Анатолю Бутэвічу -- 65! Віншуем!

Анатоль Бутэвіч

Паважаны Анатоль Іванавіч! Прыміце шчырыя віншаванні з юбілеем і пажаданні моцнага здароўя і дабрабыту, аптымізму і шанцунку ва ўсіх справах, і, канечне, далейшай плённай дзейнасці на карысць Беларусі!

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

Анатоль Бутэвіч (псеўданім Максім Валошка) нарадзіўся 15 чэрвеня 1948 года на хутары Язавец Нясвіжскага раёна. Беларускі дзяржаўны дзеяч, пісьменнік, перакладчык, публіцыст, крытык. 

Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1971). Працаваў рэдактарам Беларускага тэлеграфнага агенцтва (1971—1973), намеснікам рэдактара газеты «Чырвоная змена» (1975—1979), дырэктарам рэспубліканскага выдавецтва «Мастацкая літаратура» (1986—1987), у ЦК ЛКСМБ (1973—1975, 1979—1980) і ЦК КПБ (1980—1986, 1987—1990). Старшыня Дзяржаўнага камітэта па друку (1990—1992), міністр інфармацыі (1992—1994), міністр культуры і друку Рэспублікі Беларусь (1994—1996). У 1996—1998 — Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Гданьску. У 1998—2000 Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Румыніі. У 2001—2009 — саветнік старшыні Банка міжнароднага гандлю і інвестыцый. У студзені-маі 2009 — галоўны спецыяліст упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Мае дыпламатычны ранг Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь.

Анатоль Іванавіч друкавацца пачаў з 1969 года. Вядомы як аўтар твораў для дзяцей, кніг па гісторыі, як публіцыст, крытык і перакладчык. Перастварае з польскай, рускай, украінскай моў на беларускую, з беларускай на рускую.

У перакладзе спадара Анатоля на беларускай мове выходзілі Эрнэст Хемінгуэй, Станіслаў Лем, Джэймс Олдрыдж, Эліза Ажэшка, Рышард Курыльчык, Шолам Алейхем і многія іншыя.

Анатоль Бутэвіч -- сябра ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" з 1994 года.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"