Анатолю Валахановічу — 75!

Анатоль Валахановіч

Паважаны Анатоль Іосіфавіч! Шчыра віншуем Вас з юбілеем і жадаем моцнага здароўя, дабрабыту, плёну ў творчай дзейнасці, удачы і дабрыні Вам і Вашым блізкім!

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

Анатоль Іосіфавіч Валахановіч нарадзіўся 17 красавіка 1939 года ў Мінску. З сям’і служачага. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў (2006), Саюза беларускіх журналістаў (1975). Ганаровы сябар Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі (2009). 

Узнагароджаны знакам «Отличник печати СССР», медалём «Ветеран труда», медалём імя Яна Масарыка Міністэрства замежных спраў Чэшскай Рэспублікі і іншымі медалямі, ганаровымі граматамі Міністэрстваў і камітэтаў.

Артыкулы ў маладзёжных рэспубліканскіх газетах публікаваў з 1959 г., калі вучыўся ў Мінскім педагагічным інстытуце імя А. М. Горкага. 

Аўтар звыш 950 навуковых і навукова-папулярных артыкулаў у энцыклапедычных выданнях, навуковых зборніках, матэрыялах навуковых канферэнцый, часопісах, газетах, кнігах. Сярод іх артыкулы пра Янку Купалу, Якуба Коласа, Станіслава Шушкевіча, Міколу Ермаловіча, Мікалая Улашчыка, Каруся Каганца, Генадзя Каханоўскага, Уладзіміра Крыловіча, Браніслава Тарашкевіча, Францішка Аляхновіча, Уладзіміра Сільвестравіча Міцкевіча, дзекабрыста і сябра Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна Міхаіла Іванавіча Пушчына, Максіма Горкага, Уладзіміра Маякоўскага, Максіма Максімавіча Літвінава, Гая Гай, Данілу Набароўскага, Рудольфа Геса, графаў фон Гутэн-Чапскіх, дваран братоў Дыбоўскіх, паноў Багдашэўскіх, Пашкевічаў, Адольфа Янушкевіча; артыкулаў у кнігах «Памяць» Дзяржынскага, Старадарожскага, Чашніцкага, Клічаўскага, Бабруйскага, Баранавіцкага, Кобрынскага, Слаўгарадскага, Глускага раёнаў, горада Мінска і іншых.

Аўтар шматлікіх артыкулаў па гісторыі населеных пунктаў Беларусі. Піша навелы, аповесці, апавяданні, эсэ, дакументальныя нарысы, казкі, апрацоўвае і выдае легенды і паданні.

Распрацаваў экспазіцыі музеяў: музея гісторыі Дзяржынскага вопытнага механічнага завода, музея гісторыі Койданаўскай (Дзяржынскай) МТС у Дзяржынскай райсельгастэхніцы, музея гісторыі і працоўнай славы чыгуначнай станцыі Негарэлае, гісторыка-краязнаўчага музея Бараўской СШ, музея Ф.Э. Дзяржынскага ў Дзяржынскай СШ №1, гісторыка-краязнаўчага музея Станькаўскай СШ, гісторыка-краязнаўчага музея Дзямідавіцкай СШ. Некаторым музеям выдзеліў з сваёй калекцыі папяровыя грошы і манеты розных эпох і краін Заходняй Еўропы.

Прэсавая служба СБП