творах Вярцінскага: “Мы ашукваем і ашукваемся, таму што мы недастаткова ёсць, а Вярцінскі ўмее быць”.

 

Вярцінскі Анатоль, нарадзіўся 18.11.1931 г. у вёсцы Дзямешкава Лепельскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1956 г. скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у рэдакцыях раённых газет (Давыд-Гарадок, Камянец, Клімавічы, Рагачоў). У 1962 г. пераехаў у Менск, супрацоўнічаў у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», быў рэдактарам выдавецтва «Беларусь». У 1967-1982 гг. - літкансультант, сакратар праўлення СП Беларусі. У 1986-1990 гг. - галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва». Адначасова рэдагаваў штогоднік перакладной літаратуры "Далягляды". Шмат гадоў працаваў на розных пасадах у штаце Саюза Пісьменнікаў Беларусі. З 1990 г. быў абраны народным дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га склікання, узначальваў Камісію ВС па пытаннях сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека. Уваходзіў у склад Камісій по распрацоўцы тэкстаў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі (1990) і новай Канстытуцыі РБ (1994).  У 1977 г. прымаў удзел у рабоце XXXII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1964 г.

Дэбютаваў з вершамі ў 50-я гг. (студэнцкая газета «Беларускі ўніверсітэт», газета «Чырвоная змена», часопіс «Маладосць»).

Паасобныя вершы пакладзены на музыку. Па паэме «Колькі лет, колькі зім!» пастаўлены тэлеспектакль (1980). Вершы і п'есы Анатоля Вярцінскага перакладаліся на многія мовы свету. У 2005 годзе выйшаў у перакладзе на ўкраінскую мову зборнік яго выбраных твораў.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1988) за кнігу «Нью-Йоркская сірэна».

Бібліяграфія:

«Песня пра хлеб». Кніга паэзіі. 1962 г.

«Тры цішыні». Кніга паэзіі. 1966 г.

«Чалавечы знак». Кніга паэзіі. 1968 г.

«Выбранае». Кніга паэзіі. 1973 г.

«З'яўленне». Кніга паэзіі. 1975 г.

«Час першых зорак». Кніга паэзіі. 1976 г.

«Ветрана». Кніга паэзіі. 1979 г.

«Высокае неба ідэала». Кніга публіцыстыкі. 1980 г.

«Святло зямное». Кніга паэзіі. 1981 г.

«Дзякуй, вялікі дзякуй». Зборнік п'ес для дзяцей. 1983 г.

«Нью-Йоркская сірэна». Кніга публіцыстыкі. 1987 г.

«Хлопчык глядзіць». Кніга паэзіі. 1992 г.

«Трывожны досьвітак». Кніга публіцыстыкі. 1994 г.

«Жанчына. Мужчына. Каханне...». Кніга паэзіі. 2003 г.

Прэсавая служба Саюза беларускіх пісьменнікаў