Анатолю Клышку — 80!

Шаноўны Анатоль Канстанцінавіч! Прыміце нашыя сардэчныя віншаванні і пажаданні моцнага здароўя, даўгалецця, дабрабыту, плёну ў творчых і штодзённых справах, радасці і аптымізму Вам і Вашым блізкім!

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

Анатоль Клышка нарадзіўся 16.04.1935 г. у вёсцы Данейкі Баранавіцкага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вучыўся ў Наваградскай педагагічнай навучальні (1949-1952). Працаваў карэктарам у наваградскай гарадской газеце «Звязда», адказным сакратаром рэдакцыі газеты «Фізкультурнік Беларусі». Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1958). Быў супрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва», у 1958 г. працаваў інструктарам па друку ЦК ЛКСМБ, са снежня 1958 г. вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, з 1960 г. - у рэдакцыі часопіса «Полымя». З 1961 па 1963 гг. - старшы рэдактар сцэнарнага аддзела кінастудыі «Беларусьфільм», пасля зноў у «Полымі» - літработнік аддзела крытыкі, рэдактар аддзела навукі і мастацтва. З 1971 г. - загадчык лабараторыі навучання грамаце, а потым аддзела навучання літаратуры Інстытута педагогікі Міністэрства асветы БССР. У 1981-1983 гг. - загадчык рэдакцыі выдавецтва «Юнацтва», у 1986-1990 гг. - загадчык аддзела крытыкі часопіса «Полымя». Сябра СП СССР з 1960 г.

Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны і іншымі медалямі.

У 1950 г. у наваградскай газеце апублікаваў першы верш. З літаратурна-крытычнымі артыкуламі выступае з 1953 г. У 1967 г. выйшла кніга літаратурна-крытычных артыкулаў «Права на верш».

Аўтар «Буквара» (1969, 23 выданні), «Пропісаў да «Буквара» (1969, 4 выданні), «Пропісаў для 1 класа» (1973, 18 выданняў), дапаможніка для 1 класа «Верасок» (1978, 3 выданні), «Чабарок» (1989, чытанка для 4 класа школ з расейскай моваю навучання). Напісаў кніжкі для дзяцей «У лясах Белавежы» (1975), «Самая лепшая хатка» (1976), «Вярэнька загадак» (1982), «Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга» (1983), «Шыльдбюргеры. Па-нямецку пачуў, па-беларуску збаяў А.Клышка» (казкі, 1983), «Святло праз стагоддзі» (пра Ф.Скарыну, выдадзена на ангельскай, нямецкай, французскай мовах, 1990).

Пераклаў на беларускую мову Новы Запавет (асобныя раздзелы апублікаваны ў часопісе «Спадчына», 1989-1990).

Прэсавая служба СБП